Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народны сход: апазыцыя запрашае, улада — папярэджвае


У суботу, 8 кастрычніка, у Менску і яшчэ амаль у трох дзесятках гарадоў апазыцыя плянуе правядзеньне народных сходаў. Арганізатары гэтай акцыі, якая пройдзе пад лёзунгамі пратэсту супраць пагаршэньня сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне, не сталі загадзя падаваць заяўкі ў выканкамы. Паводле паводле Закону "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах", для гэтага дастаткова было загадзя сабраць 10% подпісаў грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі, што прылягае да месца сходу.

Тым часам афіцыйная ўлада ўжо абвясьціла, што правядзеньне народных сходаў без дазволу будзе парушэньнем закона. Яго арганізатары атрымліваюць папярэджаньні й пагрозы.

ВІЦЕБШЧЫНА


Напярэдадні арганізатара Народнага сходу ў Полацку Віктара Калесьніка выклікалі ў міліцыю, куды ён ісьці адмовіўся, а сёньня — ужо ў пракуратуру.

Калесьнік: «Зразумелі ў міліцыі, што не дачакаюцца мяне, і ўжо тэлефанавалі з пракуратуры. Маўляў, вы аднесьлі ў гарвыканкам заяўку на правядзеньне мерапрыемства, і мы хочам, каб усё прайшло ціха-мірна-спакойна. Я сказаў, што нічога такога не насіў, а занёс паведамленьне, што такое мерапрыемства адбудзецца. Тады, кажуць, прынясіце нам усе падпісныя аркушы, пратаколы… „А навошта я мушу гэта рабіць?“, — пытаюся ў іх».

Віктар Калесьнік
Яўнен Парчынскі
Ірына Яскевіч
Віктар Калесьнік не выключае, што ў пракуратуры яго папярэдзяць пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Але гэта незаконна, кажа актывіст, бо ўсе грамадзяне маюць права на мірныя сходы, арганізацыя якіх не падпадае пад дзеяньне закону аб масавых мерапрыемствах.

У міліцыю ён не пайшоў, бо не выключае правакацый напярэдадні Народнага сходу. Яго выклікалі нібыта на абавязковую дактыляскапію, але ў міліцэйскіх архівах ужо даўно ёсьць і адбіткі пальцаў, і фота, і відэазапісы допытаў — усё гэта было зроблена падчас неаднаразовых ранейшых затрыманьняў.

У Наваполацкую гарадзкую пракуратуру выклікалі і Яўгена Парчынскага, сябра аргкамітэту па правядзеньні Народнага сходу ў Наваполацку. Здарылася гэта таксама пасьля таго, як ён занёс паведамленьне пра імпрэзу ў гарвыканкам.

У пракуратуру Кастрычніцкага раёну выклікалі і Ірыну Яскевіч, старшыню аргкамітэту па правядзеньні Народнага сходу ў Віцебску. Яна выходзіла з кватэры, і тут двое ў цывільным уручылі ёй афіцыйную паперу са словам «запрашэньне».

Віцебскі Народны сход пройдзе ў двары дамоў № 2 і № 4 па вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Тым, хто паставіў подпісы за яго правядзеньне, спадарыня Ірына раіць не адказваць на тэлефонныя званкі зь невядомых нумароў і не адчыняць дзьверы невядомым людзям:

«Я ня ведаю нават, як лепей: каб сёньня цябе „знайшлі“, або заўтра перад пачаткам імпрэзы. Калі хочуць выклікаць — мусіць быць позва і афіцыйная прычына. А інакш — навошта псаваць сабе нэрвы? Заўтра ўжо наша мерапрыемства, і тым больш ня варта размаўляць з тымі нумарамі, якія ты ня ведаеш».

Жыхары Віцебску, якія ладзяць сход у сваім двары, зьбіраюцца публічна паставіць пытаньні перад уладамі ўпершыню, і спадарыня Ірына хацела б абараніць гэтых людзей ад залішняга ціску. Іх хвалююць перадусім надзённыя праблемы: наяўнасьць «начной» крамы каля дому, нецьвярозыя наведнікі якой ператвараюць двор у сьметніцу; несанкцыянаваная паркоўка пад вокнамі, дзе ставяць машыны ў тым ліку і супрацоўнікі аблвыканкаму; урэшце, гэта і вялікая яміна, якую работнікі ЖКГ некалі раскапалі каля дзіцячай пляцоўкі, а закапаць забыліся.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Бабруйску й Магілёве Народныя сходы ўлада кваліфікуе як несанкцыянаваныя акцыі. Іх арганізатары папярэджаныя пра адказнасьць за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах». Актывістам пагражаюць штрафамі й адміністрацыйнымі арыштамі.

У Магілёве двойчы пісьмова папярэдзілі пра недапушчэньне парушэньня закону «Аб масавых мерапрыемствах» старшыню абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава. 6 кастрычніка гэта зрабіла пракуратура Ленінскага раёну, а сёньня — гарвыканкам. Прычым гарадзкая ўлада папярэджаньнем адказала на запрашэньне наведаць яе прадстаўнікамі Народны сход.

Уладзімер Шанцаў
Шанцаў: «Пракуратура абвінавачвае ў тым, што яна мае дакумэнты, якія сьведчаць пра тое, што мы парушылі закон „Аб мясцовых і рэспубліканскіх сходах“. Рашэньне гарвыканкаму матываванае тым, што на сходах трэба абмяркоўваць мясцовыя праблемы, а мы — нібыта нейкія глябальныя — значыць, ён не мясцовы. Улада ня хоча глядзець у вочы людзям і трымаць адказ за правал сацыяльнай палітыкі. Паводле законаў дэмакратычных свабодных краін, пасьля такога правалу партыя ўлады павінна сыходзіць у адстаўку, а яна ня хоча».

У Бабруйску аб адказнасьці за парушэньне закону «Аб масавых мерапрыемствах» раённая пракуратура папярэдзіла старшыню аргкамітэту Народнага сходу беспартыйнага актывіста Канстанціна Локцева. Папярэджаньне яму ўручыў супрацоўнік раённага аддзелу міліцыі падпалкоўнік Аляксандар Трубачка.

Сытуацыю тлумачыць Канстанцін Локцеў: «Мы ім высылалі запрашэньне на Народны сход, у выканкам, а яны нам даслалі папярэджаньне ад пракурора, прычым афіцыйнае. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлада не падтрымлівае народны рух і працягвае ціснуць на запалохваньне. Мы спыняцца не зьбіраемся і ўсё роўна правядзём гэты сход. Мне не хацелася, каб з іх боку была нейкая правакацыя. Мы ж не ідзём на барыкады й не нясём партыйных сьцягоў. Мы звычайныя простыя людзі».

8 кастрычніка на пляцоўцы перад бабруйскім гандлёвым цэнтрам «Вэстэрн», дзе заплянаваны Народны сход, улады арганізуюць кірмаш. У Магілёве месца правядзеньня Народнага сходу ня будзе занятае кірмашом. Яго арганізатары абралі ў далечыні ад людных вуліц — на стадыёне на вуліцы Чалюскінцаў. Стадыён вызначаны гарвыканкамам як месца, дзе зь яго дазволу палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі й групы грамадзян могуць праводзіць свае масавыя мерапрыемствы.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Напярэдадні правядзеньня Народнага сходу актывісты і арганізатары чакаюць супрацьдзеяньняў з боку ўладаў. Некаторых сёньня яшчэ выклікалі ў пракуратуру і папярэджвалі.

Юры Істомін
Іван Бедка
Уладзімер Круцікаў
Адзін з арганізатараў Народнага сходу Юры Істомін кажа, што ў Горадні ягоных калегаў выклікалі ў пракуратуру і папярэджвалі аб адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах.

Ён кажа, што яшчэ нават сёньня з боку ўладаў працягваецца ціск на тых, хто зьбіраецца заўтра паўдзельнічаць у сходзе. А таму і прадчуваньні ня вельмі добрыя.

Істомін: «Такое супярэчлівае адчуваньне, бо калі глядзець па зборы подпісаў, то відавочна, што людзі даволі флегматычна падпісвалі паперы, якія мы прапаноўвалі, і казалі, што з гэтага нічога ня будзе. Настрой вельмі супярэчлівы. З нашага боку таксама вялікай актыўнасьці не назіралася».

Іван Бедка з Слоніма кажа, што арганізатары зрабілі ўсё, каб паведаміць людзям аб заўтрашнім сходзе, але як усё складзецца — прагназаваць не бярэцца, паколькі многія людзі запалоханыя:

«Баяцца людзі, напалоханыя, ды й на працы папярэджвалі, каб не бралі ўдзелу. Але ёсьць і такія зьвесткі, што многія намераныя прыйсьці на сход».

Арганізатара Народнага сходу ў Лідзе Ўладзімера Круцікава сёньня выклікалі ў пракуратуру і папярэдзілі аб адказнасьці за правядзеньне масавага мерапрыемства без дазволу на гэта ўладаў. Асабіста Круцікаў ня ўпэўнены, што акцыя заўтра адбудзецца.

Круцікаў: «У нас, канечне, і народу меней, ды і няма людзей, якія б хацелі сёньня рызыкаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG