Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрцава. Вяртаньне праз год


Усяго праз год у вандроўку ў Юрцава, вёску на Аршаншчыне паабапал галоўнага аўтабана краіны — М-1, які зьвязвае Маскву з Брэстам, — мяне паклікалі дзьве акалічнасьці.

Мінулай вясною, бадай, на вачах у праежджых аўто згарэў двухпавярховы жылы дом, які ўлады далі слова тэрмінова аднавіць — яшчэ тады паабяцаў жыхарам прыехаць спраўдзіць трываласьць словаў мясцовых «вэртыкальшчыкаў». А акурат напярэдадні леташняга 9 траўня часопіс Мінабароны «Армия» выбухнуў сэнсацыяй — маўляў, у 1943-м у раёне Юрцава будаваўся бункер Гітлера пад кодавай назвай «Вольга». Адкуль фюрэр, нібыта, меўся кіраваць апэрацыяй на Курскай дузе. Прыводзіліся нават лічбы — было ўжо заліта 400 кубамэтраў бэтону ды абсталявана 3599 квадратных мэтраў тэрыторыі комплексу. Адразу па прыезьдзе спытаўся тады ў міліцыянта Сяргея.

Карэспандэнт: «Ня чулі пра бункер Гітлера?»

Сяргей: «Магу паказаць кожнае дрэва, кожны куст у лесе за 5 км. Колькі жыву, нічога такога няма…»

Падобных адказаў я атрымаў які дзясятак, аж пакуль не спаткаўся з 67-гадовым барадачом, былым качагарам Аляксандрам Кірэнем. У ягоных вачах у адказ на дзіўнаватае для іншых пытаньне мільганула разуменьне.

Фота 2011 году.
Фота 2011 году.
Кірэня: «Гітлер прыяжджаў, бункер ёсьць у Радаўскім лесе. Армія танкавая Гудэрыяна там стаяла. І там толькі гудэрыянаўскія бункеры ёсьць — гэта паводле расповедаў жыхароў…»

Дагэтуль не зразумеў мэты неправеранай мінабаронаўскай «качкі», хоць мне і паказалі, дзе месьціўся гудэрыянаўскі дзот. Гісторыя ж зацікавіла мясцовага краязнаўцу і палітыка Мікалая Петрушэнку, які шмат часу дасьледаваў яе, працуючы з дакумэнтамі ў Аршанскім архіве. Мікалай Сямёнавіч расказаў мне пра свае апошнія адкрыцьці.

Мікалай Петрушэнка
Мікалай Петрушэнка
Петрушэнка: «У архіве знаходзіцца справа зь перапіскай 30-х гадоў Талачынскага райвыканкаму зь зямельным аддзелам Савету народных камісараў БССР па пытаньні выдзяленьня зямельных участкаў 5-му ўпраўленьню Вяземскіх лягераў НКУС…»

Карэспандэнт: «Так запачаткоўвалася М-1 — тады ад Масквы да Менску?»

Петрушэнка: «Так, і рабілі яе як дарогу стратэгічную — побач з брукаванай шашой дарога для танкаў і трактароў. Рабілі як зэкі, так і звычайныя рабочыя — лягераў жа многа было…»

Карэспандэнт: «Пабудавана яна была перад самай вайной…»

Петрушэнка: «Не прайшло і двух тыдняў — узялі Менск, і па ёй пайшлі танкі Гудэрыяна. Што да бункера Гітлера, нічога ў архіве так і няма…»

Фота 2011 году.
Фота 2011 году.
У Юрцаве гэтым разам я адшукаў побач з шашой магілу першага «энкавэдэшнага» начальніка тагачаснага ДЭУ-803 Андрэя Нечытайлы з двухсэнсоўным надпісам: «Земля Беларуси тебя не забудет». Побач зь лясамі, дзе грымела вайна — заліты вадой кар’ер. Тут я сустрэў маладжавую санітарку Вольгу з тутэйшага абласнога шпіталя для інвалідаў Другой усясьветнай і Аўгану.

Вольга: «На кар’еры вельмі прыгожа — там шчупак бярэ. І лебедзі — як яны ўходжваюцца адно за адным, крылы прыгожа распускаюць — вясна ж, шчэпка на шчэпку, пянёк на пянёк!» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А заробак колькі ў шпіталі і колькі пацыентаў?»

Вольга: «Сярэдні — мільён трыста. І трыста пацыентаў, як і было…»

Фота 2011 году.
Фота 2011 году.
Стары будынак шпіталя гістарычны — пабудаваны мясцовымі жыхарамі, якія ў вайне 1812 году дапамагалі французам, на знак замірэньня з расейцамі. Ён кінуты і не рэстаўруецца — чырвоная цэгла пайшла трэшчынамі, няўстойлівы дах ды перакошаны падмурак давяршаюць панараму. Як і ў мінулым годзе, перад уваходам біў з-пад зямлі «незацыраваны» вадаправодны ручай. Знаёмлюся яшчэ з адной Вольгай — яе хата найбліжэйшая да сьцёкаў. Гаспадыня ж працуе ў мясцовым ЖКГ. Сабака радасна заліваецца брэхам — засумаваў, бо гасьцям на двор праз лужыны прабрацца няма як.

Карэспандэнт: «Што ж вы пад хатай у сябе ручай не ліквідуеце?»

Вольга: «Мухтарчык, ціха! Гэта ад ДЭУ-7 — дарожна-эксплюатацыйнага ўпраўленьня ўсё. Выкопвалі неяк, кольцы вымалі, потым закапалі — як было, так і ёсьць…»

На другім баку шашы — фэрма ад Высоцкага дзяржаўнага ліцэю. У мінулым годзе тут было 26 дойных кароў, якіх абслугоўвала даярка Любоў Шыбека. Адчувала сябе няпэўна, няяснай была і будучыня.

Шыбека: «Ад надою малака 400–500 тысяч — ані сьвятаў, ані выхадных. Ад 5-й раніцы ўстаўшы, а 10-й вечара дадому — дойка тры разы на дзень…»

Карэспандэнт: «Разьліковы лісток вам даюць?»

Шыбека: «Не…»

У гэты прыезд я сустрэўся з упраўляючым, спадаром Віктарам Казакевічам. Гэта каржакаваты мужчына з абветраным, чырвоным тварам.

Казакевіч: «Зараз засталося 35 галоў жывёлы ў нас — 19 кароў і 7 цёлак…»

Карэспандэнт: «Заробкі былі 400–500 тысяч у месяц…»

Казакевіч: «Цяпер мільён сямсот-шэсьцьсот у даяркі…»

Карэспандэнт: «Чаму ўсё-ткі пагалоўе скарацілася?»

Казакевіч: «Абваліўся стары будынак для жывёлы — куды яе паставіць? Па-другое, няма каму працаваць — нагрузка трэба каб грашовая была на чалавека…»

Віктар Уладзіміравіч, заатэхнік па спэцыяльнасьці, у 90-я быў начальнікам жывёлагадоўчага комплексу. Кажа, што «пацярпеў за праўду».

Казакевіч: «Выступіў, сказаў, каму гэты комплекс нада, каму не. І адразу наезды на мяне, прыйшлося сысьці. Сам матляюся па Лёзьненскім раёне, а яны сядзяць, дзеляць, каму лядоўню ўхапіць, хто машыну, хто штаны. А нагавіцы дзецям нельга было купіць — няма ў крамах нідзе. І потым праўду гэту сказаў — ты дэмакрат, бэнээфавец! А зараз пайдзі скажы праўду — цябе нойдуць і міліцыя, і пракуратура. А сельскай гаспадарцы труба ідзе. Няма людзей — хаты ўсе стаяць разбураныя. П’яніцы — ты яго не прымусіш працаваць, скалыміў, і ўсё. Я ў сельскім хазяйстве з 77 года. То пакаленьне былі гаспадары. Маладыя ня хочуць працаваць, і няма за што — заедзьце ў Пішчалаўскую гаспадарку, там ён палучае 600 тысяч. І за што яму жыць?!»

* * *
Фота 2011 году.
Фота 2011 году.
Даходжу да двухпавярховага будынка на вуліцы Магістральнай, 12, дзе ў мінулым годзе разыгралася памянёная на пачатку майго расповеду вогненная драма — полымя тады выбухнула на першым паверсе. На другім у той час знаходзіліся бабулькі-суседкі, спадарыні Раіса Відус ды Ніна Голіс, якія мне расказвалі:

Спадарыні: «Гаспадар выпіваў, адзін застаўся дома. Па п’янцы нешта запалілася. Забегла да суседкі — „пажар!“, а выскачыць у сваю кватэру ўжо не магла — чорны дым і дзьвярэй не маглі як адчыніць. Мы ўжо леглі на падлозе, нічога ня бачылі. Пажарныя паставілі лесьвіцу спускацца, а ў мяне нага баліць… А я кажу — не палезу, жыва буду… Кажуць — адчыняйце вокны і стойце ля вакна, не выходзьце на пляцоўку, пакуль ня скажам. Нам паведамлялі, што вынесьлі два трупы…»

Звонку дом было не пазнаць — сьвежапафарбаваны ў жоўты колер, як мне пазьней сказалі, «для М-1». Затое ўнутры…

Маслаў: «Зьменаў ніякіх. Во ўратаваны намі Іван Хаменка…»

Першы, каго сустрэў, быў спадар Уладзімір Маслаў. У яго ці не адзінага больш-менш захавалася кватэра — вецер дзьмуў у супрацьлеглы бок. Памянёны Хаменка, пэнсіянэр, большасьць часу бавіць у яго — у неадрамантаванай кватэры і праз год чуваць пах гару.

Карэспандэнт: «Спадар Іван, як была столь сажай запэцканая, так і засталася…»

Хаменка: «Абяцаюць, што ў гэтым годзе пабеляць. Мне трэба лічыльнік паставіць і сьвятло правесьці. З вадой — калёнка, прыбіральні на вуліцы і былі».

Карэспандэнт: «Вы скардзіліся, што плаціце за тэхабслугоўваньне, хоць і жывяце без дабротаў…»

Спадарства: «Так яно і ёсьць… Засталося…»

Узгадваю яшчэ кавалак мінулагодняй размовы.

Карэспандэнт: «Дырэктар райжылфонду Жалязноў казаў, што „выкананьне рамонтных працаў у пад’езьдзе павінна рабіцца за кошт вінаватых асоб“, інакш кажучы — ЖКХ самаўхілілася…»

Спадарыні: «Мы пісалі, каб зрабілі рамонт, бо чорна ў калідоры. Во ета адказы — яны пішуць, што „падавайце ў суд“ на іх. Дзе ж мы, старыя, пойдзем па судах?! А другі раз прыехала жанчына, сказала — „бярыце яго за грудзі, можаце даць у морду“. А ЖКХ сказалі — 850 тысяч заплаціць, тады яны будуць рамантаваць…»

Ізноў слова спадару Хаменку — пра дзень сёньняшні.

Хаменка: «Пасьля „Дажынак“ тут праз 10 год дадуць бляшанку фарбы, і ўсё. А на астатняе — „зьбірайце грошы і самі рабіце“ — так ён днямі сказаў!»

Карэспандэнт: «Як улада не варушылася, так і не варушыцца?»

Спадарства: «Так і ёсьць… ЖКГ створана, каб зьбіраць толькі зь людзей грошы…»

На двары мяне ўжо чакалі пажылыя кабеты — насупраць яшчэ адна двухпавярхоўка. Самая мажная і сьмелая, спадарыня Ніна Сіўцова, пачала:

Сіўцова: «Нічога яны не зрабілі толкам — вада стала зацякаць у пад’езд. Зэкаў прывезьлі — яны фундамэнт паразбурылі. А ўверсе чалавеку прыйшлося шукаць за свае грошы фарбы і падстройвацца пад гэты колер, бо ў ЖКГ яе не хапіла. А гэтым во наогул нічога не зрабілі. Са сьмецьцем вечная праблема — не вывозіцца своечасова. На гаражы навазілі гравій — лужыны парабіліся. А вунь ідзіце сюды — „боўтаецца“ зямля, праваліцца можна. Адамаўна, ідзі сюды — гэты дом праваліцца ў тую яміну! Зьвярталіся невядома колькі, каб прыехалі, паглядзелі, якая там труба — мо працякае…»

Тут, як кажуць, адбыўся «нечаканы паварот сюжэту». Памянёная Адамаўна, у якой у літаральным сэнсе хістаецца зямля пад нагамі, адмовілася гаварыць «на мікрафон».

Адамаўна: «Я нікому нічога не заяўляла! Я нічога ня буду гаварыць!»

Сіўцова: «Ну дык і жывіце так — хай ваш вугал правальваецца. Фундамэнт абваліўся — крычыць больш за ўсіх тутай за тую дрыгву. Чаго, каго баяцца?!»

Спадарыня: «А хто вас прыслаў?»

Карэспандэнт: «Сам прыехаў!»

Я ізноў на аўтабане М-1. Гледзячы на паток фураў, аўтобусаў, аўто, узгадаў мінулагодняе адчуваньне, што ў Юрцаве мёртвы сэзон, жыцьцё, цалкам адарванае ад хуткасьцяў ды рытмаў сучаснасьці. І зразумеў, што ўсё паўтарылася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG