Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Ракіцкі: «Шлях да волі ляжыць праз пакуты»

абноўлена

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Наш калега Вячаслаў Ракіцкі у суаўтарстве з Андрэем Куцілам зьняў дакумэнтальны фільм пра Плошчу і наступныя за ёй рэпрэсіі пад назвай «Даволі! Да волі...». 19 сьнежня на тэлеканале «Белсат» адбудзецца прэм’ера гэтай кінастужкі.

Абламейка: Я паглядзеў рэклямны ролік вашага фільму. Моцнае і цяжкае ўражаньне пакідаюць сьведчаньні людзей пра зьдзекі і прыніжэньне, пра пакуты і катаваньні... Як вам працавалася над такім цяжкім матэрыялам?

Ракіцкі: Сапраўды, самае цяжкае было ня пошук формы, не мантаж. Самае складанае было выслухаць гэтых людзей. Як ні дзіўна, гэтыя людзі вельмі ахвотна і амаль адразу раскрываліся. А мы, натуральна, іхны боль бралі на сябе. І гэта, вядома, вельмі складана. Кожная такая размова пакідала вялікі сьлед у сэрцы. Але пасьля такой працы я яшчэ раз пераконваўся, што рабілі мы яе не дарэмна. Шлях да волі ляжыць праз складаныя духоўныя, фізычныя, маральныя пакуты. І мы зразумелі, у чым жах сёньняшняй улады ў Беларусі, якая хоча і маральна і фізычна зьнішчыць асобу.

Абламейка: Наколькі гэтая тэма сёньня запатрабаваная, ці можа яна разьвівацца ў іншых відах мастацтва. Напрыклад, Барыс Пятровіч напісаў аповесьць пра першую Плошчу. Яму, дарэчы, закідалі плякатнасьць, надзённасьць...

Ракіцкі: Я думаю, што калі мастак не ўслухоўваецца ў палітыку, то палітыка ўслухаецца ў яго. І надыдзе той дзень, калі да такога мастака палітыка абавязкова загрукае ў дзьверы. Як кажа адзін з герояў нашага фільма, раздасца крык «Наступны!», і ты зьбярэш свае рэчы і пойдзеш пад дубінкамі туды, куды цябе пагоняць, у вязьніцу. Калі мастацтва ў такі страшны і змрочны для Беларусі час не адгукаецца на гэты час, то, з майго гледзішча, грош цана такому мастацтву. Мастак ня можа быць па-за палітыкай, калі палітыка зьнішчае саму падставу існаваньня мастацтва – грамадзкую думку, сьвядомасьць, мараль, сумленьне. Я думаю, Барыс Пятровіч вельмі слушна зрабіў, напісаўшы раман пра Плошчу. Мастак павінен змагацца за свабоду, у тым ліку, за свабоду творчасьці. Быць па-за палітыкай у сёньняшняй Беларусі немагчыма і несумленна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG