Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора цукар каштаваў 5000, сёньня — 6000…


Ад сёньня ў Беларусі чацьвёрты раз за гэты год павышаныя розьнічныя кошты на цукар-пясок. Кіляграмовы пакет, якія яшчэ ўчора каштаваў пяць тысяч рублёў, цяпер прадаюць за шэсьць тысяч. Мінэканомікі абяцала, што новыя цэны зьявяцца заўтра, але гандляры зьмянілі цэньнікі ўжо сёньня.

Працягваецца падаражаньне і многіх іншых харчовых тавараў.

ВІЦЕБШЧЫНА


«Кажуць, што будзе цукар і па 10 тысяч. І паабяцаюць з 20-га, а зробяць з 15-га»

Віцебскія пэнсіянэркі, пачуўшы, што з 10-га верасьня мае падаражэць цукар, кінуліся ў краму рабіць запасы. Але — спазьніліся: хоць паводле афіцыйнай пастановы Саўміну цукар павінен быў падаражэць толькі з 10 верасьня, цэньнікі ў крамах зьмянілі яшчэ напярэдадні.

Абураная пэнсіянэрка: «Я во толькі па радыё паслухала, пабегла, думала, яшчэ па пяць тысяч, а цукар ужо па шэсьць! А што ж гэта робіцца! Ужо шэсьць тысяч! А сёньня толькі 9-га, заўтра 10-га! А-ёй!».

Другая спадарыня: «Сёньня ж зранку быў яшчэ пяць тысяч, я сама во толькі ўбачыла. У нас усё даражэе, нават хлеб даражэе!».

Пэнсіянэрка: «Сёньня 9-га, дакладна, я во толькі пэнсію атрымала! Цяпер нам дабавяць пэнсію толькі ў лістападзе, а цукар падаражэў ужо сёньня!».

Гандлярка: «А што ўжо тут — адзін дзень туды, адзін дзень сюды… Усяго не нахапаесься!».

Пэнсіянэрка: «Ага, канечне! Вам толькі дай прадаць даражэй ды на дзень раней! Ого як атрымаецца! Вось кажуць, што будзе і 10 тысяч. І будзе, і хутка ўжо! І паабяцаюць з 20-га, а зробяць з 15-га!».

Спадарыня: «Ужо ж будзем тады ня дзьве лыжкі ў кубак сыпаць, а толькі лыжачку…».

Пакупніцы атакуюць і паліцы з тушонкай. У крамах сеткі «Віцебскія прадукты» зьявіліся вырабы аршанскага мяса-кансэрвавага камбінату, якія былі зрабіліся ўжо дэфіцытам. Спадарыня сталага веку хоча зрабіць «стратэгічны запас»:
Мала што зімой будзе! Мала што будзе! Дык я ўзяла во тушонкі гэтай па 11 тысяч.

«Мала што зімой будзе! Мала што будзе! Дык я ўзяла во тушонкі гэтай па 11 тысяч. Каб яны самі гэта елі, жывадзёры! Калі нам нешта купляць трэба, дык яны з нас гатовы садраць усё ўвогуле!».

У краме «Віцебскія прадукты» ўводзяць абмежаваньні на продаж харчовых вырабаў

Шмат хто перакананы, што кошты ў крамах растуць, бо прадукты тут масава скупляюць прыежджыя з Расеі. Таму ў крамах сеткі «Віцебскія прадукты» ўвялі абмежаваньні на продаж харчовых вырабаў: у адны рукі адпускаюць толькі па пяць адзінак нейкага прадукту. Праўда, афіцыйных абвестак пра гэта няма, і пра абмежаваньні паведамляюць толькі падчас разьліку.

Пакупнікі з Расеі, абмяняўшы свае рублі па неафіцыйным курсе, бяруць па 5 кілё цукру ды па 5 бляшанак кансэрваў, амаль не адчуваючы падрослых коштаў. А для беларусаў кожнае падвышэньне, нават на 500 рублёў, дужа істотнае.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Пакупнікі скупляюць ня толькі цукар, але й мясныя кансэрвы, селядцы ды алей

Сёньня ў Гомелі ў шмат якіх крамах цукар прадавалі па 6 тысяч рублёў за кіляграм. У прыватнасьці, новыя цэны на цукар з раніцы выставілі крамы «Асарці» прадпрыемства «Аблгандальсаюз», а таксама акцыянэрнага таварыства «Цукаргандаль». У краме «Смак» , якая належыць «Гомельхлебпраму», цукру-пяску наагул не было, толькі рафінад.

Кабета сталага веку так рэагуе на дачаснае падвышэньне коштаў на цукар:

«Мяне ўжо нішто ня дзівіць. Я й не такое бачыла за сваё жыцьцё — і ў вайну, і пасьля вайны, і ў перабудову».

Спадар Міхаіл патлумачыў, што асабіста ён сёньня не пабег у краму — цукар па старым кошце набыў учора ў краме на вуліцы Цыялкоўскага:

«Я ўчора купіў па старым кошце — 4600».

Баючыся новых цэнаў, людзі скупляюць ня толькі цукар, але і мясныя кансэрвы, і селядцы, і той жа алей.

Чарга за селядцамі на гомельскім рынку.

У гарадзкіх крамах сланечнікавы алей цяпер наагул рэдка сустрэнеш. Разабралі.

На праспэкце Леніна ў краме «Родная старонка» алей толькі рапсава-сланечнікавы — па 15 тысяч 50 рублёў.

Пэнсіянэрка Марыя нясе ў торбе ажно 4 паўлітровыя бутэлькі рапсавага алею. Радуецца, што купіла яго на рынку ў фірмовай краме тлушчакамбінату нашмат таньней:

«Рапсавы! 12 тысяч з капейкамі. Я брала ў краме тлушчакамбінату — там толькі рапсавы».

Пасьля жнівеньскага падвышэньня коштаў у спэцыялізаваныя крамы пачалі завозіць і мяса. Але не ўва ўсе.

У фірмовай краме Калінкавіцкага мясакамбінату, што на Цэнтральным рынку, прадавалі толькі косьці пад назвай «Набор для баршчу» — за кілё 10 тысяч 500 рублёў. Відаць, з гэтай прычыны тут і «дзяжураць» вулічныя сабакі.

У краме саўгасу-камбінату «Сож» на вуліцы Кірава мінакам прапаноўвалі выразку сьвініны па 54–56 тысяч рублёў. Гараджане яе рэдка купляюць.

Бязь мяса выходзіць з крамы з мужам і спадарыня Валянціна:

«Цэны вельмі высокія, а пэнсіі ў нас невялікія. Хацелі мяса альбо сала. Па 54, 56 тысяч мяса. Гэта вельмі дорага. Костачкі будзем браць, рабрынкі, хаця й яны дарагія — па 18–19 тысяч. 19 тысяч кіляграм рабрынак! На бульбу абяцаў Лукашэнка даць грошы — не далі».

Мінак паважнага ўзросту, які назваўся Віктарам Іванавічам, кажа, што кінуў ганяцца за таньнейшымі харчамі:

«Я так разумею: шылам мора не сагрэеш. Як і павінна быць у нармальнай сям’і, нейкі запас на тыдзень ёсьць. А ўсё астатняе — гэта мітусьня, бо мы ў гэтым вар’яцкім доме не дагонім гэтыя цэны. Выступае пан альбо з аблвыканкаму чыноўнік і расказвае: мы ўсё стабілізавалі. А мы заходзім у краму, а там кожны дзень цэны растуць. Кожны дзень!».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Чэргі па мяса не зьнікаюць

У Магілёве на рынках чэргі па мясныя вырабы не зьнікаюць. На цукар ажыятажу няма. Цэны на яго ўзьнялі таксама сёньня. Тэму працягвае Андрэй Белагубаў.

Міні-рынак на вуліцы Маўчанскага ў Магілёве. Ля каўбасных павільёнаў мясцовых мясных заводаў — чэргі. Адзін з павільёнаў яшчэ зачынены. Людзі, пасеўшы на скрынкі, нецярпліва чакаюць, калі адчыніцца:
Каўбасы дужа дарагія. Бяруць самую танную.

«Спадзяюцца, мо што прывязуць. Сала ці яшчэ чаго. А ў гэты час няма абсалютна нічога — ні сала ніякага, ні мяса. Каўбасы дужа дарагія. Бяруць самую танную», — апавядае пра сытуацыю спадарыня сталага веку.

Яшчэ адна спадарыня, падышоўшы да адчыненага павільёна, доўга разглядае чаргу, заходзіць і тут жа выходзіць назад:

«Вы што, такая чарга, што я звар’яцела. Па кіляграм буду стаяць. А цэны — дык наагул звар’яцець можна. Скупляюць вунь цэлымі торбамі, таму й не хапае нічога. Расейцы ж вывозяць усё. Раней жа ўсё ляжала. А калі ўвечары пойдзеш — пустыя прылаўкі».

«Яны раней заўжды тут былі. А цяпер, відаць, пастаўкі ідуць у Расею. Як прывозяць, дык людзі стараюцца па дзьве курыцы браць. Канечне, і чэргі стаяць».

Карэспандэнт: «Ад сёньняшняга дня падаражэў цукар на дваццаць працэнтаў. Чакалі гэтага падаражэньня?».

Спадарыня: «Спадзяваліся, што зь дзясятага. Так было напісана паўсюль. А сёньня ўжо новая цана. Крыўдна».

Пакупнікі лічаць, што заўчаснае падаражэньне цукру зроблена наўмысна.

Карэспандэнт: «Не пасьпелі закупіцца?».

Спадарыня: «Не пасьпелі. На дзень спазьніліся».

У прыватных гутарках прадаўцы патлумачылі, што заўчаснае падаражэньне цукру — дзеяньне наўмыснае, каб не раскуплялі. Пакупнікі новых цэнаў не разумеюць. Як гэтая спадарыня:

«Мяне зьдзіўляе, што гэта ж прадукцыя таго году, ці так, — і так рэзка ўзьнімаць цэны!».

Скупляюць на рынку й яйкі. Цэлымі латкамі. Па яйкі, аднак, чэргаў пакуль няма.

Чарга па мяса на магілёўскім рынку.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Ужо ўзьнікае ажыятаж на каву і чакаляд»

Акрамя сталага росту коштаў на прадуктовыя тавары, берасьцейцы адзначаюць і пэрыядычны іх недахоп. Пэнсіянэраў найбольш непакоіць падаражэньне асноўных прадуктаў харчаваньня — хлеба, малака, цукру, алею, мясных вырабаў. Скардзяцца яны й на падаражэньне паслугаў транспарту.

Людзі маладзейшага веку зьвяртаюць увагу на значны рост коштаў на тавары, якія завозяцца з-за мяжы — касмэтыка, пральныя парашкі, кава…

Дзяўчына: «Мяне непакоіць, што зьнікаюць імпартныя тавары, нават вось тыя чыпсы бывае немагчыма знайсьці. Зьнікаюць пэрыядычна малочныя прадукты. Заходзіш у краму, а там няма таго ж сыру плаўленага, нават ня могуць патлумачыць, калі прывязуць… Узьнікае ажыятаж на чакаляд, каву. То бок немагчыма зараз набыць тое, што купляла раней…».

Спадарыня кажа, што цяпер людзі пачалі больш зьвяртаць увагу на кошты, пачалі пераходзіць на таньнейшыя прадукты.
Незразумела, чаму прывязваюць да даляра цэны на тавары, якія вырабляюць у Беларусі?

Дзяўчына: «Даводзіцца пераходзіць на беларускія тавары, якія адрозьніваюцца па якасьці, але на іх ужо таксама стараюцца дацягнуць такі ж кошт, як і на імпартныя… І вось мне незразумела, чаму прывязваюць да даляра кошты на гэтыя тавары, якія вырабляюць у Беларусі».

Хто ж вінаваты, што прадукты пэрыядычна даражэюць? Многія берасьцейцы выказваюцца так:

Спадар: «Вядома ж, улады — сваёй бесталковай эканамічнай палітыкай, якая давяла краіну да ручкі… Гандлявалі — весяліліся, падлічылі — прасьлязіліся…».

Дзяўчына: «Чыноўнікі, якія нічога не прадпрымаюць…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG