Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наперадзе навукі: беларускі сьлед у Оксфардзе


Уладзіслава Чалей
Уладзіслава Чалей
Беларусы ўсё часьцей вымушаныя шукаць ужытак сваім здольнасьцям за межамі краіны. Але калі бальшыня задавольваецца будоўляй у Расеі, то хтосьці ставіць перад сабой куды больш амбітныя задачы. Як, прыкладам, 23-гадовая Ўладзіслава Чалей. Расчараваўшыся ў сыстэме беларускай адукацыі, з бляскам скончыла адну з самых прэстыжных навучальных установаў Вялікай Брытаніі — Эдынбурскі ўнівэрсытэт, пасьля чаго стала аб'ектам пільнай увагі з боку першых нумароў унівэрсытэцкага рэйтынгу – Оксфарду ды Кембрыджу.

Схільнасьць да біялёгіі Ўлада выявіла яшчэ са школы. Пастаянная удзельніца нацыянальных і міжнародных алімпіядаў, у 2006-м атрымала срэбны мэдаль на біялягічнай алімпіядзе ў Аргентыне. Выдатна скончыла хімічна-біялягічны факультэт ліцэю БДУ, лягічна перакрочыўшы на вышэйшую прыступку – біяфак Белдзяржунівэрсытэту. Аднак пасьля трох гадоў навучаньня вырашыла разьвітацца з установай – з-за адсутнасьці навуковых пэрспэктываў у Беларусі.

Паралельна падала дакумэнты ў трэці паводле прэстыжнасьці ўнівэрсытэт Вялікай Брытаніі – Эдынбурскі. Здольнасьці таленавітай беларускі тамтэйшыя спэцыялісты ацанілі адразу ж — наступныя два гады Ўлада студыявала малекулярную біялёгію ў Шатляндыі. Сёлета атрымала ступень ганаровага бакаляўра, што дало магчымасьць далей удасканальвацца ў асьпірантуры.

Цікавасьці да пэрспэктыўнага кадра выявілі адразу два ўнівэрсытэты – у Оксфардзе і Кембрыджы. Пасьля нялёгкіх пакут выбару Ўладзіслава Чалей спынілася на Оксфардзе. А непрацяглыя вакацыі перад пачаткам паўнавартаснага навуковага сэзону скарыстала, каб у суправаджэньні свайго ангельскага сябра Х'ю наведаць бацькоў у Менску. Тут мы зь ёй і паразмаўлялі. Напачатку цікаўлюся – чаму ўсё ж "завязала" з БДУ?

Які шлях у нас далей – Нацыянальная акадэмія навук. А там, у Акадэміі навук, нічога няма – ні грошай, ні ўласна акадэмікаў, ні навукоўцаў з досьведам працы ...

— Таму што, па-першае, спэцыяльнасьць у мяне была навуковая. А самі ведаеце, скончыўшы унівэрсытэт, які шлях у нас далей – Нацыянальная акадэмія навук. А там, у Акадэміі навук, нічога няма – ні грошай, ні ўласна акадэмікаў, ні навукоўцаў з досьведам працы. Нічога! Спаборнічаць з Захадам, зь Японіяй, з ЗША немагчыма. У такіх варунках проста нецікава працаваць. Вось таму я і вырашыла — дый была такая магчымасьць — менавіта ў Эдынбург падаць свае дакумэнты ў адмысловы фонд і атрымаць стыпэндыю. І ўсё атрымалася…

— Шкадаваньня ніякага няма? З вышыні сёньняшняга дня…

— Не-не, абсалютна не. Асабліва прыехаўшы назад, пабачыўшы, як працуюць, як жывуць мае былыя аднагрупнікі, большасьць якіх цяпер якраз у Акадэміі навук, паслухаўшы, што яны кажуць, што яны там робяць… Ведаеце, нецікава, сумна, няма грошай, нічога няма. Затое ўсялякія паперкі, пячаткі, уся гэтая беганіна па кабінэтах. Навукі няма. А ўва ўнівэрсытэце плюс да ўсяго яшчэ і ідэалёгія. Усе баяцца штосьці сказаць, таму што выклічуць да дэкана, выпхнуць з унівэрсытэту. І атрымаецца, што пяць гадоў вучыўся і апынуўся на вуліцы.

— Паколькі скончыць так і не атрымалася, давялося пачынаць з нуля?

— Не зусім. Калі ў нас навучаньне цягнецца 5 гадоў, то там – 4. Мяне ўзялі на трэці курс, таму па сутнасьці я нічога не страціла. Атрымалася, што агулам я навучалася ў двух унівэрсытэтах тыя ж 5 гадоў… Там асабліва не даймалі: запатрабавалі ліст з адзнакамі, трэба было здаць іспыт па ангельскай мове, а таксама аповед, што рабіла ў навуковым сэнсе, калі навучалася на біяфаку. Некалькі чалавек напісалі лісты з рэкамэндацыямі. У прынцыпе, вось так…

— Узровень адукацыі ўвогуле можна параўноўваць?

— У мяне дваякае стаўленьне да гэтага. З аднаго боку, я вельмі рада, што пачала тут. Усё ж ідэя нашай адукацыі сама па сабе яна неблагая. Яна
15 розных чалавек могуць чытаць гэтыя лекцыі, бо ўнівэрсытэт запрашае спэцыялістаў. У нас жа — адзін чалавек, які, можа, ніколі ў гэтай галіне і не працаваў ...

ніколі не рэалізоўвалася, але ж ёсьць нейкі бэграўнд у розных галінах. Матэматыка, фізыка, якое-ніякое, але базавае разуменьне гэтых рэчаў ёсьць. А там адразу пачынаецца спэцыяльнасьць. Я, напрыклад, выбрала малекулярную біялёгію, і ад самага пачатку пайшлі малекулярна-біялягічныя дысцыпліны, нічога іншага, толькі тры дысцыпліны ў сэмэстар. Зразумела, што глыбокая падрыхтоўка ў сваёй спэцыяльнасьці — гэта так. Усе выкладчыкі – яны спэцыялісты. І калі лекцыйны курс 15-20 лекцый у сэмэстар, то могуць 15 розных чалавек чытаць гэтыя лекцыі, бо ўнівэрсытэт запрашае спэцыялістаў. У нас жа — адзін чалавек, які, можа, ніколі ў гэтай галіне і не працаваў. Яму пхнулі, сказалі – чытай вось гэта. І ён прачытаў тое, што я і сама магу прачытаць у кнізе. Вось як ён выкладае. Я ўсьцешаная, што менавіта так спалучыла гэтыя элемэнты: гады, калі ішла спэцыялізацыя, я была ў Эдынбургу, а толькі пачатак засьпела тут…

Сэртыфікат аргентынскай алімпіяды

— Такім чынам, далей – Оксфард. Зь дзяцінства ўсе мы чулі і пра Оксфард, і пра Кембрыдж. Ці было адчуваньне, што калі-небудзь удасца туды трапіць?

— Ведаеце, было такое прадчуваньне, калі я пра гэта думала. Шчыра кажучы, я нават не разглядала нейкія астатнія ўнівэрсытэты, таму што ў Вялікай Брытаніі таксама заўсёды хочацца рухацца ўверх, наперад. Эдынбург – гэта ўжо адзін з трох найбольш прэстыжных унівэрсытэтаў Брытаніі, дык куды яшчэ было ісьці? Толькі Оксфард, Кембрыдж. У Лёндане ёсьць месцы, але там жыць вельмі цяжка і грошай патрэбна многа. Таму так — адносна і Оксфарду, і Кембрыджу было прадчуваньне. Але Оксфард бліжэйшы мне, таму што ён, як мне здаецца, бліжэйшы мне па нейкіх гуманітарных кірунках. Мне гэта цікава, хацелася б пазнаёміцца зь людзьмі, якія ў гэтых варунках працуюць. Таму так, Оксфард….

— Які спэктар будучай дзейнасьці? Базавы, што атрыманы ў Эдынбургу? Ці штосьці будзе пашырацца, разьвівацца?

— Гэта будзе асьпірантура, гэта праца ў лябараторыі, каб зрабіць сваю дысэртацыю. Там амаль нічога ўжо не выкладаецца, хіба што як я сама вырашу – хачу я сядзець нейкі курс слухаць ці не хачу. А магу проста ў лябараторыі працаваць, працаваць і працаваць. За чатыры гады патрэбна напісаць дысэртацыю. Але гэта ўжо ня будзе навучаньне. Як кажуць, навуковая праца на самым пярэднім краі.

— Якое зацікаўленьне асабістае? У якой галіне хацелі б зрабіць адкрыцьцё на Нобэлеўскую прэмію?

— Мая галіна называецца транскрыптоміка. І калі ў мяне пытаюцца, што яна вывучае, цяжка так проста растлумачыць… Гэта паміж ДНК і ўсімі пратэінамі, на памежжы, скажам так. Гэта абсалютна новая галіна, цяжка патлумачыць нават спэцыялістам. А для неспэцыялістаў гэта наагул…

— У новую галіну выпадковыя людзі не трапляюць. Можна сказаць, што цяпер вы ў асяродку навуковай эліты?

— Ну, калі хочаце, то яно можа і так. Таму што калі я глядзела, выбірала асьпірантуру, шукала тэму, усё астатняе, то хацелася цікавую і новую тэму. Гэта, калі параўнаць, як мода на адзеньне. Яна абавязкова прыходзіць! У навуцы ёсьць такое ж: Тэмы распачынаюцца, потым наступае іх росквіт — шмат публікацый, шмат прэстыжных узнагарод і г.д. – а потым людзі, якія іх пачалі рабіць у сваю маладосьць ці калі ім было 30, яны застаюцца ў гэтай галіне і дапрацоўваюць свае адкрыцьці. І тады галіна ўжо добра вядомая, людзі проста працуюць. А потым знаходзяцца новыя і новыя напрамкі і вось — тая хваля, якую схапіла я. Думаю, што якраз гэта будзе і новае, і цікавае.

— Праца, натуральна ж, не дабрачынная. Вас у пэўным сэнсе ўтрымліваюць?

— У мяне некалькі стыпэндый, якія разам пакрываюць маё навучаньне, таму што асьпірантура – гэта ж не бясплатна. Туды ж уключаны і мой асабісты заробак. Але мне гэта нічога не каштуе, я нічога не бяру са сваёй кішэні. Усё гэта аплачваецца фондамі усялякімі арганізацыямі, якія дзеля таго і існуюць.

Срэбны мэдаль аргентынскай алімпіяды

— Наколькі разумею, вы ўжо былі ў Оксфардзе — сумоўе, тэсты…

— Так, я была на сумоўі, у некалькіх лябараторыях. Я выбірала паміж рознымі лябараторыямі, урэшце выбрала гэтую, у якой буду працаваць. Выбірала па розных прычынах, у тым ліку і сваіх асабістых.

— І якія ўражаньні, адчуваньні – з ранейшымі марамі супала?

— Я б сказала, што так. Але ўвогуле цяпер Оксфард – досыць цяжкое для мяне пытаньне. Так, здаецца прэстыжна і ўсё такое, але калі пажывеш у заходнім сьвеце, зьяўляюцца новыя адчуваньні. У нас падзел паміж людзьмі багатымі і беднымі вялікі, і там ён таксама ёсьць. І Оксфард, і Кембрыдж, канечне ж, установы элітныя, і якраз гэта з маімі асабістымі поглядамі ня вельмі стасуецца. Хацелася б не далучыцца да гэтага мэйнстрыму, застацца пры сваіх поглядах; сказаць, што павінна быць усё адкрытае – і грамадзтва, і адкрыты доступ да адукацыі з усіх пластоў насельніцтва. Таму што ёсьць таленавітыя дзеці, таленавітая моладзь паўсюдна.

Улада і Х'ю

— Улада, раскажыце крыху пра свайго сябра Х'ю, дзе пазнаёміліся…

— У Эдынбургу мы пазнаёміліся, дзе існуе такая суполка незалежнай моладзі – артыстаў, людзей навукі і мастацтва. Людзі проста зьбіраюцца разам, у іх было памяшканьне, дзе яны ладзілі выставы, імпрэзы, канцэрты, усё гэта бясплатна. І вось мы таксама ўдзельнічалі ў гэтым – незалежна адзін ад аднаго. А потым неяк сустрэліся з сумеснымі сябрамі. Так і пазнаёміліся бліжэй. Цяпер Х'ю знаёміцца зь Беларусьсю…

Х'ю: …У нас таксама кажуць – вельмі прыемна пазнаёміцца!

— Узаемна!

Беларусы ў Оксфардзе: Уладзіслава Чалей
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:35 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG