Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бульба ўрадзіла — на ёй не заробіш»


На гомельскім рынку бульба па дзьве з паловай — тры тысячы.
На гомельскім рынку бульба па дзьве з паловай — тры тысячы.
Беларусь капае бульбу. Натхнёныя леташнімі высокімі цэнамі (тады бульба не ўрадзіла ў Расеі) сёлета беларускія гаспадаркі павялічылі бульбяныя пасадкі на 20 працэнтаў. Улады распрацавалі адмысловую дзяржаўную праграму на пяцігодку, заплянавалі штогод вырошчваць яе ня менш чым 9 мільёнаў тон.(Летась было сабрана каля 8 мільёнаў тон). І бульба сёлета ўрадзіла. Але адпаведна папаўзьлі ўніз цэны.

Ці ўдасца сёлета беларусам зарабіць на бульбе? Тэму дасьледуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Людзі кажуць: у Смаленску ды Рудні ўсё забіта бульбай зь Беларусі…»

На Віцебшчыне, як і ў многіх іншых рэгіёнах, бульба сёлета ўрадзіла. Але як яе выгадна прадаць?

Пётар Іванавіч прывёз бульбу зь Лёзьненскага раёну, дзе жыве, у абласны Віцебск. Уладкаваўшыся каля харчовай крамы разам з бабулямі-пэнсіянэркамі, якія гандлююць гароднінай, ён чакае пакупнікоў. Ды скардзіцца:

«Гэта Журавінка», яна разварыстая, а гэта — «Дзецкасельская», таксама добры гатунак! Бульба зь Лёзьненскага раёну. Я ўчора сядзеў на працы, дык хацеў ужо звальняцца — мне няма куды бульбу падзець. Кажу: «Шэф, адпусьці мяне, паеду кудысьці прадаваць!». Дык гэта яшчэ ня ўсё выкапалі — у мяне яшчэ 15 баразён стаіць, усе выходныя буду рыць, нікуды не паеду. І ў мінулыя выходныя 18 баразён выкапалі».

Спадар Пётар кажа, што ён сам ды ягоныя землякі спадзяваліся прадаць бульбу ў Расею. Гэта выгадна: Лёзьненскі раён мяжуе са Смаленскай вобласьцю, дый плацяць там дэфіцытнай валютай — расейскімі рублямі. Але якраз валютны крызіс і спарадзіў вялікую канкурэнцыю сярод гандляроў:
Калі па чорным курсе лічыць, то кіляграм бульбы ў Расеі каштуе каля 4 тысяч беларускіх рублёў.

«У Расею я сам яшчэ ня езьдзіў, але людзі езьдзілі цягніком, дык казалі, што ўсё ў Смаленску ды Рудні забіта бульбай з Магілёўшчыны і нават Берасьцейшчыны. Па 14 рублёў даюць, і гэта, калі па чорным курсе лічыць, каля 4 тысяч за кілё атрымліваецца. І ўсё бітком забіта! Во каб сюды праехалі са Смаленску… Там мне абяцалі цёткі — калі прыедуць самі, дык я ім тры тоны бульбы і аддам!».

У беларускую гандлёвую сетку спадар Пётар сваю бульбу аддаваць ня хоча: там плоцяць здатчыкам па 1100–1200 за кіляграм, калі прывезьці гуртам. Потым, пасьля гандлёвых накрутак, у краме бульба будзе каштаваць пад 3 тысячы. Дык прасьцей самому прадаваць крыху таньней, як у краме, каб ня траціць прыбытак, кажа вясковец.

Мясцовае прадпрыемства «Талачынскі кансэрвавы завод» мае цэлыя плянтацыі бульбы, а таксама адмысловае сховішча. На гэта выдаткавана шмат дзяржаўных сродкаў, кажа актывіст кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка:

«У Талачынскім раёне некалькі дзясяткаў сельскіх гаспадарак, але ніводная зь іх бульбу ня садзіць. Вырошчвае яе толькі завод — і на гэты самы завод прыяжджаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч. І праводзілі там нараду наконт захоўваньня бульбы. Спадару Анатолю Анюхоўскаму — гэта наш сэнатар, дырэктар заводу — выдзяляецца на адпаведныя мерапрыемствы амаль 15 мільярдаў рублёў.

Міхаіл Мясьніковіч, выступаючы на нарадзе, гаварыў пра неабходнасьць барацьбы са шкоднікамі — каб вырошчваць якасную бульбу для рэалізацыі, у тым ліку і за мяжу. А таксама пра паляпшэньне ўмоваў захоўваньня ды перапрацоўкі. Але пляны пакуль дужа разыходзяцца з рэчаіснасьцю, канстатуе спадар Петрушэнка:

«Гадоў 8–10 таму мясцовы крухмальны завод аб’ядналі з гэтым прадпрыемствам, вінзаводам. Але ў нашых талачынскіх крамах крухмал цяпер калі ёсьць, то толькі імпартны або з Гарадзенскай вобласьці».

Што да плянаў прэм’ер-міністра наконт экспарту беларускай бульбы, то афіцыйных распрацовак наконт маршрутаў і цэнаў сяляне Віцебшчыны не чакаюць: нехта ўжо вязе бульбу ў Расею, нехта спрабуе даражэй прадаць тут, а нехта спрабуе захаваць яе да зімы — спадзеючыся на далейшае падвышэньне коштаў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Вяскоўцы спрабуюць на бульбе выжыць

Ня ўсе калгасы на Магілёўшчыне высаджваюць бульбу — нявыгадна. Тым часам простыя вяскоўцы спрабуюць на бульбе выжыць.

У Чэрыкаўскім раёне толькі два сельгаскаапэратывы сёлета маюць бульбяныя палеткі. Пра гэта паведаміў адзін з кіраўнікоў мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства:

«Мы ж бульбы наагул ня садзім».

Карэспандэнт: «Нявыгадна?».

Кіраўнік: «Так, гэта ж трэба й камбайны бульбяныя, саджалкі і ўсё астатняе. А ў нас іх няма. Жывём весела».

Вяскоўцы памежжа тым часам актыўна карыстаюцца магчымасьцю прадаваць бульбу ў Расеі. Цэны на яе на рынках памежных райцэнтраў застаюцца высокімі, хоць сёлета бульба і ўрадзіла:
Тут ёсьць такія людзі, якія па шэсьцьдзесят, па семдзесят тысяч набываюць мех і вязуць у Расею.

«У Крычаве ўчора быў, там па дзевяноста тысяч мех. Дваццаць тысяч — вядзерца малое дзесяцілітровае. Тут ёсьць такія людзі, якія па шэсьцьдзесят, па семдзесят тысяч набываюць мех і вязуць у Расею. Нават некаторыя па восемдзесят бяруць. Там вышэйшыя цэны», — кажа жыхар вёскі Верамейкі Чэрыкаўскага раёну Віктар.

У Горацкім раёне таксама ня ўсе гаспадаркі высаджваюць бульбу. У жыхаркі адной зь вёсак раёну Галіны пацікавіўся, ці дапамагае саўгас капаць бульбу:

«Не. У гаспадарцы няма тэхнікі — ні капалак, ні камбайнаў. Нічога гэтага няма. Раней было. А цяпер — усё. Людзі — хто як можа. У нас во трактарыст. Ён бярэ трыццаць тысяч за сотку. Там дваццаць сотак. Вось, калі ласка, лічыце — колькі трэба аддаць, каб выкапаць гэтыя дваццаць сотак».

Карэспандэнт: «А сам саўгас хіба не высаджвае бульбы?».

Спадарыня Галіна: «Не, канечне».

У Бялыніцкім раёне сельгаспрадпрыемствы бульбу высаджваюць. Сёлета яна тут урадзіла. Абагаціцца на ёй вяскоўцы раёну наўрад ці змогуць, заяўляе жыхар вёскі Машчаніца Барыс:

«У сувязі з тым, што ўраджай, то цэны закупныя на яе невысокія. Прыватнікі харчовую бульбу скупляюць па васямсот рублёў за кіляграм. Гэта ж сьмешныя цэны наагул».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Людзі будуць чакаць лепшай цаны»

Вясковы гаспадар з-пад Горадні спадар Мікола ня скардзіцца сёлета на ўраджай. Праблема ў іншым: бульба сёлета пакуль каштуе танна, зарабіць будзе праблематычна:

«Бульба ўрадзіла ў людзей, але цэны ня велькія на бульбу. Заготкантора, мусі, па васямсот пяцьдзясят рублёў прымае. Гэта зусім непрымальная цана. На рынку яна дзьве тысячы, паўтары тысячы… Людзі здаваць ня будуць, будуць чакаць лепшай цаны. Дзьве тысячы — гэта таксама не цана пры цяперашніх коштах на ўсё астатняе. У мінулы год добры быў ураджай на бульбу, але тады дапамаглі расейцы. У іх не было ўраджаю, і яны скуплялі, і добра паднялася цана. Яны па дзьве тысячы скуплялі».

Спадар Мікола кажа, што саджаюць нават па трыццаць сотак бульбы. Тады можна атрымаць, калі ўраджай сапраўды нядрэнны, дзесяць-пятнаццаць тонаў. Але капаць столькі бульбы ўручную ня будзеш. Тэарэтычна дапамагае калгас, але трэба чакаць: чарга.

Спадар Мікола: «Зараз у многіх калгасах няма абмежаваньняў: колькі хочаш, столькі садзіш, таму што платная кожная сотка. Павінен калгас, але цяпер у многіх людзей ёсьць капалкі. Вось, напрыклад, за пяць сотак ён бярэ семдзесят тысяч, прыватнік, а калгас не павінен браць, бо павінна гэта ўваходзіць у аплату, якую людзі плацяць».

«У асноўным польскія цяпер, прывозяць, недзе ў Берасьці прадаюць. Ну, не паслуга, яна нібы забароненая, тут і на гэтыя трактары хочуць падаткі накласьці. Ну, але ж людзі дапамагаюць так іншым і зарабляюць сабе грошы».

У Астравецкім, самым усходнім на Гарадзеншчыне, раёне ўраджай бульбы таксама добры, кажа тамтэйшы жыхар Мікалай. Але ягоныя суседзі стараюцца садзіць бульбу толькі на прысядзібнай дзялцы, зазначае ён:
Калгас пра бульбу людзей дбае ў апошнюю чаргу.

«Калі садзіць гэтую бульбу ў калгасе і ўсё праплаціць, то так атрымоўваецца, што можна нічога толкам не накапаць, таму што калгас пра бульбу людзей дбае ў апошнюю чаргу. А выкапаць — вялізная праблема, таму што пасаджаную пад саджалку трэба капалкай капаць, а гэта праблема восеньню, каб да яе дабіцца. Таму людзі вельмі мала садзяць на полі і зьвязваюць сябе з калгасам».

Ці прысылаюць капаць бульбу людзей з прадпрыемстваў і ўстановаў Астраўца?

Спадар Мікалай: «Сёлета я яшчэ ня бачыў, але прысылаюць, перш цэнтар занятасьці. Беспрацоўным, якія стаяць на ўліку, трэба адпрацоўваць нейкую шарварку — чатыры ці колькі дзён. Ну, і некаторыя лічаць магчымым папрацаваць значна больш, таму што і кош бульбы ён дзесьці прыцісьне, прыхавае, можа два, у кустах, а потым забярэ. Таму беспрацоўныя прыяжджаюць і дапамагаюць калгасам».

Апроч таго, як заўжды, дапамагаюць зьбіраць ураджай бульбы вучні сельскай школы, кажа спадар Мікалай.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Чэргі па бульбу: «Трэба штосьці есьці»

На Гомельшчыне сёлета, як заяўляюць чыноўнікі сельскай гаспадаркі, бульбы будзе накапана ў два разы больш, чымсьці летась. У мінулым годзе сабралі 172 тысячы тон клубняў, а сёлета, адпаведна, чакаецца ўраджай у межах 350 тысяч тон.

Разьлік на тое, што на бульбе няблага можна будзе зарабіць, прадаючы яе ў тую ж Расею.

Асобныя гамельчукі спрабавалі ўжо вывозіць бульбу ў Расею прыватным чынам. Аднак добрых барышоў на бульбе не займелі. Апавядае спадар Васіль :

Спадар Васіль

«Там атрымліваецца бульба па тысячы рублёў на нашыя грошы. Бульба ў Расеі — 5–8 рублёў. Нявыгадна. Хто там заробіць? А на крухмальны завод прымаюць бульбу ў Расеі па 2 рублі. Бульба там танная. Хіба толькі на курсе рубля нешта заробіць. А так нявыгадна везьці — за бэнзін больш аддасі».

Бульбасховішчы не пабудавалі

Бульбу, вядома, можна захоўваць да вясны, але на гэта патрэбны сховішчы, адпаведныя гатункі, фасоўка й рэгулярнасьць дастаўкі ў буйныя гандлёвыя цэнтры й рэстарацыі. А са сховішчамі ў рэгіёне ня так усё проста.

Аблвыканкам нават выдзеліў ільготныя крэдыты на пераабсталяваньне 58 памяшканьняў пад бульбасховішча. Аднак у жніўні, паводле праверкі Дзяржкантролю, толькі дзьве сельгасарганізацыі падалі дакумэнты, каб адкрыць фінансаваньне дзеля стварэньня бульбасховішчаў.

Кошт бульбы ў Гомелі — 2,5–3,0 тысячы рублёў за кг

Запасьлівы гараджанін
На гомельскіх рынках цяпер бульбу найчасьцей прапануюць прыватнікі. Кошт яе — дзьве з паловай, тры тысячы за кіляграм. Клубні чыстыя, прыгожыя. Бывае, вядома, прадаюць і па 1600 рублёў, але таварны выгляд у яе ня надта прывабны.

Спадарыня Наташа зь вёскі Прыбар Гомельскага раёну кажа, што ня так проста цяпер вырошчваць бульбу прыватнікам — дорага апрацоўваць поле, шмат каштуе і насеньне, і сродкі хімабароны:

«Цяжка вырошчваць — усё наймаем. Ад сямі да дзесяці тысяч каштавала вясной сотка. Пасадзіць — 7–10 тысяч».

Спадарыня Люба зь вёскі Галавінцы кажа, што цяпер нават у вёсцы людзі ня надта хочуць вырошчваць бульбу — традыцыйную, здавалася б, для Беларусі культуру:

«Гэта ручная праца. Цяжка вырошчваць, таму людзі й ня хочуць займацца. Вырошчваюць хіба крыху для сябе. Нам ніхто не дапамагае. Ніякага трактара, ніякага каня — ужо даўно гэтага няма. Вярнуліся да ручной працы — усё ручная праца».

Суразмоўца кажа, што зарабіць на бульбе крыху можна, але разбагацець — не:

«Калі падлічыць усе выдаткі — па насеньне мы езьдзілі ў Самахвалавічы пад Менск, куплялі насенны матэрыял па 5 тысяч, а прадаем па 2–3 тысячы, то наўрад ці ўдасца абагаціцца. Зарабіць — гэта памяняць яе на хлеб, на цукар».

Многія гараджане разьлічваюць закупіць бульбу для сям’і на восеньскіх кірмашах, якія звычайна ладзяцца мясцовымі ўладамі ў выходныя, пачынаючы з другой паловы верасьня. Аднак і цяпер, як толькі прыгарадная гаспадарка прывозіць у горад тую ж бульбу нават па паўтары тысячы за кілё ды іншую гародніну, выстройваюцца вялікія чэргі:

Кабета: «Есьці штосьці трэба да кірмашоў!».

Мужчына: «Проста зараз няма бульбы. Мы не нарыхтоўваем пакуль на зіму, а проста бяром для сябе на кожны дзень. Ня намі заведзены такія цэны. Што мы тут зробім?!».

Кабета: «Вельмі дорага, асабліва для пэнсіянэраў. Дапамогу на бульбу абяцалі, але пакуль няма. Таму трэба стаяць, трэба штосьці есьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG