Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сёньня прарвала ў Барысаве, заўтра яшчэ дзе-небудзь…»


Страйк у Барысаве.
Страйк у Барысаве.
Страйк у Барысаве, дзе ўчора і сёньня адмаўляліся працаваць работнікі ўнітарнага прадпрыемства «Жыльлё», быў выкліканы незадаволенасьцю нізкімі заробкамі. А як зьмяніліся апошнім часам зарплаты ў іншых рэгіёнах Беларусі? Сытуацыю дасьледуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

Гарадзеншчына


На Гарадзеншчыне пасьля чарговай рэзкай дэвальвацыі рубля шмат хто з працаўнікоў атрымлівае нямногім болей за сто даляраў на месяц. А ёсьць і такія, хто нават гэтага ня мае.

Рабочы са слонімскай птушкафабрыкі, спадар Мікалай, распавядае, што атрымлівае мільён разам з усімі даплатамі, перапрацоўкай. А хто працуе выключна па графіку, то ня мае і мільёна. Кожны дзень, са слоў спадара Мікалая, людзі гавораць толькі пра адно — як пражыць. І таму ён вельмі добра разумее тых, хто пачаў страйкаваць:

«А ў мяне яшчэ двое дзяцей вучыцца — дзьве студэнткі. І на гэты заробак я ніяк іх ня вывучу, застаецца адзінае — шукаць, дзе яшчэ дарабіць. А гэтыя грошы — толькі каб праіснаваць, але ніяк не пражыць…»

Прафэсар Гарадзенскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Алесь Астроўскі распавядае, што ён доктар навук, прафэсар, мае 30 гадоў стажу — і атрымлівае 2 мільёны 100 тысяч. І гэтых грошай яму стае толькі на пражыцьцё: аплату кватэры, харчаваньне і вопратку. Вось што ён думае пра страйк:

«Пытаньне ня проста ў тым, страйкаваць ці не, пытаньне — у выніку. А вынік для мяне — гэта тое, што ў Беларусі да ўлады павінны прыйсьці прыстойныя людзі, якія ведаюць эканоміку, любяць сваю краіну і народ».

Лідэр Свабоднага прафсаюзу гарадзенскага прадпрыемства «Гродна-Азот» Сяргей Антусевіч заўважае, што з пункту гледжаньня заканадаўства страйку ў Барысаве не было, а была толькі адмова ад працы. Ён наагул зьдзіўлены, што прафсаюз давёў сытуацыю да такога стыхійнага пратэсту.

Антусевіч лічыць, што толькі такія стыхійныя акцыі цяпер і мажлівыя. Менавіта яны паказваюць усю праблемнасьць дзейнага працоўнага заканадаўства, створанага так, што праводзіць такія акцыі законным чынам практычна немагчыма:

«Калі сытуацыя ня будзе паляпшацца, калі дыспарытэт коштаў і заробкаў будзе працягвацца, то натуральна, што такія акцыі будуць узьнікаць: сёньня прарвала ў Барысаве, заўтра яшчэ дзе-небудзь».

Віцебшчына


1 лістапада актывіст Свабоднага прафсаюзу, памочнік майстра цэху № 7 Мікола Шарах будзе судзіцца з адміністрацыяй прадпрыемства «Полацак-Шкловалакно». Ён патрабуе, каб на прадпрыемстве ўлічвалася і аплачвалася дадатковая праца.

Мікола Шарах: «На працы за мной замацавана 20 апаратаў, а ў сувязі з тым, што павялічыліся памеры цэха, павялічылася колькасьць печаў, іх на сёньняшні дзень ужо амаль 40. А даплаты за гэта няма. Ніхто не паклапоціцца аб працаўніку, калі ён сам гэтага ня зробіць. Таму апошняя кропка — гэта заява ў суд».
Ніхто не паклапоціцца аб працаўніку, калі ён сам гэтага ня зробіць.

Пра неабходнасьць падвышэньня заробку актывісты Свабоднага прафсаюзу двойчы вялі гаворку на пасяджэньнях камісіі па індывідуальных працоўных спрэчках. Але камісія адмовіла — палічыла, што даплаты за працу звыш нормы не абавязковыя.

Мікола Шарах адзначае, што ён мае не такі ўжо малы заробак у параўнаньні зь іншымі работнікамі «Шкловалакна», але ў суд ідзе ня толькі за ўласныя інтарэсы. Падвышаныя заробкі за пашырэньне зоны абслугоўваньня павінны атрымліваць работнікі трох цэхаў — №№ 6, 7 і 15.

«Калі мы праб’ем вось гэта, то рана ці позна даплачваць будуць усім! Так што справа не ўва мне, а каб быў створаны прэцэдэнт».

Сьледам за Міколам Шарахам заяву ў суд рыхтуе старшыня суполкі свабоднага прафсаюзу ААТ «Полацак-Шкловалакно», апэратар цэху № 7 Віктар Стукаў. Паводле працоўных абавязкаў ён павінен абслугоўваць тры печы, якія выплаўляюць шкланітку. Але апэратарам даводзіцца працаваць і на трох, і на чатырох печах.

«Гэтым павялічваецца інтэнсіўнасьць працы, і гэта — небясьпечна, бо падвышаецца рызыка атрымаць траўмы. Гэта ж гарачая печ, гарачы цэх. І гэта шклавата — гэта стрэмкі», — тлумачыць Віктар Стукаў.

Ён распавёў, што Свабодны прафсаюз правёў апытаньне апэратараў у цэху № 7, і вынікі былі такія:

«Было пытаньне, які заробак людзі лічаць нармальным пры цяперашнім узроўні коштаў. Адказы былі — ад трох да шасьці мільёнаў. Я палічыў, сярэдняе атрымалася — 4 мільёны 350 тысяч. Вось пры такіх умовах працы такога прыкладна заробку патрабуюць мае таварышы па працы».

Цяпер сярэдні заробак на прадпрыемстве — каля двух мільёнаў рублёў.

Берасьцейшчына


Нізкія заробкі ствараюць перадумовы да страйка і на Берасьцейшчыне. Пра гэта заяўляе кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Валянцін Лазарэнка.

Спадар Лазарэнкаў тлумачыць праблему розьніцай паміж заробкам і спажывецкім бюджэтам:
І калі на сёньняшні дзень 500 тысяч хапае толькі на тое, каб пракарміцца, то фактычна — мы рабы.

«Розьніца паміж заробкам і рэальным спажывецкім бюджэтам парушаная ў два разы. І калі наш урад нічога сёньня ня робіць у гэтым напрамку, то страйкі немінучыя. Сёньня існуюць у нас заробкі 400, 500, 600 тысяч. І калі на сёньняшні дзень 500 тысяч хапае толькі на тое, каб пракарміцца, то фактычна — мы рабы.

Я ведаю праблемы і ў Берасьці, якія зьвязаныя з камунальнай гаспадаркай. Камунальная гаспадарка на сёньняшні дзень настолькі адміністраваная, што там сядзяць чыноўнікі, якія зьядаюць усе заробкі, што толькі магчыма…

Тое самае, напрыклад, у працаўнікоў берасьцейскага завода „Колератрон“. Працуюць людзі на 400–500 рублёў. Тры дні працуюць, два дні — не. Гэта схаванае беспрацоўе…»

Берасьцейская прадпрымальніца, якая арандуе месца на Калгасным рынку, кажа, што і прадпрымальнікі ледзь зводзяць канцы з канцамі. Але спадарыня і надалей працуе за невялікія грошы, бо ня мае іншых пэрспэктываў:

«Няма куды падзець нам гэтыя месцы. Я, напрыклад, з задавальненьнем сышла б. А куды гэтыя месцы падзець? Калі я зачыню іх, мне трэба будзе ўсё роўна арэнду плаціць. Я ня буду працаваць… А пайсьці працаваць куды?»

Страйк у Барысаве. 25 кастрычніка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:20 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG