Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі — пра кнігі, напісаныя ці задуманыя ў вязьніцы


Яраш Малішэўскі
Яраш Малішэўскі

Вязень турмы КДБ Павал Севярынец, па некаторых зьвестках, піша раман. Нядаўна пераведзены адтуль пад хатні арышт Уладзімер Някляеў таксама нешта пісаў у вязьніцы, але нічога да чытачоў пакуль не дайшло. Пачакаем. І пачытаем іншых айчынных вязьняў-пісьменьнікаў. Выбраць іх дапамагае Яраш Малішэўскі.


СЛАВАМІР АДАМОВІЧ. ТУРЭМНЫ ДЗЁНЬНІК. 2001



Становячыся на шлях змаганьня, трэба быць гатовым да таго, што чакае цябе вязьніца. Вядома ж, у кожнага гэты шлях — свой. Але, чытаючы «Турэмны дзёньнік», шмат агульнага можна ўбачыць у лёсах беларускіх вязьняў часоў Якуба Коласа і сёньняшніх творцаў. Бруд — у камэрах і душах, подласьць і смурод, расчараваньне, паняверка і надзея — усё закручана ў надзвычай тугі клубок, які можа расьціснуць, раздушыць чалавека. А можа і наадварот — загартаваць.

«Мае вандроўкі з камэры ў камэру, як скокі па балоце з купіны на купіну, як у маленстве ў час разводзьдзя з крыгі на крыгу. Патрапіш — прыжывесься, схібіш — будуць праблемы».

Здавалася б, гэта адбывалася яшчэ ўчора. Прамінула паўтара дзесяцігодзьдзя. А што зьмянілася?

СЯРГЕЙ ПЯСЕЦКІ. КАХАНАК ВЯЛІКАЙ МЯДЗЬВЕДЗІЦЫ

Менск, Выдавец Віктар Хурсік, 2009.


Цікавы прыклад таго, як наогул можна было напісаць гэты, дый ня толькі гэты твор, гадамі седзячы ў цеснай камэры, дзе побач з табой больш дзясятка малаінтэлігентных асобаў. Карцэры, сухоты, поўная беспэрспэктыўнасьць апынуцца на волі — то бок абсалютна ўсё не спрыяла таму, каб ураджэнец Ляхавічаў Сяргей Пясецкі, з маленства ведаючы адно беларускую ды расейскую мовы, стаў адным з культавых польскіх пісьменьнікаў дваццатага стагодзьдзя. Чарговы падарунак суседзям — блізкім і далёкім…

«Нармальна» вывучыўшы польскую мову ў вязьніцы, напісаўшы «Каханка» за паўтара месяца ў неверагодных варунках, Пясецкі чарговы раз зьдзейсьніў фантастычны паварот у сваім лёсе — мусіць, галоўны. Твор стаўся літаратурнай сэнсацыяй і тым самым ключыкам, што адамкнуў дзьверы ягонай вязьніцы. А іх было багата. Апошняя, месца стварэньня раману — Сьвяты Крыж, найстрашнейшая турма міжваеннай Польшчы, дзе ён праседзеў адзінаццаць гадоў. Гэта ж пра яго, Пясецкага, пісалі: перажыў такое пекла, што ажно ня верыцца, што ён яшчэ існуе.

Ніхто так не пісаў пра Беларусь тых часоў. Кантрабандысты, шпегі, памежнікі, злодзеі, чэкісты. Авантуры ды прыгоды… І свабода, воля перадусім — тое, без чаго Пясецкі ня мог існаваць, тое, што ёсьць найгалоўным у ягонай творчасьці. Што было найгалоўным ў ягоным жыцьці.

ЯКУБ КОЛАС. НОВАЯ ЗЯМЛЯ

Збор твораў у 20 т. Т.8. Менск, «Беларуская навука», 2009


Месцам пачатку «энцыкляпэдыі сялянскага жыцьця ды беларускай прыроды» стаўся вядомы ўсім менчукам Пішчалаўскі замак, альбо «Валадарка» — з пазамінулага стагодзьдзя шчэ тая кузьня нацыянальных кадраў. Магчыма, некалі там будзе музэй генацыду. А пакуль у цэнтры Менску, на гары — вязьніца. Зрэшты, вельмі сымбалічна. Тры гады, дзе Коласу «давялося сербануць гора», сталіся творча плённымі. Творы ішлі на волю. Тое, што засталося па-за кратамі, цяпер давала натхненьне.

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе ня маю сілы!..

«Новая зямля» будзе складацца шчэ доўга, але пачатак менавіта тут, на «Валадарцы». Кантрастам вязьнічным мурам, што атачалі Коласа, гучыць зьмест паэмы, дзе героі, нягледзячы на праблемы, жывуць у радасьці. За вакном краты, а ў творы нямашака ніякага тупіка. Рабі пільна, будзе табе Вільня. У любові да людзей, да краю, да прыроды — крыніца моцы й веры. І гэтая вера тут вядзе рэй. У тую Беларусь, якую ўсе мы зможам збудаваць.

Прасторны шлях! Калі ж, калі
Ты закрасуеш на зямлі
I злучыш нашы ўсе дарогі?

ВАЛЯНЦІН ТАЎЛАЙ. ВЫБРАНАЕ

Менск, «Беларусь», 1967.

Сталеньне паэта прыйшлося на час, калі ў Заходняй Беларусі праблем ставала. Дый далей — сама біяграфія Таўлая вызначана подпісамі пад вершамі. Слонім, астрог, 1929; Горадня, астрог, 1930; Вільня, Лукішкі, 1936; Ліда, турма, 1943… Сем гадоў такім чынам забранага жыцьця, здавалася б, ня мусяць спрыяць выяўленьню талентаў — аж не. Паэзія пратэсту жыла, тварыла й удасканальвалася. Вось і тыя ж Лукішкі сталіся чарговым экстрымальным каталізатарам.


Пракурор праз кодэкса артыкул
углядаўся ў кожны мой радок,
нават пальцам асьцярожна тыкаў
і ацэньваў: за радок — гадок.

Гучыць, нібы сёньняшнія ўражаньні з залі суду, ці ня праўда? Час робіць многія радкі паэта шматслойнымі, актуальнымі і сучаснымі. Таўлаю на ўласнай скуры давялося адчуць і пабачыць, што спробы зрабіць зь беларусаў палякаў ці расейцаў будуць працягвацца, пакуль яны самі ня скажуць: «досыць!»

Міналі царствы золата і здрады, —
і ваша панаваньне праміне.
Ці ж першыя вы судзіце за праўду?
Ці ж першага вы судзіце мяне?


КАСТУСЬ КАЛІНОЎСКІ. ЛІСТЫ З-ПАД ШЫБЕНІЦЫ

Менск, «Беларускі кнігазбор», 1999.


А як можна не згадаць «Лісты»?

«…тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе». Гэтыя словы бясконца сьцьвярджае самое жыцьцё. «Лісты» — праграма, маніфэст, дзе кожны сказ б’е ў сэрца. Разьвітальнае слова, якое і мусіць быць такім — каб чыталі, памяталі.

У «Лістах», дасланых з дамініканскага кляштару, ператворанага акупантамі ў вязьніцу, ці ня ўпершыню закладаецца праграма беларускай нацыянальнай ідэі. Ніякія прыхадні — мы самі мусім уладарыць на сваёй зямлі. Жыць з суседзьмі, як роўныя з роўнымі.

Апошнія словы Каліноўскага, як і жыцьцё ягонае, сталіся тым прыкладам, на які раўнаюцца. А ўсё яшчэ наперадзе — і помнік на тым самым пляцы, які назвалі ў 2006-м ягоным імем, і сам пляц, і сама краіна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG