Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго не ламае турма


Паводле мэдыкаў, знаходжаньне чалавека ў месцах пазбаўленьня волі выклікае моцны і працяглы стрэс усяго яго арганізму. Размова ідзе як пра душэўную (псыхічную), так і цялесную нагрузку. Лічыцца, што на большую частку зьняволеных турма дзейнічае дэструктыўна. Людзі ламаюцца, у іх пачынаюцца самыя розныя хваробы. Існуюць, аднак, і тыя, на каго няволя дзейнічае канструктыўна або загартоўвае, прымушаючы арганізм перабудоўвацца і працаваць у аптымальным рэжыме.

Напачатку 2000-х лекар-эндаскапіст адной са сталічных клінік, кандыдат мэдычных навук Генадзь каля году адсядзеў ў СІЗА на
Да жыцьця ў няволі здольны адаптавацца любы арганізм.
Валадарцы паводле падазрэньня ў атрыманьні хабару. Кайданкі на рукі доктару начапілі непасрэдна ў ягоным кабінэце падчас прыёму хворых. Злачынства гэтага, аднаго з найлепшых адмыслоўцаў у галіне ныркавых хваробаў, даказана не было. Праз год утрыманьня на Валадарцы Генадзю было ізноў дазволена працаваць, але ўжо не загадчыкам аддзяленьня, а звычайным лекарам.

Арганізм чалавека здольны адптавацца да ўсяго


Знаходзячыся ў няволі, Генадзь працягваў заставацца высокакваліфікаваным спэцыялістам, аказваў мэдычную дапамогу і кансультацыю ўсім, хто да яго зьвяртаўся. Назіраючы за сваімі новымі пацыентамі, Генадзь прыйшоў да наступнай высновы: да жыцьця ў няволі здольны адаптавацца любы арганізм.

У самыя першыя дні зьняволеньня, кажа доктар, кожны вязень перажывае свайго роду шокавы пэрыяд, падобны на востры боль. Наступны, больш працяглы пэрыяд, можна параўнаць з тупым болем. Трэці этап ёсьць перабудовай цела і псыхікі або ў бок кампэнсацыі ці больш-менш камфортнага адчуваньня або дэкампэнсацыі – ці хваробы.

Спачатку арганізм супраціўляецца, потым пачынае перабудоўвацца. Пытаньне, праўда, у тым, у які бок.

Асноўнымі траўмуючымі фактарамі, акрамя самога зьняволеньня, ёсьць парушэньне ўсіх плянаў і звыклага ладу жыцьця; абмежаваньне волі, прасторы, зносін, кантактаў з самымі блізкімі; новы замкнёны абмежаваны калектыў з уласнымі правіламі; нязвыклае, непаўнавартаснае і часта беднае харчаваньне; антысанітарныя
Да чалавека нічога не прычэпіцца, калі ён мае моцны ўнутраны стрыжань і будзе ўвесь час загартоўвацца.
ўмовы. Напачатку арганізм кампэнсуе ўсе недахопы старымі запасамі энэргіі, вітамінаў. А вось потым настае зьніжэньне імунітэту, як вынік зьнясіленьне, абвастрэньне старых хваробаў, зьяўленьне новых.

Але, зазначае мэдык, за крызісам нярэдка настае лізіс або ацаленьне. У выніку арганізм становіцца больш цягавітым, менш патрабавальным. Паводле мэдыка, да чалавека нічога не прычэпіцца, калі ён мае моцны ўнутраны стрыжань і будзе ўвесь час загартоўвацца. Нават ня гледзячы на тое, што турма гэта «гіганцкі згустак адмоўнай, бруднай энэргіі, здольнай разбураць найперш псыхіку чалавека».

Генадзь: «Я з інстытуту прызвычаіўся да здаровага ладу жыцьця і абліваньняў. У СІЗА штодня мыўся халоднай вадой з-пад крану. Шкада, што многія зьняволеныя не задумваюцца, што чым чысьцей чалавек і чым больш часу ён надае ўвагі асабістай гігіене, тым менш у яго шанцаў падчапіць нейкую гадасьць. Праблема ў тым, што многія нават ня мыюць пасьля ежы посуд, для іх нармальна есьці з брудных талерак Аднак пад канец мне ўдалося пераканаць некаторых у карысьці гігіены і ў тым, што абліваньне халоднай вадой, у прыватнасьці, павялічвае ахоўныя сілы чалавечага арганізму».

Калі за сабой глядзець, хваробы ня возьмуць


З такім падыходам цалкам згодны палітвязень, былы міністар Васіль Лявонаў, які адсядзеў у няволі 4 гады.

В.Лявонаў: «Турма, сапраўды, многіх ламае. Мне ж хварэць не даводзілася – бо не было патрэбы. Глядзець за сабой трэба. Чалавек знаходзіцца ў стрэсавым стане. У такім стане, звычайна хваробы не бяруць. Трэба так разьмяцца, каб потым была патрэба ў абліваньні халоднай вадой. Потым неабходна абцерціся як сьлед. Тады ўсё будзе нармальна»

Палітвязень, кандыдат на прэзыдэнта на апошніх выбарах Мікалай Статкевіч, які праводзіць цяпер галадоўку у СІЗА КДБ, у інтэрвію Свабодзе напярэдадні свайго арышту сьцьвярджаў, што ўсе свае былыя выправаньні ў няволі ён вытрымаў, выключна дзякуючы моцы духу.

М.Статкевіч: «Калі я быў на галадоўцы ў турме, то лекарка, якая мерала мне ціск, казала: па вашым ціску можна правяраць спраўнасьць таномэтра. Гэта гаварылася дзесьці пасьля 10 дзён галадоўкі. Нічога ня можа быць выпадкова. Я займаюся фізкультурай усё сваё сьвядомае жыцьцё. Прабежкамі, бегам займаўся нават у палярную ноч, калі служыў у войску на савецкай Поўначы».

Паводле палітвязьня, ваўкавыскага прадпрымальніка Юрыя Лявонава, нягледзячы на праблемы з гіпэртаніяй да арышту, яго далейшае паўтарагадовае знаходжаньне ў няволі не адбілася дэструктыўна на ягоным стане здароўя.
Праблема ў тым, што многія вязьні нават ня мыюць пасьля ежы посуд, для іх нармальна есьці з брудных талерак.

Ю.Лявонаў: «Вось тут вельмі цікавы момант, бо здароўе маё у турме, як ні дзіўна, паправілася. Раней, на волі лекары мне казалі, што давядзецца карыстацца ўвесь час таблеткамі, паколькі быў высокі ціск. А ў камэры ціск нармалізаваўся. Магчыма, ад таго, што я схуднеў, а магчыма, што псыхіка збалянсавалася, паколькі ўсе горшае я перажыў на волі, дзе і засталіся мае праблемы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG