Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні замежных крэдытаў


Заўтра ў Кіеве будзе разглядацца заяўка на атрыманьне Беларусьсю стабілізацыйнага крэдыту памерам 3 мільярды даляраў з Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЭўрАзЭС. У самім фондзе прагназуюць станоўчае рашэньне.

Кіеў быў для вырашэньня пытаньня аб крэдыце Беларусі абраны таму, што ў першай палове дня там пройдзе пятае паседжаньне нарады міністраў фінансаў СНД. А ў другой палове дня зьбярэцца Рада АКФ ЭўрАзЭС, якая складаецца з тых жа міністраў.

Прадстаўнік аддзелу па сувязях з грамадзкасьцю гэтага фонду Максім Савіцкі паведаміў «Свабодзе», што на парадку дня пасяджэньня некалькі пытаньняў, у тым ліку пра крэдыты Кіргізстану, Армэніі, Таджыкістану, але асноўнае — пытаньне антыкрызіснага крэдытаваньня Беларусі ў памеры 3 мільярдаў цягам трох гадоў:

«Будуць вырашацца ўжо канкрэтныя рэчы. Я так разумею, што пытаньне ўжо прынцыпова вырашана, і Рада фонду прыме афіцыйнае рашэньне, у тым ліку аб парамэтрах — які будзе льготны пэрыяд, як крэдыт будзе разьмяркоўвацца па гадах і г.д.».

Паводле спадара Савіцкага, умовы выдзяленьня крэдыту з АКФ ЭўрАзЭС — рынкавыя, але прадугледжваюць вялікі «беспрацэнтны тэрмін» і доўгі тэрмін пагашэньня — 10–15 гадоў.

Экспэртная рада фонду да заўтрашняга пасяджэньня падрыхтуе заключэньне наконт праграмы рэформаў беларускага ўраду, распрацаванай пад атрыманьне гэтага крэдыту. Паводле афіцыйнай інфармацыі фонду, гэтая праграма «прадугледжвае прыняцьце эфэктыўных захадаў дзеля забесьпячэньня збалянсаванай працы эканомікі і валютнага рынку», а таксама ўключае ў сябе «крокі па прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў».

Савіцкі: «Магу сказаць, што ёсьць дастаткова добра прапрацаваныя ўрадам Беларусі прапановы, зьвязаныя з эканамічнымі рэформамі, зьменамі ў палітыцы, якія, уласна, і кладуцца ў аснову дамоўленасьцяў, у тым ліку па выдзяленьні сродкаў».

Менскі эканаміст Сяргей Чалы скептычна ставіцца да гэтай праграмы рэформаў беларускага ўраду:

«Гэтая праграма, якая была напісаная за 10 дзён на 6 старонках, не вырашае праблем нашай эканомікі. Гэта бутафорскія рэчы. Зразумела, што Расеі і блізка не была патрэбная праграма рэфармаваньня нашай эканомікі. Ёй патрэбныя 5 нашых асноўных актываў — і ўсё».
Зразумела, што Расеі і блізка не была патрэбная праграма рэфармаваньня нашай эканомікі. Ёй патрэбныя 5 нашых асноўных актываў — і ўсё.

Сяргей Чалы мяркуе, што Беларусь атрымае крэдыт ЭўрАзЭС, першая транша якога сёлета складзе 800 мільёнаў даляраў, але гэтыя грошы нічога ня вырашаць, апрача павелічэньня зьнешняга доўгу і ўзмацненьня перамоўных пазыцый Расеі, якая мае ў гэтым фондзе вырашальны голас.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч таксама перакананы, што крэдыт ЭўрАзЭС Беларусь атрымае:

«Я больш чым упэўнены, што Расея ня пойдзе на рэзкае абвастрэньне адносін з рэжымам Лукашэнкі. Будзе торг, дамовяцца аб прымальных умовах».

Але гэтага крэдыту для падтрыманьня беларускай эканомікі мала, мяркуе спадар Багданкевіч, таму ўрад і зьвярнуўся па крэдыт да Міжнароднага валютнага фонду. Як адрэагуе на гэта МВФ?

«Думаю, што адрэагуе станоўча, пры ўмове, што ўлады Беларусі будуць сябе паводзіць цывілізавана. Кантрольны пакет МВФ належыць ЗША, ЭЗ, Японіі, Канадзе — 60 адсоткаў. І я мяркую, што Мясьніковіч і кіраўнік вэртыкалі разумеюць, што каб атрымаць рэальныя рэсурсы, патрэбная палітычная лібэралізацыя ня ў меншай ступені, чым эканамічная».

Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што Беларусі лепей браць крэдыты ў МВФ, чым у ЭўрАзЭС, каб ня трапіць у расейскую кабалу і ня страціць сувэрэнітэт.

Паводле эканаміста Сяргея Чалага, рашэньне МВФ па беларускай крэдытнай заяўцы магчымае не раней за восень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG