Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Талачыне ўсе намі зьдзякаюцца, усе намі кідаюцца!»


У старажытным Талачыне, горадзе з трывалымі апазыцыйнымі традыцыямі, я бываў ня раз. Па шляху ўзгадваў мясцовыя гістарычныя цікавосткі, пра якія мне тут распавядалі. І пра 1812, калі Напалеон са сваёй 20-тысячнай гвардыяй, нібыта пешшу, захінуты ў доўгі плашч, увайшоў у горад. І пра тое, што тут у канцы 19 стагодзьдзя правёў дзяцінства Ірвінг Бэрлін, аўтар песьні «Божа, уратуй Амэрыку», якая лічыцца неафіцыйным гімнам ЗША.

Але сёньня тысячагадовая гісторыя ды моцная вяльможная рука Льва Сапегі, што трымае дзіду на гербе паселішча, цяжка стасуюцца з навакольнай рэчаіснасьцю. На аўтастанцыі ды прылеглым да яе міні-кірмашы, як і 4 гады таму, няма прыбіральні. На гэта наракаў мне 52-гадовы будаўнік Віктар:

«Паставілі экалягічную прыбіральню — там і ракавіна, і папера. Праз нейкі час паздымалі і пісуар, і ракавіну. Такія ў нас талачынскія людзі…»

Днямі ж міліцыянтам прымроіўся тэракт, у якім яны напачатку абвінавацілі галоўнага тут апазыцыянэра ды праваабаронцу, неўтаймоўнага Мікалая Петрушэнку.

Петрушэнка: «На чыгунцы ля Талачына ноччу перакрылі рух цягнікоў. Цень падазрэньня ўпала на палкоўніка Петрушэнку. А высьветлілася, што шпалу нёс наркаман, каб памяняць на гераін. Але не данёс — кінуў адну, другую, трэцюю. Ды так „удала“, што цягнікі ўсталі — таварны і „Львоў—Гродна“…»

Карэспандэнт: «У вас супрацьстаяньне з уладамі доўжыцца шмат год — якія апошнія навіны ў баях з намэнклятурай, ці зьмянілася што-небудзь?»

Петрушэнка: «Мы ў рамках кампаніі „Нашага Дома“ дабіліся таго, што раённыя сэсія прыняла рашэньне аб унясеньні зьменаў у рэглямэнт працы, што можам прыцягваць дэпутатаў да адказнасьці, калі сабралі 300 подпісаў. Многія беды насельніцтва ад таго, што няма мясцовага самакіраваньня. У Талачыне сустракаюць знаёмыя — ці чуў, што Лемяшава зноў ля ўлады? Яна ж дэпутатам не зьяўляецца! Адкрываю „Нашу Талачыншчыну“ і чытаю 4 рашэньні сэсіі за подпісам былой старшыні райсавета — зараз яна пэнсіянэрка. Аказваецца, райсавет так выконвае патрабаваньне аб галоснасьці — надрукаваў рашэньні за 2008 год!»

Карэспандэнт: «Зьнялі Марэйку, былога старшыню Талачынскай вэртыкалі, ад якога пацярпела шмат талачынцаў…»

Петрушэнка: «Зараз прыйшоў кіраўнік вопытны, працавіты, не дае драмаць і апазыцыі — працоўны дзень пачынае а 5 раніцы. Можа прызначыць нараду ў 6. Я яму часам тэлефаную ў гэты час. Але галоўнае — улада баіцца ініцыятывы, уладу не турбуюць праблемы грамадзянаў — чыноўнікі, ідэалёгія і простыя людзі самі па сабе…».

Акурат насупраць будынка мясцовай вэртыкалі гандлявала ладнымі буркамі прадпрымальніца, спадарыня Зінаіда Мясьнікова.



Карэспандэнт: «Узімку абяцаюць мінус 20 — хадавы тавар будзе?»

Мясьнікова: «Хадавы — самі робім на натуральным мяху, а верх з воўны. Асабліва бяруць рыбакі, паляўнічыя. Гэта бурка каштуе 120 тысяч — гэта нядорага. У краме я купіла паўбоцікі кароценькія за 300 з капейкамі, дык апранула шкарпэткі. Хутка, калі падаткі пачнуцца, тады гандляваць ня будзем. А шыць станем родным, блізкім у падарунак, хто заплаціць!» (сьмяецца)

Зінаіда Пятроўна сама закранае хвалюючае яе палітычнае пытаньне.

Мясьнікова: «Улада нас падманула. Ведаеце, колькі савецкіх грошай тады прапала? 20 тысячаў!»

Карэспандэнт: «Гэта, як сёньня 20 тысячаў даляраў?»

Мясьнікова: «Так. Мужык у чарзе на машыну стаяў у выканкаме. І тут бацька наш уміраець. І што мы купілі за 20 тых тысяч — 2 яшчыкі гарэлкі ды прыкусіць, не хапіла зрабіць паховіны! А цяпер пэнсію даюць 841 рубель…»

Вырашаю прайсьціся па гандлёвых кропках ды «прыкінуць» кошты — тое, што найбольш хвалюе многіх талачынцаў. На рагу бабулька стаяла зь вядзеркам уласнай бульбы.

Карэспандэнт: «Колькі ў вас каштуе?»

Спадарыня: «10 тысячаў, вядзерка 4,5 кг, бульба свая, без нітратаў…»

Карэспандэнт: «А купляюць добра?»

Спадарыня: «Як када, людзі зьбяднелі…»

Мне паказваюць побач на былую загадчыцу кіраўніцтва справамі выканкаму Алу Усольскую, што прыйшла на кірмашык. Атрымліваю адказ, якому не зьдзіўляюся.

Усольская: «Не даю інфармацыю „Свабодзе“ — не люблю гэтае радыё. А чаму — па сваіх меркаваньнях. Канец сувязі!» (сьмех)

Ля буйнейшага Дома гандлю заўважаю чаргу з двух дзясяткаў чалавек.

Карэспандэнт: «Карп за 17700 і 16100. А скажыце — гэта дорага?»

Спадарыня: «Усё дорага! А што рабіць — не 70 жа, як мяса стоіць!»


У зьвязку з апошнімі словамі падымаюся на 2 паверх, дзе ля пустога прыватнага прылаўка стаіць прадавачка Сьвятлана. Сама прызнаецца:

Сьвятлана: «Дорага — 55 тысячаў мяса, 50 сала — хатняя закупка ў насельніцтва. Бяруць вельмі слаба — дорага, дорага! А таньней ня можам — гаспадары ня хочуць ніжэй даваць. Раней прадавалі ў дзень 10-12 галоў сьвіней, а цяпер мо палова тушы за дзень — во, бачыце, з раніцы ўсё ляжыць…»

Непадалёк пустыя цэхі былога тэкстыльнага заводу. Клічу вартаўніка, былога памочніка майстра з 27-гадовым стажам, спадара Леаніда Марчука.


Марчук: «У мінулым годзе ў верасьні быў апошні месяц. У 80-х было 400 чалавек. Аб’ём быў 20-25 тысячаў покрываў у месяц і рабочых да 300…»

Карэспандэнт: «Цяпер выкінутыя на вуліцу?»

Марчук: «Ой, а моладзі было! І ў 2, і ў 3 зьмены працавалі. Практычна ўсе з навакольля, вунь інтэрнат быў двухпавярховы…»

Карэспандэнт: «А куды дзеліся ўсе?»

Марчук: «У сад пайшлі на вінзавод, на ўборку бульбы езьдзілі — плацілі 70 тысячаў у дзень, але ад 8 да 20 трэба было ўкалваць. Гастарбайтэрамі многія езьдзяць, у Крупках курыная фабрыка — усе на „баку“…»

А вось і 24-гадовы, спартовага выгляду, майстар на чыгунцы Раман Забэла. 2 гады таму яны з 15 хлопцамі-прыяцелямі арганізавалі футбольную каманду. Але з-за іх поглядаў гуляць давялося не ў футбол, а ў палітыку.


Забэла: «Вырашылі „заявіцца“ на раённае першынства па футболе ад грамадзянскай кампаніі „Наш дом“ — многія хлопцы яе ўдзельнікі. Так вырашылі назваць і каманду. Плянавалася, што з намі будуць гуляць зь міліцыі і з ЖКХ. Міліцыянты, прайграўшы 2 гульні, спужаліся і зьняліся зь першынства. Мы ў тым сэзоне занялі 2 месца. Сёлета мы вырашылі ізноў выставіць каманду і пачаліся вялікія праблемы з кіраўніцтвам раёна…»

Карэспандэнт: «Каб выйграла каманда з апазыцыянэраў, па шапцы атрымалі б кіраўнікі Талачыншчыны?» (сьмех)

Забэла: «Тым больш, хлопцы з нашай каманды на першынстве вобласьці гуляюць. Пачалі выклікаць хлопцаў у выканкам на прафіляктычныя гутаркі. Калі зразумелі, што толку не дабіцца, пачалі выклікаць бацькоў, хоць у хлопцаў узрост 20-22 гады. На адну з трэніровак прыехала чалавек 7 — з выканкаму, намесьнік начальніка міліцыі Лучына — каб правесьці з намі гутарку па невыстаўленьні каманды. Аргумэнтацыя — „грамадзянская кампанія ня мае рэгістрацыі, а погляды там могуць быць ледзь не нацысцкія“. Яны адкрыта казалі, што не дадуць нам гуляць і прапанавалі знайсьці „дах“ у афіцыйнай мясцовай арганізацыі, якая б аплачвала гульні і купіла форму. Мы прапанавалі даволі багаты вінзавод, занялі 1 месца ў раённым спаборніцтве. Лістапад скончыўся, а аплачваць палову гульняў яны нам не зьбіраюцца. У раённым спорткамітэце не далі аніякіх дыплёмаў, хоць рабіліся, — „ня тая каманда, ня тыя гульцы“…»

***
74-гадовую цётку Зою Сьцяпанаву ведае, кажуць, увесь Талачын. Яна не належыць ані да якой партыі, але арганізавала пікеты супраць бязьдзеяньня міліцыі — у навакольлі адбыўся шэраг забойстваў сярод моладзі. Жыве адна ў аварыйным 2-павярховым доме. Трымае адну з 3 кароваў у Талачыне. За язык цягнуць не прымушае.

Сьцяпанава: «Міленькі, тутака каровы ў Кардзіхі, у мяне і ў Рычыхі…»

Карэспандэнт: «Як вы ўтрымліваеце — траўку сярод асфальту шчыпле?»

Сьцяпанава: «Дужа раней хораша жылося — па навакольлі было 97 кароваў, пакуда Анюхоўскі, дырэктар вінзавода, ўсю зямлю не забраў. У нас былі ўчасткі 50 сотак — нам садзілі бульбы 25 сотак і зерне 25 з калгаса Энгельса. У адзін пракрасны час прыходзім — гароды нашы заараныя бяз нас, бяз прадупражджэньня. А хто нам скажаць, якое ў іх права? У калгасе 43 гады ў мяне стажу, на пэнсію лекаў купіць не хапае — недзе 800. Мы пайшлі ў Белы дом скардзіцца, далі нам участак. Прыводзім мы кароў, а з аўтабазы выскоквае чалавек, кажа: „Бабушка, не вядзіце карову, тут травілі сёньня — Анюхоўскі гэрбецыдам“. Так во і цягалі па звалках, яны ў нас хварэюць…»

Цётка Зоя дагэтуль з жахам ды абурэньнем успамінае што адбывалася ў часе мінулагодняга прыезду ў Талачын Лукашэнкі — яго гэлікоптэр апусьціўся параўнальна непадалёк ад яе хаты.

Сцяпанава: «Прыяжджаў гэты Лукашэнка сад глядзець. Усе мы хацелі яму сказаць пра свой боль — такі зьдзек, што ані бульбы няма парсюка дзяржаць, ані сена на каравёнку — Анюхоўскі ў кулак сьціснуў Талачынскі раён. Робіць чарнілы, п’яніц корміць, што начамі ходзяць-крадуць. Я во пасадзіла 80 цыплятаў — 10 засталося, астатніх перакралі. Ну і чакаем Лукашэнку — мамачкі, а на двары з такімі мордамі стаяць! Міліцыянт — ідзі забірай сваю карову! Не б парадавацца і сказаць — во, Аляксандар Рыгоравіч, у нас кароў яшчэ людзі дзержаць! Я пабегла, прыцягнула, а карова прараўла дзень, бо есьці хоча. І міліцыянт мяне ў хату, міленькі, пасадзіў на канапу, і сядзела 5 часоў. У хаце няма прыбіральні — выпусьціце, а ён — не! Так нада мною зьдзекаваўся, нават шторы пазакрывалі!»
І міліцыянт мяне ў хату, міленькі, пасадзіў на канапу, і сядзела 5 часоў.

Запытваю, як не баіцца жыць сама, калі побач 7 пустучых кватэр. Зоя Барысаўна ня ўтойвае сьлёз.

Сьцяпанава: «Калгас нам рамонту не зрабіў — вокны купіла за 2 млн, унучка дала. Пэнсія ідзе — во на лекі, каробкамі стаяць на ныркі, пячонку і сэрца. Цяпер сказалі паставіць плот і налічылі 280 тысяч. А мы ў гэтым доме пражылі 44 гады, сьцены драўляныя, падлога хістаецца — баюся на кухню зайсьці. Людзі панапісвалі — унукі іх пазабіралі. Вокны плёнкамі заклееныя. Сьцены тонкія, была вада, але людзі не жывуць, трубы разваліліся — ваду трэба насіць, дровы цягаць. А той прэзыдэнт усё хваліццапеа харошай жызьняй, што ў Беларусі жывецца — нічога няма! Я і хадзіла, і плакала — зрабіце! Можаце ўявіць — я таплю, а тады ўстану, на драўляных перагародках купа сьнегу ляжыць! Мучыліся мы, плакалі. Сёлета пайшлі да Марушкі, старшыні райсавету — куды весьці карову, альбо, кажу, у п’янку мне кідацца?! Ён паехаў у калгас „Рэканструкцыя“, і мы там пасьвім — па паўгадзіны туды і адтуль. А з кармамі зараз усё — я не накашу, бо ўчастак забралі. І не купіла, бо і ў людзей няма. Буду трымаць, пакуль кармы і буду збываць — я і плачу…». (плача)



За чыгункай у Талачыне так званая «Цыганская народная рэспубліка», як між сабой у слабадзе называюць сябе паўтысячы цыган, якія аселі тут з 19 стагодзьдзя. Раней найчасьцей кралі ды гандлявалі. Аднак 4 гады таму існавала адмысловая цыганская школа. Я сустрэўся тады з цыганяткамі.

Дзеці: «Гунчакоў Радж… Гунчакова… А мяне ніяк (сьмех)… Мне 9…10…11 гадоў… Цыганскае жыцьцё — крута, так хораша б’есься!»

Карэспандэнт: «А вырасьцеце, красьці будзеце?»

Дзеці: «Мы будзем жаніцца… Гэта „партызаны“ крадуць, а мы не крадзем!»

Памянёны Мікалай Петрушэнка сёлета займаўся дагэтуль балючай для іх праблемай — школу па невядомых прычынах зачынілі.

Петрушэнка: «Цыганскіх дзетак адправілі ў вёску Азерцы і мне матулі іх скардзіліся, што іх дрэнна кормяць у школе. Падняў гэтае пытаньне — чыноўнікі казалі, што так не можа быць, сэнатар Анюхоўскі падпісаў паперу на 3 млн на дадатковае сілкаваньне. Але ж грошай не прыйшло — як жа дзяцей можна карміць абяцанкамі-цацанкамі?!»

Я завітаў у першую гарадзкую бібліятэку, што побач са Слабадой. Бібліятэкарка, спадарыня Алена Марчук, зь якой таксама сустракаўся, даўно сочыць за становішчам цыган. Запытваю, што зьмянілася.

Марчук: «Многія дарослыя ўладкаваліся на працу — хто на вінзавод ягады-бульбу перабіраць, хто на элеватарны — зерне засыпаць, на пілараму. А ведаеце, чым яшчэ займаюцца? Здаюць мэталалом. Тачкі вялікія ў канцы лета цягаюць — іх новы канёк…» (сьмяецца)

Карэспандэнт: «Адзін з распаўсюджаных заняткаў быў — „езьдзіць у Чачэнію“, што значыла жабраваньне па цягніках пад выглядам уцекачоў…»

Марчук: «Мо зараз у Менск і езьдзяць. Раней гандлявала амаль кожная цыганка, нарката мо і зараз ёсьць. А паехаць закупіць — дзе ж ты грошы возьмеш? Раней была Масква, Украіна — крыза паўплывала…»

На вуліцы пагутарыў з танклявым 47-гадовым Валодзем і яго спадарожнікам пагрозьлівага выгляду. А 59-гадовая Надзея Маларэвіч падышла, узгадаўшы пра мінулую сустрэчу, да мяне сама.

Валодзя: «Большая палова працуе, але ўсё роўна ўмоваў ніякіх няма. Цыган — значыць, вінаваты, морду круцяць — крадуць ды забіваюць. А па статыстыцы паглядзіце — хто больш сядзіць, п’е — рускія альбо цыгане?!»

Надзея: «Дрэнна я жыву — сёньня 400 тысячаў за дровы аддала. А пэнсія невялікая, у мяне дачка памерла, гадую дзяўчыну, вучыцца ў вучэльні. Улада не зьвяртае ўвагі — трэба рамонт рабіць. Я жыла ў аварыйным бараку з чатырма дзяцьмі, згарэў. А ўнучцы трэба кватэру — поўная сірата. Кажа — «бабуля, а як я буду жыць?!»

Зь цёткай Зояй разгаварыліся напрыканцы і пра прэзыдэнцкую навінку: сыстэму тэрытарыяльнай грамадзянскай абароны. Тая ўспрыняла яе адназначна: людзям дадуць у рукі стрэльбы, толькі вось для чаго?

Сьцяпанава: «Ведаеце што — у каго мы будзем страляць? Свой на свайго?! Я такая зарованая, я не павінная ў такую ж страляць, а хто багаты, дык абароніцца тымі, хто ахоўвае, — нас не дапусьцяць! Трэба змагацца! Як мы цяпер жывем, што нам няма каму ані паскардзіцца, не прыхінуцца, ніхто нас ня слухае — усе намі зьдзякаюцца, усе намі кідаюцца!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG