Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Observer”: “Саюз папы рымскага з дыктатарам”


Нік Коэн у брытанскай “The Observer” крытыкуе палітыку Ватыкану адносна афіцыйнага Менску. Ніжэй – пераклад артыкулу.

Назваць гісторыю з разбэшчваньнем дзяцей каталіцкімі сьвятарамі “скандалам” было б занадта мякка. Аднак якім бы словам – “зьверства”, “гнюснасьць” – мы ні скарысталіся, цяжка сумнявацца ў тым, што згвалтаваньне, як казалі фэміністкі сямідзясятых гадоў, – гэта праблема ўлады. Улада старэйшых, якая дазваляе ім разбэшчваць і гвалтаваць малодшых, дапаўняецца ў дадзеным выпадку ўладай Ватыкану, што дае яму магчымасьць абараняць гвалтаўнікоў ад правасудзьдзя і пакрываць іх злачынствы.

Калі б царква сапраўды верыла ва ўласную дактрыну, можна было б чакаць, што папства прадэманструе хоць трохі раскаяньня і будзе шукаць выкупленьня. Аднак папа Бэнэдыкт XVI, які, калі быў кардыналам Ратцынгерам, узначальваў паралельную судовую сыстэму, дзе быў адзін закон для царквы і іншы – для ўсіх астатніх, паказвае, што ён гатовы дараваць сабе грахі, але не гатовы на іх вучыцца.
Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што дыктатура Лукашэнкі гвалціць Беларусь...


Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што дыктатура Аляксандра Лукашэнкі гвалціць Беларусь. Пасьля таго, як у мінулым месяцы ў Менску на вуліцы выйшла мноства людзей, не задаволеных сфальсыфікаванымі выбарамі, тайная паліцыя зь лютасьцю накінулася на апазыцыю. Сотні чалавек былі арыштаваныя або сутыкнуліся з пагрозамі, сем зь дзевяці апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты апынуліся за кратамі, а аднаго – Уладзімера Някляева – зьбілі да страты прытомнасьці і вывалаклі зь лякарні, у якой ён знайшоў прытулак.

Пераймаючы тактыку камуністаў, Лукашэнка пагражае адпраўляць дзяцей дысыдэнтаў ў дзіцячыя дамы – гэта яго асабістая форма гвалту над дзецьмі. Пасьля таго, як улады паспрабавалі забраць трохгадовага Данілу Саньнікава, сына апазыцыйнага лідэра Андрэя Саньнікава, які знаходзіцца ў СІЗА, адзін зь мясцовых палітычных аналітыкаў заўважыў, што, “выкарыстоўваючы дзяцей, яны могуць прымусіць сваіх праціўнікаў зрабіць прызнаньні, палітычна капітуляваць і выступіць на дзяржаўным тэлебачаньні з пакаяннымі прамовамі”.

Як заявіла, абдымаючы дзіця, яго бабуля, “у Беларусь вяртаецца кашмарны сталінскі час. Я не магу паверыць у тое, што гэта сапраўды адбываецца”.

Натуральна, што тыя чальцы беларускай апазыцыі, якія ўсё яшчэ застаюцца на свабодзе, заклікаюць замежнікаў асудзіць рэжым. Гэта іх апошні козыр. Расея забясьпечвае эканамічнае выжываньне тыраніі, таму што Пуціну патрэбна Беларусь у якасьці буфэрнай дзяржавы, а аб пакутах беларусаў ён перажывае ня больш, чым Кітай аб пакутах жыхароў Паўночнай Карэі.
Расея забясьпечвае эканамічнае выжываньне тыраніі, таму што Пуціну патрэбна Беларусь у якасьці буфэрнай дзяржавы...


Эўропа – гэта ўсё, на што яны могуць абаперціся. Хоць баранэсу Эштан, брытанскага палітыка, пра якую ў самой Брытаніі практычна ніхто ня чуў, пакуль закулісныя перастаноўкі ў Брусэлі не забясьпечылі ёй месца вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ па замежных справах, крытыкаваць лёгка, я вымушаны прызнаць, што яна паводзіць сябе годна. Яна сустрэлася зь сям'ёй Саньнікава і паабяцала зрабіць усё магчымае, каб дабіцца вызваленьня палітычных зьняволеных. Яе супрацоўнікі далі мне зразумець, што яна паспрабуе да канца месяца пераканаць эўрапейскія ўрады ўвесьці візавыя забароны для Лукашэнкі і яго грамілаў.

У апазыцыі ёсьць у Эўропе і ворагі. Так, карэспандэнт часопісу “New Statesman”, які ў свой час апраўдваў масавыя забойствы, што адбываліся ў 1930-х гадах у Савецкім Саюзе, паказаў сябе яшчэ большым сталіністам, чым яго сталінісцкія папярэднікі. Каб паспрабаваць абараніць дыктатуру, ён зрабіў рэпартаж аб сваім візыце “на адну з пэрлін мясцовай прамысловасьці – гіганцкі Беларускі аўтамабільны завод... які дае працу 12000 чалавек і зьяўляецца адным з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў кар'ерных самаскідаў”. Аднак, калі пакінуць за дужкамі тыраналюбных левакоў зь іх адвечнай глыбокай павагай да нормаў выпуску грузавікоў, галоўная праблема дысыдэнтаў – гэта ўсё ж не варожасьць Эўропы, а яе абыякавасьць.

Таму апазыцыйныя лідэры ня мелі лішніх надзеяў, калі прасілі аб сустрэчы з папскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відовічам (Martin Vidovic). Яны хацелі перадаць яму ліст для папы рымскага, у якім гаварылася наступнае: “Сёньня Беларусь занураная ў цемру. Працягваюцца арышты актывістаў, пагромы рэдакцыяў незалежных сайтаў і газэт, ператрусы на кватэрах. Улады шантажуюць палітвязьняў іх маленькімі дзецьмі, якія засталіся на волі. Мы хочам зьвярнуцца да Вас па дапамогу”. Нунцый адмовіўся зь імі сустрэцца. Пазьней ён памякчэў, аднак Ратцынгер так і ня выступіў з пратэстам супраць уціску і не паабяцаў разарваць дыпляматычныя адносіны зь беззаконнай дзяржавай.

Ватыкан, які сябе называе добрай сілай, маўчыць, таму што хоча заключыць канкардат зь дзяржавай, у якой дасюль існуе КДБ, а на вуліцах стаяць статуі Леніна – сапраўды гэтаксама, як у 1930-х гадах ён шукаў кампрамісу з нацысцкай Нямеччынай.

Што разьлічвае атрымаць папства, зразумець цяжка, паколькі ўмовы канкардатаў звычайна трымаюцца ў сакрэце. Аднак можна выказаць здагадку, што яно хоча таго самага, чаго й заўсёды – грамадзкіх сродкаў і кантролю над навучаньнем дзяцей. Што атрымае Лукашэнка, зразумець лягчэй.

Было б памылкай лічыць, што дыктатарам ня трэба турбавацца аб грамадзкай думцы. Як мінімум, яны імкнуцца забясьпечыць маўклівую пакорлівасьць падданых і дэмаралізаваць апанэнтаў. Дзяржаўны сакратар Ватыкану кардынал Тарчызіё Бэртонэ (Tarcisio Bertone) у абмен на ўгоду з Рымам дапамог удзячнаму Лукашэнку і зь першым, і з другім.
У Беларусі пражывае шмат каталікоў, і папа стрымана дапамог дыктатару здабыць у іх вачах легітымнасьць...


Кардынал вымавіў недарэчную хвалу беларускай “свабодзе веравызнаньня” і назваў санкцыі супраць рэжыму непрымальнымі. У Беларусі пражывае шмат каталікоў, і папа, такім чынам, стрымана дапамог дыктатару здабыць у іх вачах легітымнасьць. Пры гэтым ён, не абмежаваўшыся палітычным выступам, запрасіў Лукашэнку на аўдыенцыю ў Ватыкан.

Летась я гаварыў з Натальляй Калядой, заснавальніцай беларускага “Свабоднага тэатру”, які служыць цэнтрам інтэлектуальнага іншадумства і процістаяньня Лукашэнку. Тады яна літаральна зьзяла ад надзеі на тое, што жыцьцё ў яе краіне можа зьмяніцца на лепшае. Я тэлефанаваў ёй на мінулым тыдні, але гэтая настолькі энэргічная раней жанчына была занадта засмучаная, каб гаварыць.

У Лёндане “Свабодны тэатар” паказваў відэазапіс бліскучага абсурдысцкага спэктаклю “Лічбы”. На сцэне разгортвалася сюррэалістычнае дзеяньне, у той час як на экран за сьпінамі актораў праектаваліся статыстычныя дадзеныя, якія ілюструюць размах прастытуцыі, галечы і хваробаў у Беларусі. У канцы экран запоўнілі знакамітыя імёны – Марк Шагал, Айзэк Азімаў, Кірк Дуглас... Імёны вядомых людзей, народжаных у Беларусі або ў сем'ях эмігрантаў з гэтай краіны.

Спачатку я зьдзівіўся, але потым зразумеў, што акторы хацелі гэтым сказаць. Яны дэманстравалі, што Беларусь – частка заходняга сьвету і што мы павінны за яе змагацца. Імкненьне папы рымскага, апошняга абсалютнага кіраўніка Эўропы, учыняць угоды з Лукашэнкам, апошнім дыктатарам Эўропы, паказвае, што гэтую барацьбу нам варта весьці і на ўнутраным фронце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG