Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спачатку зьнікае школа, потым — вёска


Зачыненая школа ў вёсцы Лучай
Зачыненая школа ў вёсцы Лучай
Да 1-га верасьня ў Беларусі будуць зачыненыя яшчэ 70 школ — ня толькі пачатковых і базавых, але й сярэдніх. Акрамя таго, скарачаецца і агульная колькасьць школьнікаў. У мінулым навучальным годзе іх было звыш 940 тысяч, а на наступны прагназуецца амаль на 22 тысячы менш.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Дзе няма школы, там няма жыцьця"

Сёлета ў Гомельскай вобласьці зачыняюцца 16 устаноў адукацыі.

Як заявіў на прэсавай канфэрэнцыі начальнік управы адукацыі аблвыканкаму Сяргей Парошын, найперш зачыняюцца й рэарганізуюцца школы й дзіцячыя садкі ў сельскай мясцовасьці, у якіх вучацца па 30—50 чалавек.

У свой час была закрыта базавая школа ў вёсцы Драгунск Рагачоўскага раёну. Ня стала школы — ня стала й пэрспэктывы ў вёскі.

"Зьяжджаюць і з Журавічаў, якая лічыцца аграгарадком".

Гаворыць жыхарка Драгунску спадарыня Сьвятлана:

тут ніхто й не застаецца. Тут няма ні працы, анічога ...

"А што ў нашай вёсцы — адны старыя, якія паміраюць. Тут ёсьць вуліца Маладзёжная, на якой стаяць чатыры дамкі. А так тут ніхто й не застаецца. Тут няма ні працы, анічога. Школу закрылі і зрабілі там клюб. Ну, калі б школы не было, а праца была. А так і працы няма людзям. Наша вёска памірае ўжо. Нават з Журавічаў, якія лічацца аграгарадком, — і адтуль зьяжджаюць, наколькі я ведаю. У Рагачове будуюць сабе кватэры".

"Прапаноўвалі карэнным жыхарам вярнуцца ў Забалацьце — ня едуць людзі"

Ня так даўно закрылі пачатковую школу і ў Забалацьці Петрыкаўскага раёну. Дзяцей пачалі вазіць у Курыцічы. Хоць з эканамічнага гледзішча школу нібыта й немэтазгодна трымаць, аднак разам са школай сышла й прывабнасьць вёскі для жыцьця. Апавядае спадарыня Юля, мясцовая спэцыялістка спажывецкай каапэрацыі, якая змушана там працаваць пэўны час:

працы няма, толькі калгас ...

"Школа ў нас была, а пасьля штосьці кшталту клюбу зрабілі — калі вечар у каго ці вясельле. Хлопцаў у войска праводзілі, дык таксама вечар быў — жанкі прыходзілі, старыя людзі — гулялі там. Калі б яшчэ нейкая праца была, то, можа, нехта й прыехаў бы. А то й працы няма, толькі калгас. Прапаноўвалі тым, у каго карані ў Забалацьці, прапаноўвалі назад — ня едуць людзі. Няма пэрспэктывы ехаць сюды, у вёску. Усе хочуць, каб нейкі міні-заводзік, клюб, аптэка, школа, дзіцячы садок былі, то, можа, хтосьці б і прыехаў".

"Калі зачыняюць школу, то ніхто вёску для жыцьця не выбірае"

Гомельскі грамадзкі актывіст, былы выкладчык гімназіі так камэнтуе сытуацыю з закрыцьцём школаў праз эканамічную немэтазгоднасьць:

"Калі зачыняюць школу, то ніякіх пэрспэктыў у гэтай вёскі няма. Як бы ні было, калі ёсьць школа — гэта пэўны асяродак, пэўнае культурнае жыцьцё ёсьць у гэтым паселішчы. Пасьля закрыцьця гэта ўсё зьнікае. І зразумела, што ніхто ня будзе выбіраць для жыцьця тую вёску, дзе няма нават школы".

ВІЦЕБШЧЫНА


Каб рэфармаваць школу ў гімназію, зь яе выдалілі цыганскіх дзяцей

Больш чым у іншых рэгіёнах закрываюць школы сёлета на Віцебшчыне — іх стане на два дзесяткі меней. Акрамя таго, тут рэфармавалі некалькі навучальных установаў. У прыватнасьці, у райцэнтры Талачын з раённай гімназіі выдалілі цыганскіх дзетак.

Дзетак з цыганскіх сем'яў перавялі ў суседнюю вясковую школу. Пра гэта "Свабодзе" паведаміў праваабаронца грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Мікалай Петрушэнка:

Закрылі для цыганоў школу, не патрэбныя яны і гімназіі

"У Талачыне пражываюць каля 500 цыганоў, кампактна, у раёне чыгункі. Некалі яны хадзілі ў школу паблізу, была чатырохклясная школа. Але яе зачынілі, а цыганят — у сярэднюю школу № 3. Прайшло колькі год, і сёлета ў школе № 3 зрабілі гімназію, а цыганы там аказаліся непатрэбныя. Іх перавялі і будуць вазіць у вясковую школу, у вёску Азерцы".

Найбольш актыўныя бацькі цыганскіх дзяцей напісалі ліст пратэсту Аляксандру Лукашэнку: маўляў, гэта дыскрымінацыя — пераводзіць іхных дзяцей у вясковую школу, у той час як зь вёскі Волкавічы вучняў зьбіраюцца вазіць у гарадзкую школу ў Талачыне.

Вёска Волкавічы гібее, бо ня стала школы

У Волкавічах школу сёлета зачынілі, працягвае Мікалай Петрушэнка:

"Вёска Волкавічы — гэта былы цэнтар сельсавету. Але яго скасавалі, а суседнюю вёску Варанцэвічы зрабілі аграгарадком. Вёска Волкавічы гібее, але ж дзяцей недзе вучыць трэба? Трэба. Вось іх і возяць…".

У таленавітых дзяцей з глыбінкі адабралі Лужасьнянскую гімназію-інтэрнат

На думку актывіста кампаніі "Наш дом", пытаньні пра рэарганізацыю населеных пунктаў і навучальных установаў трэба вырашаць публічна, вывучаючы меркаваньні грамадзкасьці. А ня так, як зрабілі сёлета з талачынскай гімназіяй. Або з Лужасьнянскай гімназіяй-інтэрнатам для таленавітых дзяцей — адзінай навучальнай установай такога профілю ў Віцебскай вобласьці. Сёлета яе рэарганізавалі ў кадэцкую вучэльню, перакрыўшы вясковым дзецям шлях да прэстыжнай адукацыі.

Былы настаўнік Лужасьнянскай гімназіі лічыць гэта несправядлівым:

"Прыяжджалі дзеткі з усёй Віцебскай вобласьці, з самых глухіх "глыбінак", яны былі вельмі руплівыя, вельмі дапытлівыя. І тут яны былі занятыя круглыя суткі: пасьля ўрокаў — нейкія факультатывы, спэцкурсы…Шмат хто з "глыбінкі" меў магчымасьць пайсьці далей. Наўрад ці тыя дзеці змаглі б трапіць у прэстыжныя навучальныя ўстановы з тых вёсак, адкуль яны некалі прыехалі".

У некаторых такіх вёсках школаў проста не было, а ў Лужасьнянскай гімназіі за 16 год існаваньня выгадавалася 340 пераможцаў абласных, 195 — рэспубліканскіх і 14 — міжнародных прадметных алімпіядаў, практычна кожны былы гімназіст паступаў у ВНУ.

Замест здольных дзяцей будуць выхоўваць паслухмяных кадэтаў

Тры гады таму ў Лужасьнянскую гімназію прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка, ён гуляў у футбол на новым стадыёне — гэтыя кадры паказвалі па тэлевізіі. І ўсе дзяржаўныя СМІ цытавалі ягоныя словы пра неабходнасьць стварэньня падобных установаў у кожнай вобласьці.

Аднак сёлета замест таленавітых вясковых дзяцей у Лужасьне будуць
Здольныя дзеці зь вёсак у нас нікому не патрэбныя, а патрэбныя паслухмяныя салдаты ...

вучыць кадэтаў — у дзьве восьмыя клясы тут набралі 48 хлопчыкаў, і гэта будзе ўжо другая ў вобласьці кадэцкая вучэльня — пасьля Полацкай. Дырэктар былой Лужасьнянскай гімназіі Ўладзімер Шыцько заявіў , што "зьмена статусу навучальнай установы стала заканамерным этапам у яе разьвіцьці". А ўдзельнікі абмеркаваньня на незалежным сайце "Народныя навіны Віцебска" выказаліся больш канкрэтна: "Здольныя дзеці зь вёсак у нас нікому не патрэбныя, а патрэбныя паслухмяныя салдаты. Вельмі шкада...".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Пакуль абяцаньні: настаўнікам — працу, школьнікам — аўтобус

У рэгіёне ў гэтым годзе зачынілі 16 школ. Сярод іх — тры сярэднія, пяць пачатковых і восем базавых.

Настаўнікам абяцаюць новыя месцы працы, а вучням — падвоз у іншыя школы. Дзеля гэтага школам плянуюць сёлета выдзеліць 8 аўтобусаў.

Як распавёў Алесь Кенда, былы настаўнік Хрысаўскай базавай школы Бярозаўскага раёну, зачыненай два гады таму, закрыцьцё школы вяскоўцы заўсёды ўспрымаюць нэгатыўна.

"Тут школкі былі нават пры Расейскай імпэрыі"

у любым населеным пункце, нават у самым маленькім, школка павінна быць ...

Алесь Кенда: "Наагул, сам факт таго, што зачыняецца школа ў вёсцы, гэта заўсёды шок для мясцовага насельніцтва. Бо ў любым населеным пункце, нават у самым маленькім, школка павінна быць. Такія школы былі заўсёды, нават у часы Расейскай імпэрыі. Таму зразумела, што гэты факт выклікае ў людзей вялікі жаль. Таму людзі зьвярталіся да чыноўнікаў, прасілі, каб школа засталася".

Аднак, як кажа спадар Алесь, Хрысаўскую школу зачынілі, нягледзячы на тое, што людзі зьвярталіся ў розныя інстанцыі. 25 вучняў зь вёскі Хрыса былі пераведзеныя ў школы Белаазёрску і Зьдзітава. Там жа знайшлі працу і большасьць з 11 настаўнікаў.

Як патлумачыў кандыдат пэдагагічных навук Мікалай Коўш, які пэўны час працаваў першым намесьнікам старшыні Берасьцейскага абласнога аддзелу адукацыі, закрыцьцё школаў — вынік ня толькі складанай дэмаграфічнай і сацыяльнай сытуацыі:

калі зачынілі і школу, то на гэтай вёсцы можна ставіць крыж ...

"Спачатку зачынілі царкву, потым зачынілі краму і пачалі вазіць прадукты аўталаўкай, а калі зачынілі і школу, то на гэтай вёсцы можна ставіць крыж. Яе адносяць да ліку непэрспэктыўных. Што там можа ўтрымаць моладзь? Таму ў выніку такая вёска зь непэрспэктыўных пераходзіць у лік выміраючых".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG