Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэю Вайду - 85 гадоў


Выбітнаму польскаму кінарэжысёру Анджэю Вайду 6 сакавіка споўнілася 85 гадоў.

Анджэй Вайда - адзін са стваральнікаў польскай кінашколы, хоць у маладосьці, яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны ён хацеў быць афіцэрам, але ў кадэцкі корпус яго не прынялі. Пасьля вайны Вайда 5 гадоў вучыўся ў кракаўскай акадэміі мастацтваў, аднак, ужо практычна стаўшы прафэсійным мастаком, вырашыў, што гэта не ягоны шлях - і выбраў кіно.

Пералічыць усе зьнятыя майстрам фільмы і пастаўленыя ў тэатры спэктаклі, было б справай няпростай. Але калі казаць пра найбольш важныя працы рэжысэра, да іх, несумненна, можна аднесьці адзін зь ягоных першых гучных фільмаў - "Попел і дыямэнт", карціну аб трагічных лёсах маладых палякаў, якія ня могуць зьмірыцца з тым, што пасьля вайны Польшча застанецца пад кантролем камуністаў. Прычым зьняты фільм быў у 1958 годзе.

Яшчэ адзін фільм, важны таксама і для самога рэжысэра асабіста, быў зьняты амаль праз 50 гадоў. "Катынь". У Катыні быў расстраляны бацька Анджэя Вайды - узяты ў палон чырвонаармейцамі афіцэр польскай арміі.

«Пасьля шматлікіх спробаў і разважаньняў я прыйшоў да высновы, што фільм пра Катынь нельга здымаць выключна з мэтай паказаць гістарычную праўду аб тых падзеях. Гэта ўжо зрабілі гісторыкі і палітыкі. Я хацеў зрабіць фільм пра назаўсёды разлучаную сям'ю, пра надзею, пра брутальную праўду катынскага злачынства», - успамінае Анджэй Вайда.

Пасьля выхаду фільму на экраны першы некамуністычны прэм'ер Польшчы Тадэвуш Мазавецкі публічна падзякаваў рэжысэру: "Ваш фільм - гэта вялізны ўклад у тое, каб многія яшчэ лепш зразумелі тыя падзеі. Я вельмі рады, што фільм выйшаў на экраны, што стужка так глыбока і мудра ўспрынятая".

Падчас паказаў "Катыні" ў Менску, якія ладзіў Польскі Інстытут, дэманстраваўся відэазварот Анджэя Вайды да беларускіх гледачоў. “Магчыма, самы важны факт — гэта фільм “Катынь”, які так доўга адкладваўся, а раскрывае такую важную для нас, палякаў, тэму, — зазначыў Анджэй Вайда. — У гэтай залі я з вамі духам і сэрцам, бо я хацеў бы з экрана сказаць, як моцна Польшчы патрэбныя сёньня сябры вакол сябе за гэтым агульным эўрапейскім сталом”.

Анджэй Вайда прымаў актыўны ўдзел у апазыцыйным руху ў ПНР. У 1980 годзе рэжысэр прыехаў да страйкоўцаў на гданьскай суднавэрфі і ўвайшоў у склад камітэту дараднікаў "Салідарнасьці". За ім пастаянна сачылі супрацоўнікі спэцслужбаў, аднак Вайда працягваў здымаць кіно - занадта вялікая была яго вядомасьць у Польшчы і сьвеце, каб улады наважыліся забараніць рэжысэру працаваць.

Нягледзячы на салідны ўзрост, Вайда поўны энэргіі і рыхтуецца да здымкі чарговага фільму.

Напярэдадні прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі прыняў рашэньне ўзнагародзіць Анджэя Вайду самай высокай польскай дзяржаўнай узнагародай - ордэнам Белага Арла.

Анджэй Вайда неаднаразова выступаў у падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.

Эксклюзіўнае інтэрвію Анджэя Вайды для Радыё Свабода (2005)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG