Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXХVIII. Усё ж: «пілі» ці «білі»?


Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Гэта было пасьля паседжаньня, на якім публіка прагледзела, магчыма, самае ўражальнае відэа з шэрагу допытаў і вочных ставак абвінавачаных — відэа першага допыту Дзьмітрыя Канавалава, зьнятае раніцай 13 красавіка. Тое, на якім стомлены, каб не сказаць — ледзь жывы Канавалаў прызнаецца, што гэта ён пранёс у мэтро і ўзарваў бомбу.

У камэнтары для Радыё Свабода праваабаронца Людміла Гразнова гэтак рэканструявала адказ Канавалава на пытаньне сьледчага, чаму яму цяжка гаварыць. „Таму што білі“, сказаў Канавалаў». Гэтак пачула Людміла Гразнова. Скажу пра сябе, што я пачуў — ня «білі», а «пілі». То бок, па-мойму, Дзьмітрый Канавалаў спасылаўся менавіта на тое, што шмат выпіў напярэдадні, таму гэтак дрэнна сябе цяпер адчувае.

Увогуле паводле сьледзтва вынікала і ўвесь час праз розныя сьведчаньні падкрэсьлівалася, што Канавалаў і Кавалёў выпілі шмат гарэлкі за той час, пакуль былі на арандаванай кватэры на вуліцы Караля. Пілі 10-га ўвечары зь дзяўчатамі (разам з Пачыцкай да іх прыйшла яшчэ і яе сяброўка, якая потым сышла). Потым пілі 11-га да тэракту. Праўда, і Кавалёў, і Пачыцкая казалі, што Канавалаў піў мала, ледзь прыгубляў, казаў, што яму трэба застацца цьвярозым. Затое як ён прыйшоў «пасьля 19-тай», пасьля выбуху ў мэтро, то сам сказаў — «Зараз будзем гуляць» (Пачыцкая), і п’янка працягнулася. Да вечара наступнага дня нібыта «гудзелі» добра. Сьведка згадала і незразумелыя сьпевы нецьвярозага Канавалава, і ягоны твар з другога боку вакна (чамусьці той вылез на балькон і хацеў ці скочыць уніз, ці проста яе напалохаць). А яшчэ згадала красамоўнае пытаньне Канавалава пра тое, што б яна рабіла, калі б гэта былі яе апошнія гадзіны? Карацей, п’янае трызьненьне з прасьветамі запалёнага розуму — гэтак выходзіць паводле матэрыялаў сьледзтва.

Але возьмем агалошаны ў судзе сьпіс рэчаў, знойдзеных на кватэры, дзе два дні і дзьве ночы правялі двое маладых мужчын і адна маладая жанчына (другую ў разьлік браць ня будзем, бо сышла 10 красавіка ўсяго праз пару гадзін). Які знайшлі посуд з-пад сьпіртнога? 3 бутэлькі з-пад віна. 2 бутэлькі з-пад гарэлкі, 3 бутэлькі з-пад піва. Усё.

Усё? Для беспрабуднага п’янства цягам двух дзён? Вядома, можна дапусьціць, што індывідуальная норма ўжываньня алькаголю ў гэтых маладых людзей значна меншая за звычайную ў Беларусі, але хіба настолькі? Прычым тое, што бутэлькі яны з кватэры не выносілі, — гэта адназначна. Сьведка і абвінавачаныя пра гэта маўчаць, ды ім і пытаньняў такіх не задавалі. Пры гэтым я цалкам далёкі ад думкі, што Канавалаў і Кавалёў — непітушчыя, а бутэлькі з-пад гарэлкі ў кватэры засталіся ад былых пастаяльцаў.

Як распавядалі віцебскія суседзі Канавалава і Кавалёва, у гэтых хлопцаў звычка пасядзець на лавачцы з «гарэлачкай і піўком» была даволі ўстойлівая. Маці Кавалёва прызнавала, што Дзьмітрый дрэнна ўплываў у гэтым сэнсе на яе Ўладзіслава. Такім чынам, яны ўсё ж маглі выпіць, але чаму былі настолькі нецьвярозыя, што праз два дні Канавалаў ледзь мог вымаўляць словы, калі выпітага пры звычайнай норме ім хапіла б толькі на дзень? І чаму Канавалаў стомлены і зьнясілены, як з сапраўднага перапою, а Кавалёў на допыце ў той жа дзень — як агурочак?

Каб рабіць больш пэўныя высновы, застаецца высьветліць, якой ёмістасьці былі бутэлькі з-пад гарэлкі. Правінцыйныя хлопцы — яны ж такія, могуць і літровыя бутэлькі гарэлкі закупіць, каб лішняга разу ў краму ня бегаць.

Ці быў 12-га выхад у краму?


Дарэчы, пра гэты лішні раз. Кавалёў у судзе настойваў, што ніхто зь іх увечары 12 красавіка не выходзіў. Ані ён, ані Канавалаў. А значыць, не маглі іх міліцыянты вылічыць у краме і прыйсьці па сьлядах на кватэру. Праўда, з паказаньняў таго ж Кавалёва вынікае, што ў момант уварваньня «Алмазу» ў кватэру ён спаў. Значыць, мог спаць і тады, калі Канавалаў сапраўды мог хадзіць у краму. Адзіны чалавек, які можа пра гэта пэўна засьведчыць, — Яна Пачыцкая. І яна засьведчыла, што Канавалаў увечары хадзіў у краму. Што напярэдадні яны разам сядзелі на кухні, ён быў добра выпіўшы, нешта сьпяваў, яна не магла разабраць словаў. «Пасьля гэтага пайшоў у краму».

Як правіла, у такім стане, у якім быў, згодна са словамі Пачыцкай, Канавалаў, у краму звычайна ўжо ня ходзяць, або ходзяць толькі самыя апошнія алькаголікі, да якіх Канавалава залічваць было б рана. У любым выпадку Канавалаў, паводле Пачыцкай, ужо выпіў досыць. Але нават калі дапусьціць, што яшчэ пайшоў па гарэлку, чаму суд не пажадаў гэта спраўдзіць, пераканацца, падмацаваць іншымі паказаньнямі, тым больш што сьведак знайсьці было нескладана? Таго ж міліцыянта, які вылічыў Канавалава ў краме, ягоных калегаў, якія ішлі па сьледзе «тэрарыста» да кватэры. Нарэшце, нават супрацоўнікаў «Алмазу», якія ўрываліся ў кватэру. Хай бы засьведчылі: Канавалаў быў апрануты, Кавалёў спаў на канапе. Гэты прыйшоў з вуліцы, той быў дома. Ці наадварот. Але — не, ніякіх сьведчаньняў, ніякіх паказаньняў. Ну, добра, «алмазаўцы» пад сакрэтам, як супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня, але чаму не апыталі тых звычайных міліцыянтаў, якія вылічылі Канавалава?

Тое, што нейкія звычайныя міліцыянты сапраўды датычныя да затрыманьня Канавалава і Кавалёва, вынікае з расповеду журналісткі Ірыны Халіп. Расказваючы на старонках сваёй кнігі «Дзёньнік зэчкі» пра перажытае ў канцы 2010-га і ў 2011-м гадах, жонка кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава згадала пра канваіраў, якія суправаджалі яе з хатняга арышту на судовы працэс. Вось кавалачак з разьдзелу «Канвой з чалавечым тварам».

«І, канешне, чаго не хавалі канвойныя, як і ўсе іншыя ў міліцэйскай вопратцы — гэта клясавай нянавісьці да КДБ.

— Вось скажыце, тыя гэбісты, якія вас ахоўваюць, сволачы? — пыталіся канваіры.

— Вядома, сволачы! — зь лёккасьцю адказвала я.

— Вось. І мы пра тое ж. Тыпу, блін, белыя каўняры, тыпу, блін, адукацыя ў іх нібыта ёсьць... Ага, як жа ж... А хто ім тэрарыста злавіў? Вядома ж, міліцыянт! Просты пэпээсьнік, між іншым. І дзе іх мазгі былі? У Карагандзе! Ой, а вы б бачылі, які яны нам фатаробат склалі пасьля выбуху ў Менску ў 2008 годзе. Гэта ж той самы тэрарыст быў, што і цяпер. А вы б той фатаробат бачылі — дзеда нейкага намалявалі. Ну не ідыёты?..»


Зразумела, што канваіры-міліцыянты ня вельмі любяць сваіх куратараў-чэкістаў, а апошнія, пэўна, плоцяць ім узаемнасьцю і могуць парасказваць шмат цікавых баек пра «подзьвігі» канваіраў. Але ж ніхто не цягнуў простага канваіра за язык, наўрад ці яго падгаворвалі хлусіць, і выгады ад той размовы з падсуднай для яго ніякай. І ў шчырасьць журналісткі варта верыць. Як кажуць, «за што купіла, за тое і прадала». Таму гэтую інфармацыю варта ўсё ж узяць да ведама.

Уладзімер Барадач, аднак, мяркуе, што гэта супрацоўнікі спэцслужбаў вывелі міліцыянтаў на кватэру «тэрарыстаў» і ніякага «звышпільнага наводчыка» не было. Калі прыняць гэтую вэрсію, то, сапраўды, лепш не выклікаць нібыта героя-міліцыянта ў суд — а раптам скажа нешта такое, што супярэчыць іншым паказаньням? Згадайма пра сьведку Грышмана, які блытаўся з днём, калі пальцы Канавалава праверылі па базе: на сьледзтве казаў пра адзін дзень, на судзе — пра другі. Вось так і тут — ад граху далей.

Але як тады быць з канваірам, які выбалбатаў службовы сакрэт Ірыне Халіп? Калі дапусьціць, што «інфарматар» усё ж казаў праўду, то застаецца адна лягічная выснова: зьвесткі пра ўдзел шараговых міліцыянтаў у затрыманьні меркаваных тэрарыстаў нявыгадныя КДБ ці нейкай іншай спэцслужбе. А вось ад гэтай кропкі цягнуцца дзьве вэрсіі: гэта можа быць як «змова», якую падазрае Ўладзімер Барадач, гэтак і традыцыйная для нашай краіны грызьня праваахоўных структур за першынства, узнагароды, ляўры пераможцаў, — тое, што забясьпечвае трывалы «доступ да цела». Мяркуючы па кадравай чыстцы, якая адбылася ў вярхах МУС у канцы 2011-га — пачатку 2012 году, гэтую бітву міліцыя з трэскам прайграла. Спачатку паводле абвінавачаньня ў службовых злоўжываньнях быў арыштаваны і зьмешчаны ў «амэрыканку» намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Полудзень, а празь некалькі месяцаў пасьля яго адпраўлены ў адстаўку яшчэ адзін намесьнік міністра Куляшова — Алег Пякарскі. Той самы, які пасьля суду над Канавалавым і Кавалёвым распавёў на ўсю краіну, як тэрарыстаў вылічылі простыя міліцыянты, а КДБ тут аказаўся ні пры чым. На той момант — так. Але ў выніку пасаду Пякарскага заняў якраз выхадзец з КДБ.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG