Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС у адказе ўдзельнікам Народнага сходу ня згадвае слова «палітвязьні»


Уладзімер Шанцаў, старшыня магілёўскага Народнага сходу.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі даслала адказ на патрабаваньне ўдзельнікаў магілёўскага Народнага сходу вызваліць палітвязьняў.

У лісьце за подпісам намесьніка начальніка галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку й прафіляктыкі Кубракова ня згадваецца паняцьце «палітвязьні». Пры гэтым адзначаецца, што вызваленьне асуджаных урэгулявана артыкуламі Крымінальнага кодэксу «Ўмоўна-датэрміновае вызваленьне», «Амністыя» і «Памілаваньне».

У лісьце таксама адзначаецца, што для выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў кіруецца абвінаваўчым прысудам судоў.

Адказ зь міністэрства атрымаў старшыня Народнага сходу Ўладзімер Шанцаў.

Шанцаў: «Зразумела, чаму ня згадваецца такое слова, як „палітвязьні“. У нас жа, як сьцьвярджае ўлада, іх няма. Але ў лісьце гаворыцца пра межы кампэтэнцыі, дык вось такі адказ — прыклад некампэтэнтнасьці. Урад адправіў патрабаваньне ў орган, які не кампэтэнтны вырашаць такія пытаньні. Гэта наагул стыль працы ўраду — некампэтэнтнасьць. У лісьце нас папярэджваюць, што ня варта парушаць закон „Аб масавых мерапрыемствах“. Мы па пытаньнях масавых мерапрыемстваў не зьвярталіся да іх. Ну, зразумела, што ім непрыемна, што людзі сабраліся й ад іх нечага запатрабавалі. Таму яны адпісалі й прыгразілі».

Патрабаваньне вызваліць і рэабілітаваць палітвязьняў удзельнікі Сходу вызначылі як асноўнае. Сярод палітычных патрабаваньняў было яшчэ й правядзеньне свабодных выбараў прэзыдэнта й парлямэнту. На гэта пакуль адказу няма.

Адказ зь Міністэрства ўнутраных спраў — другі, які атрымліваюць удзельнікі Народнага сходу. Першы яны атрымалі пры канцы кастрычніка з Нацыянальнага банку. У лісьце тлумачылася, чым выкліканыя цяжкасьці ў эканоміцы. Пра канкрэтны плян дзеяньняў па іх вырашэньні ў адказе не гаварылася.

Народны сход адбыўся 8 кастрычніка. У ім узялі ўдзел, паводле арганізатараў, больш за 150 чалавек.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG