Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматкроп'е ў нафтавым крызісе


Сёньня ў Беларусь упершыню з Новага году аднавіліся пастаўкі расейскай нафты. Нафтавы крызіс вырашыўся.

Фармальна сапраўды вырашыўся, нафта пайшла, будзе з чым працаваць НПЗ, ня стануць заводы і аўтамашыны, будзе што прадаваць на Захад, каб здабыць даляры для бюджэту. Але крызіс, як і заўжды, быў не наконт нафты, газу ці чагосьці такога іншага, а наконт грошай. Пачым? І вось тут пра вырашэньне казаць можна казаць з доляй умоўнасьці.

Нагадаю, што ў сьнежні падчас маланкавага аднаўленьня стасункаў з Масквой Лукашэнка пагадзіўся падпісаць і ратыфікаваць дакумэнты аб Адзінай эканамічнай прасторы – новай, больш шчыльнай формы мытнага саюзу, якую папярэдне меркавалася ўводзіць толькі пры канцы гэтага году. У абмен Расея пагадзілася пастаўляць Беларусі ўвесь аб’ём нафты бяз мыта – пытаньне, вакол якога ўвесь мінулы год ламаліся дзіды і з прычыны спрэчак вакол якога амаль увесь леташні студзень Беларусь таксама пражыла без расейскіх нафтавых паставак.

Але былі два “але”. Адно было вядомае яшчэ на момант ратыфікацыі пагадненьняў аб адзінай эканамічнай прасторы – Беларусь купляе расейскую нафту бяз мыта, але і аддае Расеі экспартнае мыта ад продажу ў трэція краіны сваіх нафтапрадуктаў. Гэта, зразумела, істотна скарачала беларускія даходы.

Другое “але” зьявілася ўжо перад новым годам. Высьветлілася, што расейскія кампаніі патрабуюць яшчэ дабаўкі да цаны, каб для іх усе экспартныя пастаўкі, у тым ліку і ў Беларусь, былі роўнадаходнымі. У адрозьненьне ад газу, на які ў Расеі існуе фактычная дзяржаўная манаполія, нафтай гандлююць пераважна ці ў значнай ступені прыватныя кампаніі. І чаму яны павінны страчваць даходы, прадаючы нафту Беларусі?

Беларускі бок не пагаджаўся з такой лёгікай, гэтыя 45 даляраў на тону, якой дамагаліся расейскія нафтавікі, выглядаюць таксама своеасаблівым мытам, расейскі бок падтрымаў сваіх нафтатрэйдэраў.

Труба тым часам абмялела, нафту, якая павінна была ісьці ў Беларусь, расейскія нафтавікі ўжо нават прадалі іншым пакупнікам.

Гледзячы па ўсім, ня стала прарывам і сустрэча новага беларускага прэм’ера Міхаіла Мясьніковіча з расейскім калегам Уладзімерам Пуціным. Дакладней, можа і стала, але ў сэнсе таго, што беларускі бок быў вымушаны саступіць.

Шчодрае абяцаньне, якое прагучала падчас сустрэчы з вуснаў Пуціна, маўляў, даем вам, беларусам 4 мільярды дапамогі, выглядае пэўнай хітрасьцю ці, так бы мовіць, абяцаньнем-брута. Бо частку тых грошай, што Расея дае Беларусі праз больш нізкую цану, яна вяртае сябе праз спагнаньне мыта на беларускія нафтапрадукты і тую жа нацэнку ў 45 даляраў, пра якую ішла спрэчка ўвесь студзень.

Афіцыйна пра тое, аб чым жа дамовіліся бакі, не паведамляецца. А неафіцыйна дасьведчаныя крыніцы паведамляюць, што на саступкі пайшоў усё ж беларускі бок, расейскія нафтатрэйдэры атрымалі жаданую нацэнку, калі не дакладна з 45 даляраў, то блізка да гэтага. І гэта адпаведна тыя грошы, якіх недалічыцца беларуская нафтаперапрацоўка і беларускі бюджэт.

Ня выключана, што на рашэньне беларускага боку паўплываў шэраг фактараў. У студзені было канчаткова падпісана пагадненьне з Украінай аб транзыце нафты праз трубу “Адэса-Броды”. Але ні вэнэсуэльская, ні азэрбайджанская нафта ў абмен на вэнэсуэльскую ў студзені на беларускія НПЗ ня трапіла. Што да Захаду, то спадзявацца, што ён прыйдзе на дапамогу, мякка кажучы, не выпадала. У разгар хвалі пасьлявыбарчых рэпрэсіяў кідацца на дапамогу – гэта апошняе, што стаў бы рабіць Захад.

Такім чынам, крызіс сапраўды нібыта вырашыўся. Але ў сапраўднасьці ўмовы, на якіх ён вырашыўся, яшчэ больш ускладняюць эканамічнае становішча Беларусі. Што ў пэрспэктыве можа мець і палітычныя наступствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG