Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска ў маразы: не зьмерзьнеш, дык згарыш


Жыхары вёсак ратуюцца ад маразоў, даўжэй, чым звычайна, палячы ў печы. Ня ўсе старыя печы вытрымліваюць падвышаныя нагрузкі.

Як вынік — частыя пажары. У Беларусі ўжо сёлета здарылася больш як 800 пажараў, пераважна ў вёсках. У агні загінулі 128 чалавек.

Інспэктары МНС штрафуюць людзей за няспраўныя патрэсканыя печы і коміны. А камунальныя службы сельсаветаў ня маюць печнікоў, каб навесьці парадак. У выніку старыя людзі апынаюцца ў безвыходным становішчы.

Гарадзеншчына

На Гарадзеншчыне за першы месяц новага году на пажарах загінула больш за дваццаць чалавек.

Жыхарка Астравецкага раёну спадарыня Галіна паведаміла, што ў чацьвер раніцай на двары было трыццаць градусаў марозу. Па суседзтве ў вёсцы праведзены газ, а яна мусіць спадзявацца толькі на печ:

«Я жыву на хутары, на засьценку шляхецкім, а не ў самой вёсцы, таму я абаграваюся печкамі. Вось гэта праблема. Дрывамі, аказваецца, даражэй ацяпляцца, чымсьці газам. Па-першае, дровы вельмі дарагія цяпер, дастаць цяжка. Я ўжо, кажу, вайну цэлую пачала за дровы ў Астравецкім раёне. Але печку сапраўды не нагрэеш моцна, таму што калі яе перакаліць, цэгла пераграецца і здараюцца пажары».

Спадарыня Галіна кажа, што ў трыццаціградусны мароз трэба быць асьцярожнай — разагрэць печ дровамі цяжка. Яна часам падкідае некалькі брыкецін, але брыкет можа быць небясьпечны:
У калгасе пячнік свой быў, толькі ў мінулым годзе памёр.

«Сем-восем кубоў дроў трэба на зіму. А брыкет мае жар вельмі высокай тэмпэратуры, і ад яго вельмі хутка прагараюць печкі. А адрамантаваць печку цяпер ня так проста».

У Індурскім сельскім выканкаме Гарадзенскага раёну патлумачылі, што свайго печніка ня маюць:

Спадарыня: «Ну канечне, зь печнікамі праблема. Дзе такіх спэцыялістаў набярэсься? Яшчэ электраправодку дапамагае СВК рабіць, электрыкі ёсьць, а зь печамі — праблемы…»

Спадар: «У калгасе пячнік свой быў, толькі ў мінулым годзе памёр, аказваў дапамогу. Мы цяпер зьвязваемся з аддзелам сацыяльнай абароны, у іх там пячнік ёсьць. Яны самі аплочваюць. Калі чалавек у сілах сам аплаціць, мы даем заяўку, прыяжджае пячнік, заключае дамову і ажыцьцяўляе рамонт печы».

Гомельшчына

Моцныя маразы прымушаюць і гаспадарнікаў, і прыватнікаў больш паліць катлы, печы, грубы, надоўга ўключаць абагравальныя прыборы. І тыя не вытрымліваюць.

Два дні таму позна ўвечары ў сельгаспрадпрыемстве «Чырвоная Буда» Добрускага раёну на тэрыторыі мэханізаванага двара загарэўся будынак дыспэтчарскай. Агонь заўважыў вартаўнік. Пажарным апавяшчальнікам дыспэтчарская не была абсталявана. Згарэла каля 100 квадратных мэтраў даху, маёмасьць у чатырох кабінэтах.

Апошнюю праверку пажарная служба праводзіла ў Чырвонай Будзе ў 2010 годзе. Было выяўлена звыш 300 адхіленьняў ад правілаў супрацьпажарнай бясьпекі. Дырэктара сельгаспрадпрыемства й яшчэ восем службоўцаў аштрафавалі. Але праз паўтара года — новае надзвычайнае здарэньне. Папярэдне прычынай пажару назвалі парушэньне правілаў абсталяваньня ацяпляльнага катла на цьвёрдым паліве.

У сельгаспрадпрыемстве «Страдубка» Лоеўскага раёну таксама ў апошнія дні студзеня загарэўся склад, дзе захоўвалася 120 тон збожжа й 50 тон цыбулі. Сельгаспрадукцыю пажарныя ўратавалі, а аўтамабіль для апрацоўкі палёў хімікатамі й легкавік ВАЗ-2106 — згарэлі.

Прадстаўнік адміністрацыі СПК кажа, што кіраўнікоў й спэцыялістаў можна штрафаваць хоць сотню разоў. Але ад гэтага грошай на замену ацяпляльнага й электрычнага абсталяваньня не дадасца:

«Грошай няма катастрафічна. Вось зараз, дзякуй богу, паднатужыліся і адышлі ад крэдытаў на заробкі. Але яшчэ пакуль „хвост“ вісіць за электраэнэргію. Калі разьлічымся, можна будзе ўздыхнуць. На сёньня ж грошай няма. Усё дорага. Каб адрамантаваць трактар, кола купіць, трэба 10 мільёнаў за адну гуму, за адно кола. Паглядзіце, на колькі працэнтаў закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю падняліся і на колькі — на паліва й запчасткі. Несувымерна».
Часта паліш, а грубы ўжо старыя, дык яны й рэпаюцца.

Няпростая сытуацыя і ў вясковых жыхароў. За колькі кілямэтраў ад Страдубкі ёсьць пасёлак Пабядзіцель, дзе нядаўна ў сваёй хаце згарэў адзінокі 87-гадовы пэнсіянэр. Суседзі кажуць, што пажар здарыўся з прычыны няспраўнага пячнога ацяпленьня.

Але каб скласьці новую печку, толькі печніку трэба за працу аддаць мільён рублёў, ня кажучы ўжо пра матэрыялы й разборку старой грубы.

Вяскоўка ў гадах, спадарыня Надзея, апавядае: «У Лоеве, напрыклад, робяць грубы, дык бяруць мільён. У мароз два разы паліш такую печку. І страшна паліць, баісься. Патрэскалася ўжо груба. Часта паліш, а грубы ўжо старыя, дык яны й рэпаюцца. Улетку падладзяць, а з палавіны зімы яна зноў рэпаецца».

Меншчына

На Меншчыне лічацца дзейнымі 104 спэцыялізаваныя арганізацыі і групы па рамонце пячнога абсталяваньня і электраправодкі. Аднак, нават паводле афіцыйнай інфармацыі, за ўвесь мінулы год і сёлета яны выканалі толькі паўтара працэнта заявак ад насельніцтва.

Некалькі дзён таму ў вёсцы Вялікі Рожан Салігорскага раёну згарэў дом, а разам зь ім і гаспадар. Суседка Ніна Шырай кажа, што сапраўдная прычына пажару наўрад ці будзе вядомая:

«На пажар я не пасьпела, але да мяне заходзілі сын нябожчыка і яго пляменьнік. Мы доўга гаварылі. Яны ўсё і расказалі».

Карэспандэнт: «Расказалі, што ў пажары вінаватыя самі?»

Спадарыня Ніна: «Яны не былі вінаватыя. І таксама не вінаваты бацька, які згарэў у гэтым пажары. Як жыхар вёскі гаварыла і гавару: няхай бы хто зрабіў зараз такое, каб любы пэнсіянэр, інвалід, ці нават не інвалід, але не валодае побытавай практыкай, мог бы ў любы час зьвярнуцца, да прыкладу, пачысьціць пячныя трубы. Каб зьвярнуўся — і табе пайшлі насустрач. Мы ж за гэта заплацім, ды яшчэ ў газэту напішам…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG