Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Скарга старшыні Народнага сходу не задаволеная


Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў
6 сьнежня Магілёўскі абласны суд пакінуў у сіле вырак старшыні абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімеру Шанцаву. 10 лістапада судзьдзя Ленінскага суда Магілёва Аксана Ратнікава пакарала актывіста штрафам за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах» на 40 базавых велічыняў (1 мільён 400 тысячаў рублёў).

Скаргу партыйца разглядаў судзьдзя Уладзімер Навітанюк. Ён не знайшоў падставаў, каб задаволіць яе.

Нагодай для судовага перасьледу Уладзімера Шанцава стаў ягоны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні 8 кастрычніка Народнага сходу. Партыйца абралі яго старшынёй.

На судовым паседжаньні 10 лістапада і на сёньняшнім разглядзе скаргі Шанцаў даводзіў, што сход праводзіўся згодна з законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», а ён не патрабуе дазволу выканаўчай улады на яго правядзеньне. Судзьдзі ж трымаліся абвінавачваньня, выстаўленага паводле пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні, складзенага міліцыяй. Паводле яго, актывіст удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, чым і парушыў закон «Аб масавых мерапрыемствах».

«Суд быў хуткім і несправядлівым. Паўгадзіны часу хапіла судзьдзі, каб разабрацца ў справе й вынесьці сваё рашэньне. Замест таго, каб уладзе пакаяцца за абвал у эканоміцы, яна бароніцца судамі. Людзі сабраліся й выказалі сваё канстытуцыйнае права, прычым у вызначаным уладай месцы. На сход жа непатрэбны дазвол чыноўнікаў. Іх запрасілі, але яны пабаяліся прыйсьці, прыслалі прадстаўнікоў ідэалёгіі, каб тыя паназіралі, — вось і ўсё. Рашэньні судоў прадказальныя. Буду абскарджваць і пастанову Навітанюка», — паведаміў «Свабодзе» Уладзімер Шанцаў.

На Ўладзімера Шанцава былі складзеныя два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. 26 кастрычніка актывіста абвінавацілі ў парушэньні закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». 31 кастрычніка абвінавачваньне перакваліфікавалі на парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG