Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Няфёдаў: «У суполцы — 220 тысяч чалавек. Усіх дакладна не арыштуюць»


На «Рэвалюцыю праз сацыяльную сетку» прыйшлі больш за 200 чалавек.
Суполка “Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку”, зарэгістраваная на сайце “Вконтакте”, прапануе кожную сераду а 19-й гадзіне праводзіць акцыі салідарнасьці на галоўных плошчах беларускіх гарадоў.

Увечары 8 чэрвеня актывісты суполкі і тыя, хто адгукнуўся на іх ініцыятыву, сабраліся на такую акцыю на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Паводле розных ацэнак, на плошчу прыйшло ад двухсот да чатырохсот маладых людзей.

Людзі зьбіраліся невялікімі купкамі, размаўлялі, нехта сьпяваў. Не было ні сьцягоў, ні транспарантаў, ні лёзунгаў. Адзін з адміністратараў суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» «Вконтакте» Дзьмітры Няфёдаў наконт учорашняй акцыі выказаўся так:

«Так, я лічу, што яна была ўдалая. І лічу, што яна ня выйшла б настолькі ўдалай, каб мяне не затрымалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Яны зрабілі, груба кажучы, «піяр».

3 чэрвеня на кватэры Дзьмітрыя Няфёдава супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, забралі кампутар і склалі пратакол нібыта за лаянку. Выходныя Дзьмітрый правёў у ізалятары на Акрэсьціна. 6 чэрвеня яго прывезьлі ў Заводзкі суд, але судзьдзя Мікалай Балаўнёў зьвярнуў увагу на тое, што пазначаны ў пратаколе час, калі Няфёдаў быццам бы лаяўся, не супадае з часам правядзеньня ператрусу. Яго вымушаны былі адпусьціць. Быў ціск у выходныя і на Сяргея Паўлюкевіча, адміністратара суполкі «За вялікую Беларусь». Сяргей кажа, што акцыі, падобныя да ўчорашняй, стануць рэгулярнымі:

«Плянуецца кожную сераду ў 19:00 праводзіць падобныя акцыі ва ўсіх гарадах Беларусі на галоўнай плошчы. Ніякіх сьцягоў, лёзунгаў, людзі зьбіраюцца на плошчы, гуляюць, размаўляюць, песьні сьпяваюць. Гэта робіцца з той мэтай, каб зьняць псыхалягічныя бар’еры, каб людзі перасталі баяцца выходзіць і абараняць свае правы».

Наконт мэтаў і задач, якія ставяць арганізатары падобных акцый, Дзьмітры Няфёдаў выказаўся так:
Чым больш людзей будзе прыходзіць кожны раз, тым больш людзей прыйдзе наступным разам. Галоўнае — пераадолець страх унутры сябе.

«Чым больш людзей будзе прыходзіць кожны раз, тым больш людзей прыйдзе наступным разам. Галоўнае — пераадолець страх унутры сябе. У агульным ставіць нейкія мэты… Вы ж разумееце, што ўсё тое, што я вам зараз скажу, хутчэй за ўсё, стане вядомае тым людзям, якія будуць процістаяць тым мэтам. Таму пакуль, напэўна, ранавата казаць пра нейкія мэты — мы ўсе ходзім „пад каўпаком“. Пэўна, нічога дрэннага мы не плянуем».

Сацыяльныя сеткі, у адрозьненьне ад такіх плятформаў, як, да прыкладу, Livejournal ці Twitter, больш небясьпечныя — там, так бы мовіць, меншая ананімнасьць, бо кожны рэгіструецца пад уласным імем і адміністрацыя пільна сочыць, каб людзі не карысталіся нікнэймамі. Таму спэцслужбам прасьцей вылічыць актывістаў. Ці не баяцца адміністратары суполак за сваю бясьпеку?

Сяргей Паўлюкевіч: «Улічваючы, што я свой „Марш мільёнаў“ здолеў раскруціць літаральна за 20 сутак да больш як 30 тысяч чалавек, то ў гэтым праблем няма. Тут баяцца трэба толькі тым, хто пачынае, то бок мне — бо я знаходжуся ў Беларусі, у зоне дасягальнасьці КДБ. Да прыкладу, „Рух будучыні“ — яны амаль усе цяпер за мяжой. А што да звычайных удзельнікаў, я думаю, нічога страшнага ня будзе. А вось на арганізатараў зараз будзе паляваньне».

Дзьмітры Няфёдаў наконт бясьпекі і боязі выказаў такое меркаваньне:

«Многія людзі, якія прыходзяць на акцыю, не зьяўляюцца сябрамі суполкі. То бок тыя, якія зьяўляюцца сябрамі суполкі, не прыходзяць. А тыя, хто не зьяўляецца — прыходзяць. Па вялікім рахунку, у групе — 220 тысяч чалавек. Усіх дакладна не арыштуюць. 220 тысяч проста немагчыма арыштаваць. Дый, у прынцыпе, няма за што. Хаця ў нас магчыма ўсё. Быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца».

Роля сацыяльных сетак ва ўсім сьвеце зараз даволі значная, кажа Сяргей Паўлюкевіч:

«Эгіпет, Туніс, астатнія краіны арабскага сьвету, нават Гішпанія зараз страйкуе — моладзь таксама арганізуецца праз сацыяльныя сеткі. То бок сацыяльныя сеткі цяпер маюць вялікі ўплыў, асабліва на моладзь».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG