Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімера Шанцава аштрафавалі на 40 базавых вельчыняў

абноўлена

На суд Шанцаў прыйшоў з торбай, меркаваў, што дадуць «суткі»
На суд Шанцаў прыйшоў з торбай, меркаваў, што дадуць «суткі»
10 лістапада Ленінскі суд Магілёва пакараў штрафам у памеры 40 базавых велічыняў (1 мільён 400 тысяч рублёў) старшыню абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава. Судзьдзя Аксана Ратнікава прызнала актывіста вінаватым у парушэньні закону «Аб масавых мерапрыемствах». Паводле выраку Шанцаў арганізаваў і правёў 8 кастрычніка мясцовы сход грамадзян без дазволу гарвыканкаму.

Уладзімер Шанцаў намагаўся давесьці суду, што мясцовы сход праводзіўся згодна з законам «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», а ён не патрабуе дазволу выканаўчай улады на яго правядзеньне. Довады актывіста судзьдзя, аднак, палічыла спосабам самаабароны, каб унікнуць адказнасьці.

Свой вырак Ратнікава сфармулявала на падставе сьведчаньняў міліцыянтаў. Паводле судзьдзі іх тлумачэньні праўдзівыя, паколькі яны пасьлядоўныя ды ўзгодненыя між сабой і матэрыяламі справы. У міліцыянтаў, зазначыла ў выраку судзьдзя, не было падстаў агаворваць падсуднага. Тлумачэньні ж сьведак, заяўленых Шанцавым, судзьдзя акрэсьліла як сумнеўныя ў аб’ектыўнасьці. «Сьведкі знаёмыя з падсудным, і іх тлумачэньні сьведчаць пра іх зацікаўленасьць у вырашэньні справы», — зафіксавана ў прысудзе.

Вырак суду Ўладзімер Шанцаў назваў надуманым і палітычна матываваным:
Я ня ведаю, дзе я магу ў Беларусі абскардзіць вырак Ратнікавай, каб абараніць сваю пазыцыю

«Я атрымаў па максымуме з магчымага. Калі б у мяне не было хворай маці, я б атрымаў пятнаццаць сутак. У мяне сумневу няма. Сытуацыя дужа складаная. Проста ўсё ідзе ў адны вароты. Краіна скатваецца да абсалютнага таталітарызму. Я ня ведаю, дзе я магу ў Беларусі абскардзіць вырак Ратнікавай, каб абараніць сваю пазыцыю. Усе суды ў Беларусі заадно».

На Ўладзімера Шанцава былі складзеныя два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. 26 кастрычніка актывіста абвінавацілі ў парушэньні закону «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах». 31 кастрычніка абвінавачваньне перакваліфікавалі на парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах».

Намесьнік начальніка Ленінскага аддзелу міліцыі Аляксандар Патарэнка на судзе прызнаў, што пратакол перарабілі на яго загад, бо ён быў памылкова складзены. На мясцовым сходзе, паводле міліцыянта, не выконваліся патрабаваньні закону, паводле якога яго праводзілі, а былі прыкметы парушэньня закону «Аб масавых мерапрыемствах». Гэтае выказваньне міліцыянта таксама лягло ў абвінаваўчую частку прысуду Аксаны Ратнікавай.

Дапытаныя судом міліцыянты прызналі, што на сходзе не было зафіксавана парушэньняў грамадзкага парадку. Тое, што іх было шмат на месцы правядзеньня сходу, міліцыянты патлумачылі загадам начальства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG