Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістаў дапытваюць штодня


Дэмакратычных актывістаў у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты ў міліцыю і КДБ у крымінальнай справе пра акцыю пратэсту 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Каб пазьбегнуць перасьледу з боку ўладаў, некаторыя сябры апазыцыі пераходзяць на паўпадпольны лад жыцьця альбо зьяжджаюць за мяжу.

ВІЦЕБШЧЫНА


19 лістапада на допыт у Віцебскую абласную ўправу КДБ выклікалі Лідзію Сагідуліну — давераную асобу кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Актывістка распавядае пра тое, як яе выклікалі:

«Праз тэлефон. Я разумею, што магу запатрабаваць позву — але навошта гэта ўсё адцягваць? Патэлефанавалі, чалавек прадставіўся, імя і імя па бацьку ня памятаю, прозьвішча Русак. Нумар ня вызначыўся, але я адразу зразумела, адкуль гэта… Сказаў, што трэба пад’ехаць, каб мяне афіцыйна апытаць пра падзеі 19 сьнежня. Спытаўся: «Вы ж памятаеце, куды прыходзіць?» Я кажу: «Памятаю!»

У абласной управе КДБ Лідзія Сагідуліна была апошні раз 18 траўня — на допыце па выніках ператрусаў у актывістаў кампаніі «Гавары праўду». Такія ператрусы тады прайшлі па ўсёй Беларусі.

За апошні месяц — пасьля падзеяў 19 сьнежня ў Менску — прыхільнікаў Уладзімера Някляева дапытвалі ў Віцебскім і Аршанскім аддзелах КДБ.

Таксама былі праведзены ператрусы ў жыхара Віцебску Сяргея Парсюкевіча, у якога забралі кампутар і некалькі ўлётак, ды ў гарадоцкага актывіста Леаніда Аўтухова — зь яго прыватнай хаты вынесьлі два дзясяткі дыскаў і пару флэшак.

На працягу мінулага месяца ператрусы прайшлі таксама ў кватэры Паўла Севярынца, абвінавачанага ў арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску, а таксама ў віцебскіх актывістаў — у Алены Фаміной, даверанай асобы Дзьмітрыя Вуса, у Алеся Галаваня, прыхільніка Аляксея Міхалевіча. Прычым у той час, калі ў яго кватэры праходзіў ператрус, сам Галавань адбываў 10 сутак арышту ў жодзінскай турме № 8 за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

13 студзеня супрацоўнікі Наваполацкага гарадзкога аддзелу КДБ прыйшлі з пастановай на ператрус да Віктара Калесьніка, даверанай асобы Андрэя Саньнікава. Прычым ператрус праводзілі не па месцы прапіскі актывіста, а ў кватэры, дзе жыве ягоная знаёмая. І гэта не адзіны выпадак у Наваполацку, калі дзеяньні супрацоўнікаў КДБ выклікаюць зьдзіўленьне, кажа Віктар Калесьнік. Гэтак, 18 студзеня на допыт у Наваполацкі гарадзкі аддзел КДБ быў выкліканы тамтэйшы жыхар Аляксандар Брэжнеў. У мясцовым апазыцыйным асяродку гэты хлопец «засьвяціўся» ўсяго аднойчы: калі ад імя мясцовага рыцарскага клюбу ўручаў сымбалічны меч кандыдату Андрэю Саньнікаву падчас сустрэчы з наваполацкімі выбарцамі 11 сьнежня.

Цягам апошняга месяца на допыты ў КДБ былі выкліканы некалькі дзясяткаў жыхароў Віцебшчыны. Але дакладнай статыстыкі няма, бо некаторыя з тых, у каго прайшлі ператрусы ці хто быў вымушаны сустракацца са сьледчымі, ня хочуць абнародаваць гэтыя факты — маўляў, ня трэба трапляць на старонкі незалежных СМІ, а то потым будуць яшчэ большыя непрыемнасьці.
Калі ў чалавека ёсьць выразная грамадзянская пазыцыя, то трэба пра гэта заяўляць. І ня толькі заяўляць, але, магчыма, і абскарджваць масавыя незаконныя дзеяньні.

З гэткай пазыцыяй катэгарычна ня згодны віцебскі праваабаронца Павал Левінаў:

«Сэнс хавацца ёсьць толькі для таго, хто трапіўся выпадкова. А калі ў чалавека ёсьць выразная грамадзянская пазыцыя, то трэба пра гэта заяўляць. І ня толькі заяўляць, але, магчыма, і абскарджваць масавыя незаконныя дзеяньні — ператрусы, нейкія няўцямныя допыты, калі людзей выклікаюць бяз позваў і незразумела ў якой якасьці… А некаторых грамадзянаў нават не выклікаюць, а хапаюць проста на вуліцы. Таму адмоўчвацца — гэта самае небясьпечнае!»

Праваабаронца мяркуе, што на тых, каго ўдалося запалохаць нейкімі захадамі з боку міліцыі або КДБ, у любы момант можа быць аказаны дадатковы ціск, таму замоўчваць такія факты ня варта.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Яшчэ два актывісты апазыцыі выкліканыя на допыт у КДБ

Сябраў берасьцейскіх апазыцыйных партый і рухаў супрацоўнікі КДБ працягваюць выклікаць на допыты. У грамадзтве разам з тым расьце салідарнасьць з затрыманымі.

Каардынатар БХД Зьміцер Шурхай кажа, што перасьлед у Берасьці не спыняецца. Агулам супрацоўнікі КДБ дапыталі на Берасьцейшчыне дзевяць чалавек, правялі ў іх дамах ператрусы. Некаторыя актывісты вядуць паўпадпольны лад жыцьця, выключаюць мабільны тэлефон або наагул выяжджаюць за мяжу:

«Я, напрыклад, паступова вяртаюся да нармальнага ладу жыцьця. Асабліва не хаваюся. Пакуль не затрымліваюць. Хаця, мне падаецца, яшчэ будуць выклікі ў КДБ на допыт. Сёньня цягам дня на допыт у КДБ выкліканыя Паліна Панасюк і Іван Стасюк».

Выклікі на допыт і перасьлед прыносяць свой нэгатыўны вынік, адзначае Аляксандар Мех з Кобрыня. Грамадзтва запалоханае. Асабліва гэта тычыцца тых людзей, якія раней ня бралі ўдзелу ў акцыях. Аляксандар кажа, што шмат жыхароў Кобрыня былі ў Менску на Плошчы, цяпер яны зьвяртаюцца да яго па дапамогу:
Тыя, хто вырашыў паехаць у Менск першы раз, цяпер перажываюць.

«Тыя, хто раней затрымліваўся або прымаў ужо ўдзел у падобных мерапрыемствах, менш хвалююцца наконт магчымага перасьледу. А тыя, хто вырашыў паехаць у Менск першы раз, цяпер перажываюць. Гэта простыя грамадзяне, яны цяпер шукаюць мяне і пытаюцца, што рабіць, калі іх будуць выклікаць на допыт».

Падтрымка бацькоў Натальлі Радзінай і Мікалая Статкевіча

Алесь Мех кажа, што такія звароты паступаюць некалькі разоў на тыдзень. Разам з тым жыхары Кобрыня пачалі аказваць падтрымку бацькам Натальлі Радзінай:

«Усё, што ад нас залежыць, мы выконваем, дапамагаем родным Натальлі. Некалькі разоў мы наведваліся да іх. Акрамя гэтага, бацькі арыштаванай журналісткі наведваліся і да мяне асабіста ў госьці».

У Баранавічах жыхары гораду апякуюцца бацькам Мікалая Статкевіча. Віктар Паўлавіч Статкевіч сёньня адзначае 84-годзьдзе.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


За акцыі салідарнасьці таксама перасьледуюць

19 студзеня ў Магілёве пачалі выклікаць на допыты ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці, якая адбылася 16 студзеня на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

Першым з васьмі ўдзельнікаў акцыі дапыталі сябра партыі БНФ васямнаццацігадовага Валянціна Лабачова. Паводле хлопца, дапытваў яго ўчастковы міліцыянт Яўген Загорскі:

«Ён пытаўся: „Хто арганізатар? Ці падавалі заяву ў гарвыканкам на правядзеньне акцыі? Ці плацілі мне грошы, каб я ўдзельнічаў у гэтай акцыі? Ці ведаю я іншых удзельнікаў?“ Ён паказаў фотаздымкі — нас жа тады здымалі. Ён мне позву выпісаў, каб я зьявіўся ў пятніцу ў 18 кабінэт Ленінскага аддзелу міліцыі як асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, да нейкага Цецюрукова», — пераказвае гутарку Валянцін Лабачоў.

Яшчэ да адной удзельніцы акцыі, Натальлі Шкадун, той жа міліцыянт прыйшоў на працу. Задаваў тыя ж пытаньні, што й Лабачову. Паказваў фота ўдзельнікаў. Спадарыня Шкадун ня ўтойвала, што ўдзельнічала ў акцыі на знак салідарнасьці са зьняволенымі людзьмі, некаторыя зь якіх галадаюць, баронячы свае правы, бо й сама яна таксама за гэта ж галадала. У пікеце яна стаяла зь непаўналетняй дачкой:
Асабліва ён цікавіўся, ці была папярэдняя змова.

«Ён высьвятляў, адкуль я ведаю, што людзі галадаюць. Ён ня ведаў, што я галадала, запытаў — каго я інфармавала пра гэта? Ці зьяўляюся я сябрам нейкай партыі альбо арганізацыі? Асабліва ён цікавіўся, ці была папярэдняя змова. Дачку я ўжо пасьпела папярэдзіць, каб ні з кім яна не размаўляла. Сказала яму, што безь мяне яны ня маюць права ніводнага слова ў яе ўдакладняць».

Тым часам трэція суткі знаходзіцца ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня яшчэ адзін удзельнік нядзельнай акцыі, бабруйскі журналіст Яўген Васьковіч. Яго вінавацяць ва ўчыненьні злачынства. Вядома, што ён запатрабаваў дзяжурнага адваката й што яго пачалі дапытваць.

Працягваюць выклікаць на допыты й удзельнікаў акцыі пратэсту, якая адбылася на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Затрыманую ў той дзень сямнаццацігадовую Марыю Вайнову дапытаць зьбіраліся ў Менску. Яна адмовілася туды ехаць:

«Я сказала яму, каб ён даслаў позву. Капітан міліцыі з Фрунзенскага аддзелу міліцыі Аляксандар Палішчук сказаў, што ён дашле позву. Позва прыйшла маці. У ёй напісана, каб маці прыйшла на камісію па справах непаўналетніх з характарыстыкай зь месца вучобы. У іншым выпадку яна будзе дастаўленая сілай».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Пасьля скаргі на КДБ — ператрус і канфіскацыя

На Гарадзеншчыне ад перасьледу КДБ і міліцыі найбольш пацярпелі Партыя БНФ, АГП і БСДГ. У іх рэгіянальных офісах былі канфіскаваны кампутары і іншыя носьбіты інфармацыі, друкаваная прадукцыя.

Асноўны ціск адчуваўся менавіта ў Горадні, зазначае кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык:

«Прыцягвалі ўсіх людзей, пра якіх даведаліся, што яны былі на плошчы ў Менску 19 сьнежня. Іх выклікалі ў КДБ, бралі тлумачэньні, выклікалі таксама на допыты. Адбылася канфіскацыя аргтэхнікі ў тых арганізацыях, якія эфэктыўна дзейнічалі падчас выбарчай кампаніі: у гарадзкім офісе нашай партыі, у прыватнасьці, у офісах АГП і БСДГ. Гэтыя тры арганізацыі зазналі адразу вобшук, была сканфіскавана друкаваная прадукцыя, якая тычылася 19 сьнежня, і носьбіты інфармацыі».

Удакладняе грамадзкі праваабаронца Віктар Сазонаў з Горадні:

«На гэтых ператрусах канфіскаваная тэхніка. Пасьля гэтага працяг быў толькі такі: у судзе пакаралі штрафам Пачобута».

Журналіст польскай «Gazety Wyborczej» Андрэй Пачобут быў, па сутнасьці, патаемна вывезены ўначы з Горадні ў Менск, пра яго не было ніякіх зьвестак паўсутак. У сталічным судзе Андрэя Пачобута аштрафавалі на адзін мільён і сямсот пяцьдзясят тысяч рублёў за тое, што ён як журналіст знаходзіўся 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці.

Андрэй Пачобут напісаў у вайсковую пракуратуру скаргу пра тое, што на допыце ў гарадзенскім КДБ яго білі па галаве. Судмэдэкспэртыза зафіксавала ў яго на галаве лёгкае пашкоджаньне, кажа журналіст.

Пачобут: «Зь невядомых мне прычын сьледчы пракуратуры прызначыў паўторную экспэртызу. Хоць прайшло больш за тыдзень часу, яны зафіксавалі, што гэтае пашкоджаньне на галаве па-ранейшаму ёсьць, зрабілі фотаздымак. Я так разумею, што ўсе ведаюць, што справа датычыць КДБ, таму так асьцярожна да ўсёй гэтай працэдуры падыходзяць».
Пасьля таго як я падаў заяву аб зьдзяйсьненьні супрацоўнікамі КДБ злачынства ў дачыненьні да мяне, у мяне быў праведзены ператрус.

Гэтым разам быў не адзін экспэрт, а тры, зазначае Андрэй Пачобут. Пасьля скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ у яго правялі ператрус, затым суд яго аштрафаваў.

Пачобут: «Пасьля таго як я падаў заяву аб зьдзяйсьненьні супрацоўнікамі КДБ злачынства ў дачыненьні да мяне, у мяне быў праведзены ператрус, забралі ноўтбук, забралі архіў „Magazyna Polskiego“. А яшчэ раней, 19 сьнежня, у мяне быў сканфіскаваны ноўтбук, які знаходзіўся ў штабе Міхалевіча».

Вынікі перасьледу грамадзкіх актывістаў на Гарадзеншчыне падсумоўвае кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык:

«Гэта, як мне падаецца, шаленства ўладаў. Тое ж самае было, напрыклад, пасьля выбухаў у сталіцы падчас сьвяткаваньня 3 ліпеня. Тады спачатку ўсім актывістам рабілі дактыляскапію, затым шырэй і шырэй, і ці не ў паловы насельніцтва Беларусі адбіткі пальцаў узялі. Да чаго гэта прывядзе, я ня ведаю, але мне падаецца, што гэта абсалютна тупіковы шлях уладаў. Ён ня зможа запалохаць актывістаў і моцна перашкодзіць дзейнасьці людзей, якія займаюцца палітыкай. Мала таго, адбываецца пэўная радыкалізацыя настрояў насельніцтва і кансалідацыя апазыцыйных дэмакратычных сілаў».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Ператрусы ў рэгіёне з санкцыі менскага пракурора

У абласную ўправу дзяржбясьпекі 19 студзеня быў выкліканы позвай гомельскі праваабаронца, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі й Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка:

«Выклікалі ў КДБ з нагоды справы пра беспарадкі ў Менску — Ядчанка Аляксандар, сьледчы ў асабліва важных справах. Узялі падпіску, бо са мной ня проста размаўлялі, а выклікалі ў якасьці сьведкі. Таму і ўзялі падпіску пра неразгалошваньне. Я не маўчаў, адказваў — я ня бачу сэнсу маўчаць. Чаму я павінен, напрыклад, маўчаць пра тое, што зьяўляюся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі? Я гэтага не хаваю».
Я не маўчаў, адказваў — я ня бачу сэнсу маўчаць..


18 студзеня ў Мазыры чэкісты правялі ператрус у кватэры Аляксандра Кавальчука, даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. У адрозьненьне ад папярэдніх ператрусаў, якія рабіліся на падставе пастановаў менскага пракурора, ператрус у мазырскага актывіста праведзены з санкцыі пракурора Гомельскай вобласьці Валянціна Шаева. Спадар Кавальчук нібыта ўдзельнічаў 19 сьнежня ў масавых беспарадках у Менску, хаця насамрэч у гэты дзень у Менску ён ня быў.

Падчас ператрусу ў спадара Кавальчука канфіскавалі агітацыйныя матэрыялы, некалькі кампакт-дыскаў з матэрыяламі пра рэпрэсіі 1930-х гадоў. Чэкісты паабяцалі выклікаць Аляксандра ў хуткім часе й на допыт.

На 20 студзеня атрымаў позву на допыт у Жлобінскі аддзел КДБ кіраўнік раённай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Рыбчанка. Два тыдні таму апэратыўнікі правялі вобшук у кватэры актывіста й сканфіскавалі носьбіты інфармацыі.

Усяго за месяц пасьля прэзыдэнцкіх выбараў гомельскія чэкісты правялі 11 ператрусаў на кватэрах актывістаў і ў офісах апазыцыйных партый і грамадзкіх арганізацый, дапыталі каля паўтара дзясятка чалавек зь ліку найбольш актыўных удзельнікаў кампаній альтэрнатыўных кандыдатаў на прэзыдэнты.

Пакараны арыштамі ў Менску й Гомелі 6 актывістаў.

Віктар Канцавенка з Рэчыцы, давераная асоба Мікалая Статкевіча, вымушаны быў эміграваць ва Ўкраіну, дзе папрасіў палітычнага прытулку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG