Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Шанцава за Народны сход будуць судзіць 10 лістапада


Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў
Старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава будуць судзіць 10 лістапада. 4 лістапада ён атрымаў позву зь Ленінскага суду Магілёва. У ёй пазначана – зьявіцца ў якасьці правапарушальніка.

Уладзімера Шанцава вінавацяць у арганізацыі 8 кастрычніка несанкцыянаванага мерапрыемства. Паводле міліцэйскага пратаколу, Шанцаў арганізаваў мясцовы сход на стадыёне «Хімік» без дазволу гарвыканкаму.

«Замест таго, каб уладзе адказваць за свае дзеяньні, якімі насельніцтва «апусьцілі» больш як на тры мільярды даляраў цягам году, яны разьбіраюцца з іншадумцамі. Крайніх шукаюць», – заявіў Шанцаў.

31 кастрычніка адміністрацыйную справу супраць партыйца супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі перакваліфікавалі. Раней Шанцава вінавацілі ў правядзеньні мясцовага сходу без рэгістрацыі і ўліку яго ўдзельнікаў. Яму інкрымінавалася парушэньне закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». Цяпер жа – парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах».

3 лістапада Ўладзімеру Шанцаву паведамілі ў аблвыканкаме, што яго скарга на гарвыканкам не задаволеная. Партыец намагаўся адмены вынесенага магілёўскімі чыноўнікамі пісьмовага папярэджаньня пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Актывіста папярэдзілі напярэдадні Народнага сходу ў Магілёве.

Шанцаў: «Ва ўпраўленьні юстыцыі ад мяне патрабавалі, каб я аддаў ім сьпісы людзей, якія падпісаліся за правядзеньне Народнага сходу. Я ім у гэтым адмовіў. Спаслаўся на тое, што закон «Аб сходах» не прадугледжвае гэтага. Тады мне заявілі, што я арганізаваў несанкцыянаванае мерапрыемства. Паабяцалі выправіць у законе «хібы», так яны выказаліся».

3 лістапада суд Бабруйску прысудзіў 10 сутак адміністрацыйнага арышту сябру аргкамітэту тамтэйшага Народнага сходу, актывісту АГП Віктару Бузінаеву. Яго каляжанку Галіну Сьмірнову будуць судзіць 9 лістапада. Старшыня аргкамітэту сходу Канстанцін Локцеў чакае позвы ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG