Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 сутак ні за што. Турэмны дзёньнік незалежнага журналіста (4)


Турэмны дзёньнік Алеся Асіпцова
Турэмны дзёньнік Алеся Асіпцова
Незалежны журналіст з Магілёва Алесь Асіпцоў адбыў дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту 3 ліпеня. У турме ён вёў дзёньнік. Алесь называе свой дзёньнік «Абразкамі журналіста ў няволі». У ім размова пра людзей, якія ўдзельнічалі ў магілёўскіх маўклівых акцыях пратэсту 3 і 6 ліпеня і былі іх сьведкамі. Пра тых, хто правёў за кратамі ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня не адны «суткі» свайго жыцьця.

14 ліпеня. Валянцін да позьняй ночы пільнаваў з акна, ці прывязуць, як ён выказваўся, навабранцаў. Учора ж была серада з традыцыйным маўклівым пратэстам. Не ўпільнаваў. Заснуў. Некага ж усё роўна прывозілі, упэўнена заяўляе ён. З вакна й я бачыў, як пад’яжджаў міліцэйскі бусік. Доўга стаяла легкавушка. На ёй прыехаў нейкі падпалкоўнік. З Валянцінам высноўваем, што ён начальнік ізалятара.

Позьняй ноччу ў суседняй камэры некаму кепска. З калідора чуваць трывожны голас наглядчыка. Ён у тую камэру: «Пакладзі на бок! Трымай!». Наколькі пасьпеў зразумець, рэжым адносінаў наглядчыкаў з адміністрацыйна асуджанымі такі, што міліцыянтам забаронена адчыняць дзьверы і ўваходзіць у камэру па адным, толькі з напарнікамі. Адсюль, відаць, і крык, каб нехта некага паклаў на бок. У бальшыні сваёй наглядчыкі на калідоры — маладыя хлопцы, сяржанты. У таго, каго трэба было пакласьці на бок, відаць, быў прыпадак эпілепсіі. Наагул цяжка зразумець, чаму такіх хворых вязуць у ізалятар. І чаму ізалятар іх прымае, бо калі чалавека сюды афармляюць, то дзяжурны пытаецца пра хваробы. Часта з акна бачу «Хуткую дапамогу» на ізалятарным двары.

Валянцін раніцай паскардзіўся, што таксама ня спаў, калі некаму было кепска. Кажа, што ледзьве сэрца ня выскачыла. Хлопец малады, яшчэ ўсяго ў жыцьці не пабачыў.

Раніца, прыборка, шмон. Калі расьпісваемся за сьняданак, вышукваем новых людзей у сьпісе. Няма ў ім праваабаронцы Барыса Бухеля. Нехта ў судзе пасьпеў шапнуць, што яго затрымалі сёмага ліпеня проста ў судзе. Прыйшоў на працэсы затрыманых напярэдадні — тут яго і ўзялі. Колькі далі, ня ведаем. У сьпісе са знаёмых прозьвішчаў толькі нашы й журналісткі Аліны — Скрабунова. Яна выйдзе разам з Валянцінам, 18 ліпеня. Далі ёй 15 сутак.

Вядуць на прагулку. Ля камэры трэба шырока расставіць ногі і выцягнуць уверх па сьцяне рукі. Міліцыянт аблапвае, шукаючы, ці ёсьць пры мне нешта забароненае для пагулянкі. Тое ж робяць і з Валянцінам. Ідзем ужо знаёмым калідорам. Перад закратаванымі дзьвярыма трэба стаць тварам да сьцяны і закласьці за сьпіну рукі. Машынальна ўскідаю іх на сьцяну. «Рыхтуюся да расстрэлу», жартам кажу наглядчыкам. Тыя адказваюць нейкімі гукамі. Не разабраць. Гыргычуць.

Шпацыруем па цагляным закратаваным пакоі. Зьверху й неба закратаванае. Адціскаюся, прысядаю. Сьпінаю адчуваю, як малады наглядчык назірае за практыкаваньнямі. Валянцін закурвае. Прагулка — адно з задавальненьняў у турме.
Гадзіна сьвежага паветра. Надыхацца ня можаш. Аднекуль — водар кавы. Як хочацца яе цяпер пасмакаваць!
Гадзіна сьвежага паветра. Надыхацца ня можаш. Аднекуль — водар кавы. Як хочацца яе цяпер пасмакаваць! Па цыгарэтных недакурках бачна, што да нас тут былі жанчыны. Маленькія такія цыгарэты, але без адбіткаў памады на фільтрах, як тое бывае на волі. Лаўлю муху, чапляю ў павуціньне. Павук хутка распраўляецца зь ёю. З Валянцінам глядзім на гэты трылер. Наглядчык не разумее, што робіцца. Пытаецца: што вы там ясьцё? «Гэта ня мы, а павук», адказваем.

Вядуць назад у камэру. Валянцін па-расейску прапару, які нас называе «господами» — «Спасибо». «Вам, что прогулка не понравилась?» — разгублена рэагуе міліцыянт. — «Всё хорошо. Спасибо за прогулку». Прапар у адказ па-беларуску: «Дзякуй». Наагул Валянцін сваёй ветлівасьцю даймаў наглядчыкаў. За ўсё дзякуе. Некаторыя яму адказваюць тым жа, а некаторыя не зьвяртаюць на яго словы ўвагі. З гэтага высноўваю, што такія словы тут не прапісаныя. Чуць іх міліцыянтам нязвыкла. Прасьцей мацюкацца. Ды яшчэ як.

Неўзабаве пасьля прагулкі адчыняюцца дзьверы. Наглядчыкі вядуць у незнаёмае крыло ізалятара. Праходзім сьледчыя пакоі. Заводзяць да нейкага супрацоўніка. Вітаюся. Ён, як мне падалося, зь неахвотай адказвае. «Вы пісалі скаргу ў суд. Вам прыйшла адтуль папера. Трэба аплаціць судовую пошліну», — адразу пераходзіць да справы супрацоўнік. — «З кім маю гонар?» — пытаюся. Супрацоўнік называе сябе. Чытаю: да 18-га трэба сплаціць 35 тысяч, калі не пасьпею, разглядаць абскарджаньне ня будуць. Пішу расьпіску, што атрымаў дакумэнт. Супрацоўнік бярэ, прабягае паперчыну вачыма. Відаць, пра нешта хоча запытацца, але маўчыць. Пытаюся ў яго: «Калі б мне далі 12 сутак, я тады не пасьпеў бы сплаціць пошліну, то абскардзіць вырак судзьдзі Ланчавай ужо ня змог бы?». Той у адказ: «Я ня ведаю. Гэта ня наша справа. Яны даслалі — мы перадалі. Ці ёсьць у вас якія пытаньні да нас?». — «Не, — адказваю, — усё цудоўна, наколькі можа быць арыштанту».

Увечары з рэгіянальных радыйных навінаў даведваемся пра новыя магілёўскія вуліцы. З патаснага паведамленьня запомнілася, што ўшанавалі ў назвах вуліц Льва Сапегу, Мікалая Гартынскага і Цішку Гартнага. Зьявіцца й вулка Грунвальдзкая. Цэнтар гораду застаецца саўдэпаўскім, а вось спальны раён Казіміраўка будзе з імёнамі. Ну, зрэшты, там ёсьць вуліца Каліноўскага. На шыльдах падаецца па-расейску.

15 ліпеня. Да волі застаецца крыху болей за суткі. Усё прачытана. Пачынаю перачытваць п’есы Аляхновіча. Праглядаю ўжо ня раз чытаныя газэты. Адчыняюцца дзьверы. На парозе буйны мужчына. З-за яго сьпіны дзяжурны просіць устаць. Устаём. Мужчына заходзіць, прабягае вачыма па камэры. «Ці ёсьць просьбы, скаргі…». Не зусім разумею, што адбываецца. «З кім маем гонар?» — пытаюся ў наведніка. — «Я руководитель этого подразделения». Прозьвішча не назваў. Ад нас заўваг, просьбаў не пачуў. Вочы «руководителя» несупынна бегалі з кута ў кут камэры. Ні разу не засяродзіліся на нечым канкрэтным. Разьвітаўся і сышоў.

Прыгадаўся выпадак. На адным апытаньні зьвярнуўся да мужчыны. Той на пытаньне адказаў проста: «Я з органаў, таму адказваць не магу». Крыху адышоўшы, сьціснуў далонь у кулак і паказаў нешта накшталт «Но пасаран» (ня пройдуць, значыцца). Хвілін празь дзесяць варочаецца й амаль шэптам: «У нас в органах говорят: „Мы негодуем, но служим“. Я солидарен с вами». Падумалася: а «руководитель подразделения», ён як — служыць «негадуючы»?…

Прыносяць перадачу. Выратавальная прэса. Зь беларускамоўных — «Народная воля». З забаўляльных — невялікі часопіс «Пятнадцать суток»: крыжаванкі, анэкдоты. Пара фотак з аголенымі дзеўкамі. Вокладкай часопіс ставім на віднае месца. Ён жа ў тэму.
Жанчыны тут наагул пазбаўленыя хоць якіх правоў.

Вядуць з прагулкі. Стала ўжо нормай у калідоры разглядаць абутак. Калі ў ім ёсьць жалезныя ўстаўкі, у камэры яму ня месца. Звычайна выглядаю, колькі абутку жаночага. Гэтым разам — дзьве пары. Мне цяжка даецца разуменьне, як могуць утрымліваць жанчын у ізалятары, дзе наглядчыкі — мужчыны. Як на мяне, дык гэтыя жанчыны тут наагул пазбаўленыя хоць якіх правоў. Няспынны кантроль за тым, што робіцца ў камэры, праз вочка. То бок жанчына наўрад ці можа спакойна схадзіць, напрыклад, да прыбіральні. Тут мужчыну няёмка, а жанчыне? А гігіенічныя патрэбы, а шмон? Ці шманаюць інтымныя жаночыя рэчы тыя ж наглядчыкі? Згадваецца выпадак, калі сядзелі ў спэцназаўскім аўтобусе 3 ліпеня пасьля затрыманьня, як да дзяўчатаў чапляліся спэцназаўцы. Яны іх зацягнулі ў аўтобус, і яны ж заляцаліся. А потым у судзе заяўлялі, што яны, дзяўчаты, пры затрыманьні супраціўляліся. Сьмех дый годзе. Здаровыя бугаі ў цывільным хапаюць маладую дзеўку, цягнуць некуды, а потым яшчэ яна ж і супраціўлялася. Нешта жывёльнае тут. А ў ізалятары што, лепшыя працуюць?

Толькі выклаў на паперу свае разважаньні, як і ілюстрацыя. Чую, зь нейкай камэры выводзяць жанчыну. Характэрнае цоканьне абутку. Наглядчык крычыць: «А трусы забрала?..».

Працяг будзе.


10 сутак ні за што. Турэмны дзёньнік незалежнага журналіста (3)

10 сутак ні за што. Турэмны дзёньнік незалежнага журналіста (2)


10 сутак ні за што. Турэмны дзёньнік незалежнага журналіста (1)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG