Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях — 2012

абноўлена

Чарнобыльскі шлях 2012
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:04 0:00
Наўпроставы лінк

Чарнобыльскі шлях 2012

У Менску адбылася жалобная акцыя «Чарнобыльскі шлях», прысьвечаная 26-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Жалобная імпрэза адбылася зь перашкодамі з боку ўладаў і затрыманьнямі актывістаў.

22:00 Берасьце. Аляксандра Ахмача і Марата Несьцярэнку адпусьцілі з пастарунку.

Берасьцейскіх актывістаў кампаніі «Гавары праўду» Марата Несьцярэнку і Аляксандра Ахмача адпусьцілі праз тры гадзіны пасьля затрыманьня.

Пратаколаў затрыманьня на іх не складалі. Міліцыянты паведамілі толькі, што накіруюць на экспэртызу ўлёткі, якія знайшлі ў актывістаў.

Хлопцы былі затрыманыя падчас расклейваньня ўлётак з надпісам «Ад Астраўца да Чарнобыля — адзін крок». Міліцыянты даставілі Ахмача і Несьцярэнку ў РАУС, адкуль адпусьцілі, узяўшы тлумачэньні.

Як расказалі актывісты пасьля вызваленьня, міліцыянты патлумачылі ім, што затрымалі маладзёнаў пасьля тэлефанаваньня невядомага ў РАУС.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:13 0:00
Наўпроставы лінк


21:45 Міколу Дземідзенку разам з паплечнікамі затрымалі на станцыі мэтро «Маскоўская». Гэта паведаміў Радыё Свабода сам Дземідзенка. Сувязь абарвалася.

21:20 За Міколам Дземідзенкам і яшчэ дзясяткам моладзевых актывістаў пайшлі асобы ў цывільным, праводзілі іх да мэтро, селі таксама ў вагон.

21:00 Маладафронтаўца Рамана Васільева затрымалі, калі ён ішоў з акцыі.

20:50 Удзельнікі Чарнобыльскага шляху падтрымалі рэзалюцыю. Мітынг скончыўся. Людзі паціху разыходзяцца.

Падчас шэсьця міліцыянты затрымалі 8 прадстаўнікоў моладзевага крыла «Яблыка», запіхнулі ў мікрааўтобус з таніраваным шклом. Затрыманыя знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС.

На мітынгу плянаваўся выступ Аляксандра Казуліна, але ён не прыйшоў.

20:45 Апошняя выступоўца на мітынгу — спадарыня Ермалінская з Салігорску. Мітынг завяршаецца. Спадарыня Ермалінская заклікала падтрымаць палітвязьняў і выказала падзяку журналістам за асьвятленьне акцыі.

20:43 Мікалай Уласевіч з Астраўца распавёў пра ператрусы, якія правялі міліцыя ў актывістаў мясцовага антыядзернага руху. Ён таксама адзначыў, што нельга дапусьціць будаўніцтва новай АЭС.
Запісы відэатрансьляцыі з «Чарнобыльскага шляху» глядзіце на Bambuser.

20:37 Выступае прафэсар Георгій Лепін, які кажа, што другога Чарнобыля Беларусь не перажыве. Спадар Лепін выказаў упэўненасьць, што Астравецкую АЭС не пабудуюць

20:35 Выступае адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка. Маладафронтаўцы запускаюць ліхтарыкі.

20:30 Выступае лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён падзякаваў усім, хто прыйшоў на Чарнобыльскі шлях. Расказвае пра небясьпеку Астравецкай АЭС, якая будуецца расейцамі.

20:25 Выступае Тацяна Новікава. Кажа, што з 2006 году беларускія ўлады фактычна не даюць праўдзівую інфармацыю пра наступствы Чарнобылю. Падкрэсьлівае, што ўвесь сьвет адмаўляецца ад атамнай энэргетыкі, таму беларускі народ павінен процістаяць будаўніцтву Астравецкай АЭС.

20:20 Пачынаецца мітынг. Юры Хадыка тлумачыць, што забаранілі гукаўзмацняльную апаратуру. Удзельнікам мітынгу раздаюць праект рэзалюцыі пад назовам «Спынім ядзерны генацыд беларускаага народу». Маладафронтаўцы рыхтуюцца запусьціць ліхтарыкі. Юры Хадыка ўзгадвае людзей, якія актыўна ўдзельнічалі ў Чарнобыльскім руху — прафэсара Васіля Несьцярэнку, Івана Нікітчанку ды многіх іншых. Іх памяць ушаноўваюць хвілінай маўчаньня.

20:10 Людзі праходзяць цераз КПП. Адзін з заяўнікаў акцыі Юры Хадыка апавёў, што і тая гукаўзмацняльная апаратура, якую арандавала прадстаўніца грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Тацяна Новікава ў прыватнага прадпрымальніка, затрымана. Міліцыянты павезьлі яе ў Савецкае РУУС для праверкі.

19:50 Пляцоўка для мітынгу ў парку Дружбы народаў агароджаная, працуюць чатыры КПП. Людзі неахвотна ідуць за агароджу. Ахова правярае ня толькі рэчы, але і транспаранты. Адзін з транспарантаў партыі БХД не прайшоў міліцэйскую цэнзуру, міліцыянты яго выкінулі ў сьметнік.

19:45 Дэманстранты дайшлі да парку Дружбы народаў. Арганізатары акцыі паведамілі Радыё Свабода, што ім не ўдалося знайсьці машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай, і прамоўцы вымушаныя будуць карыстацца мэгафонамі.

19:35 Калёна набліжаецца да плошчы Бангалор. Людзей у калёне істотна паменела.

19:30 Да плочы Бангалор па вуліцы Багдановіча падцягваюцца аўтазакі спэцназу міліцыі. Таксама сюды перабазаваліся зь дзясятак мікрааўтобусаў з танаванымі шыбамі і без нумарных знакаў.

19:15 Дзяўчына на гаўбцы дому № 36 па вуліцы Сурганава вітае калёну бел-чырвона-белым сьцягам.

19:14 Адзін з актывістаў ЛГБТ-руху Сяргей Андросенка паскардзіўся карэспандэнту Радыё Свабода, што невядомыя маладыя людзі зламалі два вясёлкавыя сьцягі і папрасілі прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў перайсьці з цэнтру ў хвост калёны.

19:10 Галава калёны падыходзіць да ўнівэрсаму «Рыга», хвост яшчэ пераходзіць скрыжаваньне Якуба Коласа і Сурганава.

19:00 У калёне — расьцяжка «Свабоду Бяляцкаму».

18:55 Зьявіліся некалькі сьцягоў руху сэксуальных меншасьцяў ЛГБТ.

18:50 У калёне — інваліды ў вазках, жанчыны зь дзецьмі з плякатамі «Аднаго Чарнобыля хопіць». Распаўсюджваецца інфармацыя пра будаўніцтва Астравецкай АЭС, пра байкот парлямэнцкіх выбараў.

18:40 Калёна павярнула на вуліцу Сурганава і ідзе па вузкім ходніку. Міліцыя забараняе выходзіць на праезную частку. У некаторых месцах ідуць рамонтныя працы. Калёна расьцягнулася мэтраў на 500.

18:35 Калёна скандуе «Свабоду Дашкевічу», «Свабоду Бяляцкаму», «Свабоду Аўтуховічу». Але ў транспарантах і лёзунгах пераважна чарнобыльская тэматыка. У калёне каля 3 тысяч чалавек.

18:30 Калёна рушыла.

18:25 Зьявіліся ікона Маці Божай ахвяраў Чарнобыля і Чарнобыльскі звон. Моладзь скандуе «Жыве Беларусь!». Зьявіўся вялізны бел-чырвона-белы сьцяг даўжынёй прыкладна 6 мэтраў.

Інтэрвію ў Юр’я Хадыкі.
Інтэрвію ў Юр’я Хадыкі.
Віктар Івашкевіч і Дзьмітры Бандарэнка.
Віктар Івашкевіч і Дзьмітры Бандарэнка.

Алена Ліхавід
Алена Ліхавід

18:20 На падыходзе да пляцоўкі збору кіраўнік аргкамітэту па стварэньні Беларускай партыі свабоды Сяргей Высоцкі разам з калегамі абвясьціў пра стварэньне руху «Новая Беларусь супраць Астравецкай АЭС». Ініцыятары апранулі жоўтыя поліэтыленавыя накідкі. Міліцыя паспрабавала спыніць выступ Сяргея і затрымаць яго, але людзі адбілі Высоцкага, і цяпер ён зьбірае подпісы супраць АЭС у Астраўцы.

18:10 Цягнікі на станцыі мэтро «Акадэмія навук» не спыняюцца. Пасажырам пра гэта загадзя не паведамляюць.

18:00 Зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі з чорнымі стужкамі, сьцягі «Маладой Беларусі», «Эўрапейскай Беларусі» «Гавары праўду». Адзін з заяўнікаў акцыі прафэсар Юры Хадыка паведаміў, што ўсё адбываецца паводле пляну. Але ня будзе гукаўзмацняльнай апаратуры. Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтар адмовіўся ўзычыць машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай. Калі аргкамітэт зьвярнуўся ў прыватную фірму, тая запатрабавала 20 мільёнаў, якіх у арганізатараў няма.

На пляцоўку збору прыйшлі маладафронтаўцы з чорнымі павязкамі на галовах і рэсьпіратарамі.

17:50 Спэцназ правярае, што напісана на транспарантах і плякатах. На месцы збору знаходзіцца некалькі соцень чалавек.

17:40 Пляцоўка месца збору агароджаная турнікетамі, стацыянарных рамак-мэталяшукальнікаў няма, міліцыянты правяраюць тых, хто ўваходзіць, ручнымі мэталяшукальнікамі. Усярэдзіну ўжо прайшло некалькі дзясяткаў чалавек. Бальшыня людзей, якія падыходзяць, стаяць абапал, за агароджу не праходзяць.

На вуліцы Акадэмічнай прыпаркавана пяць мікрааўтобусаў без нумароў, міліцэйская машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, машыны хуткай дапамогі і ДАІ.



17:20 Ігара Сімбірова асудзілі на 10 сутак

26 красавіка Кастрычніцкі суд Менску разглядаў справу актывіста кампаніі «Гавары праўду» Ігара Сімбірова, які прыехаў з Асіповічаў на Чарнобыльскі шлях. На чыгуначным вакзале сталіцы хлопца затрымалі, абвінавацілі ў дробным хуліганстве і адвезьлі ў суд. Сімбіроў запатрабаваў свайго адваката, але яму прадаставілі дзяжурнага адваката. У выніку Ігар Сімбіроў атрымаў 10 сутак арышту за тое, што быццам бы на пэроне чыгуначнага вакзалу нецэнзурна лаяўся.

17:00 Каля будынку прэзыдыюму Акадэміі навук пачалі агароджваць пляцоўку.

16:45 На месцы збору, у раёне пляцоўкі ля прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук знаходзяцца два-тры дзясяткі людзей у цывільным. На паркоўцы побач з Акадэміяй навук — з паўдзясятка машын з танаваным шклом, без нумарных знакаў, машына сапёрна-піратэхнічнай службы, а таксама машына з гукаўзмацняльнай тэхнікай. За агароджай на тэрыторыі Акадэміі навук зваленыя турнікеты, якімі звычайна агароджваюць месцы масавых акцыяў.

16:00 Сімбірова вязуць у Дом правасудзьзя.

15:46 26 красавіка віцебскі апазыцыянэр нагадвае мінакам пра ўгодкі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Спадар Хамайда распаўсюджвае незалежную прэсу каля так званага «сіняга дому» — дому № 28 па вуліцы Леніна — прычапіўшы чорную стужку са словам «Чарнобыль» да свайго бел-чырвона-белага парасону. Галаву ён таксама павязаў чорнай стужкай.

«Збольшага людзі памятаюць, што сёньня трагічная дата. Але мясцовыя ўлады лічаць за лепшае не акцэнтаваць на гэтым увагу — тры інфармацыйныя пікеты, якія плянаваліся ў Віцебску, былі забароненыя раённымі адміністрацыямі», — кажа Барыс Хамайда.
Барыс Хамайда
Барыс Хамайда

15:45 У Менску затрыманы Ігар Сімбіроў

Пры затрыманьні супрацоўнікі міліцыі ўжылі сілу.

Сімбіроў прыехаў на «Чарнобыльскі шлях».

Яго вязуць у міліцыю Кастрычніцкага раёну Менску. Кіруе затрыманьнем маёр Расолька. Сімбірова вінавацяць у тым, што ён мацюкаўся.

15:40 Берасьце: затрыманыя Марат Несьцярэнка і Аляксандар Ахмач

Берасьцейскія актывісты кампаніі «Гавары праўду» Марат Несьцярэнка і Аляксандар Ахмач затрыманыя падчас расклейкі ўлётак на ўгодкі аварыі на ЧАЭС.

Актывісты расклейвалі на вуліцах Берасьця ўлёткі з надпісам «Ад Астраўца да Чарнобылю — адзін крок».

Падчас гэтага актывістаў затрымалі міліцыянты і павезьлі ў РАУС. Марат Несьцярэнка пасьпеў паведаміць, што на іх плянуюць складаць пратаколы за несанкцыянаваную акцыю. У заплечніку ў яго знайшлі некалькі ўлётак. Надалей ён слухаўку ня здымае.



15:30 Берасьце: Замест «Чарнобыльскага шляху» — выклік на працу

Івацэвіцкага дэмакратычнага актывіста, ліквідатара наступстваў аварыі на ЧАЭС Станіслава Халадовіча 26 красавіка выклікалі на працу ў пазачарговую зьмену.

Спадару Халадовічу патэлефанаваў непасрэдны начальнік і загадаў прыйсьці ў дзённую зьмену. Халадовіч кажа, што перакананы, што гэта зроблена для таго, каб ён не паехаў на «Чарнобыльскі шлях» у Менск.

Халадовіч тлумачыць, што пасьля падзеяў Плошчы-2010 гэта ўжо ня першы раз, калі начальства выклікае яго на працу ў дзень значных падзеяў: «Як Лукашэнка прыязджаў у Івацэвіцкі раён, то мяне таксама выклікалі, каб часам не пайшоў якія нязручныя пытаньні задаваць. Толькі вось на Дзень Волі ў мяне і так працоўны дзень быў. А зараз выклікалі во па ўказцы дырэктара. Атрымліваецца, што ўлады адной рукой даюць, а другой — забіраюць. Шэсьце ж санкцыянаванае, але яны перастрахоўваюцца, каб туды людзей ня пусьціць.»

Спадар Халадовіч кажа, што ён якраз зьбіраўся ехаць на шэсьце, ён сам ліквідатар, таму лічыць гэтую падзею важнай. Аднак паездку ў Менск давялося адмяніць.



14:56 У Слоніме двойчы забаранілі праводзіць чарнобыльскі пікет

14:51 Лябедзька: «На рэфэрэндуме пра будаўніцтва АЭС большасьць выказалася б супраць»

13:32 Лукашэнка: Беларусь сама будзе вызначаць, дзе будаваць АЭС

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка адрынае прэтэнзіі Літвы наконт будаўніцтва беларускай АЭС, заяўляючы пра сувэрэннае права Беларусі вызначаць месца яе разьмяшчэньня.

«Палітыка вызначана, я выразна прытрымліваюся гэтай палітыкі. Мы тут гаспадары, на гэтай зямлі. І мы будзем вызначаць, дзе будаваць і што будаваць», – заявіў кіраўнік дзяржавы журналістам у чацьвер у часе паездкі ў Магілёўскую вобласьць, перадае Інтэрфакс.


12:40 Ці баіцеся вы Астравецкай АЭС? (Відэа)

11:36
У Гарадку забаранілі чарнобыльскі пікет

11:25 Актывістаў АГП затрымліваюць па дарозе на Астравец

10:16 Яблакаў: У Беларусі заглушаюць чарнобыльскую інфармацыю


9:00 У кватэру да Міколы Дземідзенкі ломіцца міліцыя. Актывіст «Маладога фронту» Мікола Дземідзенка — адзін з заяўнікаў «Чарнобыльскага шляху».

Дземідзенка распавёў, што першы раз супрацоўнікі міліцыі прыйшлі а 7-й гадзіне раніцы. А потым а 9-й гадзін і больш нахабна пачалі ламіцца ў кватэру. Аднак ён не адчыніў дзьверы. Цяпер некалькі супрацоўнікаў міліцыі стаяць перад пад'ездам, зь некім стэлефаноўваюцца.

«Гэта, безумоўна, зьвязана з правядзеньнем Чарнобыльскага шляху і прэвентыўным затрыманьнем патэнцыйных найбольш актыўных удзельнікаў акцыі», — цытуе словы адказнага сакратара БХД Дзяніса Садоўскага прэсавая служба гэтай арганізацыі.



Шэсьце пачнецца а 18:30 ад пляцоўкі ля прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук. Калёна пройдзе па вуліцы Сурганава да парку Дружбы Народаў, дзе адбудзецца мітынг.

У аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» сёлета ўвайшлі прадстаўнікі:
  • Партыі БНФ
  • Руху «За свабоду»
  • Беларускага руху
  • БХД
  • АГП
  • Кампаніі «Гавары праўду»
  • «Маладога фронту»
  • Партыі левых «Справядлівы сьвет»
  • «Эўрапейскай Беларусі»
  • грамадзкага аб’яднаньня «Экадом».


Глядзець вялікую мапу


Акцыі розных гадоў


2011
2010
2009
2008
2007


Найбуйнейшая ў гісторыі катастрофа


26 красавіка 1986 году адбыўся выбух на 4-м энэргаблёку атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі, на памежнай зь Беларусьсю ўкраінскай тэрыторыі. 155 000 квадратных кілямэтраў дагэтуль застаюцца забруджанымі небясьпечнымі ізатопамі, якія будуць небясьпечнымі для людзей на працягу некалькіх стагодзьдзяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG