Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цяпер мы лепш ведаем, за што змагаемся»


З турмаў Менску і Жодзіна вызваленыя некалькі дзясяткаў дэмакратычных актывістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Што яны кажуць пра той час, які правялі за кратамі? Як успрымаюць падзеі, удзельнікамі і ахвярамі якіх сталі?

ВІЦЕБШЧЫНА


«Нават апалітычныя людзі зразумелі, што ў нас за краіна»

Пасьля 10-суткавага арышту ў Віцебск вярнуўся актывіст «Маладой Беларусі» Алесь Галавань.

Алеся Галаваня затрымалі на акцыі 19 сьнежня ў Менску, арышт ён адбываў у жодзінскай турме № 8:

«Мне прысудзілі 10 сутак — сказалі, што ў 21:30 я крычаў на плошчы „Жыве Беларусь!“ і „Сыходзь!“. І 21-га мы ўжо былі ў Жодзіне. Усе 8 чалавек у камэры былі „ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства“. Хаця людзі былі і зусім выпадковыя. Быў у нас хлопец, які з бацькамі зьбіраўся ехаць у Парыж на адпачынак, сядзеў у машыне з маці, яго выцягнулі праз акно. Пабілі шыбу, у яго колата-рэзаныя раны былі…»

Алесь Галавань распавёў, што падчас затрыманьня яго моцна ўдарылі па галаве, і апрытомнеў ён ужо толькі ў «аўтазаку». Ён кажа, што ў турме яго дапытаў супрацоўнік КДБ. А калі хлопец вярнуўся дахаты, то даведаўся, што супрацоўнікі КДБ правялі безь яго ператрус:

«Недзе 22-га ці 23-га прыходзілі да мяне дахаты супрацоўнікі КДБ, як маці сказалі. Пачалі перакідваць паперы — шукалі мой пашпарт. Яны сказалі, што ведаюць пра тое, што нібыта я колькі дзён таму атрымаў візу… Не знайшлі і нічога не забралі. Спыталіся толькі ў бацькоў, ці зьбіраўся я на плошчу і гэтак далей».
Алесь Галавань на нейкі час страціў прытомнасьць, а ў Ленінскім РАУС, калі яго туды прывялі міліцыянты, гаманца ўжо не было. Зьніклі і дзьве банкаўскія карткі.


Людзі, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ, шукалі пашпарт актывіста. А сам ён цяпер ня можа знайсьці гаманец з грашыма, які быў у яго ў кішэні падчас затрыманьня. Алесь Галавань на нейкі час страціў прытомнасьць, а ў Ленінскім РАУС, калі яго туды прывялі міліцыянты, гаманца ўжо не было. Зьніклі і дзьве банкаўскія карткі, якія цяпер давядзецца аднаўляць.

Учора на волю выйшла і Аксана Ючкавіч, студэнтка філфаку БДУ, родам зь вёскі Параф’янава Докшыцкага раёну.

Дзяўчына адмовілася камэнтаваць сваё затрыманьне 19 сьнежня і наступны арышт на 10 сутак, пакуль ня будзе вырашана пытаньне з працягам навучаньня ў ВНУ — бо ўжо ёсьць зьвесткі пра адлічэньне студэнтаў пасьля ўдзелу ў менскай акцыі пратэсту.

19-гадовая актывістка партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Ірына Губская зь вёскі Савуткі Шаркоўшчынскага раёну два гады таму паехала ў Менск вучыцца. 19 сьнежня ў ліку сямісот затрыманых яна трапіла пад суд. 10 сутак арышту шмат для каго сталі падставай, каб задумацца над сытуацыяй у краіне, кажа дзяўчына:

«Людзі казалі, што ніколі больш ня будуць верыць у тое, што паказваюць па БТ. Аднойчы 19 сьнежня яны проста выйшлі ў краму, каб набыць нешта на вячэру. А трапілі на 10 сутак! І цяпер яны зразумелі, што ў нас за краіна. Гэтая адседка проста падмацавала людзей і мяне асабіста — цяпер мы лепш ведаем, за што змагаемся!»

30 сьнежня ў Паўла Севярынца — дзень нараджэньня


Учора стала вядома, што аднаму зь віцебскіх заснавальнікаў БХД, вядомаму палітыку Паўлу Севярынцу выстаўлена абвінавачаньне па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску падчас акцыі 19 сьнежня. 30 сьнежня Паўлу Севярынцу споўнілася 34 гады, але віншавальную паштоўку для яго разам зь перадачай прыняць адмовіліся.

Зваротная сувязь з Паўлам — толькі праз адваката, кажа маці зьняволенага Тацяна Севярынец:

«Толькі праз адваката, на жаль. Ён, Павал Сапёлка, сказаў, што нам Павал напісаў ужо два лісты, але мы іх яшчэ не атрымалі. Учора мне ўдалося Паўлу перадаць ужо другую перадачу. Але сказала, што ў сына дзень народзінаў і я хачу перадаць вось гэтую паштовачку-віншаванку, то сказалі „не“, не ўзялі».

На пытаньне, ці будуць родныя неяк адзначаць угодкі Паўла Севярынца, маці адказала так:

«Як тут адзначаць? Ганьба гэтай дзікунскай уладзе, тысячу разоў ганьба, мільён разоў! Усе хлопцы, і Павал у тым ліку, ніяк не вінаватыя — яны скарысталі сваё канстытуцыйнае права на мірныя сходы. Акцыя была мірнай, і гэта ўладам добра вядома! Ня тое каб я чакала такога падарунка, што хлопцаў выпусьцяць, няхай сабе пад падпіску аб нявыезьдзе… Але калі ўжо выставілі абвінавачаньне… то які тут будзе настрой! Так і адзначаю: малюся, сёньня ўвесь дзень малюся!»

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Улада стварыла бомбу запаволенага дзеяньня»

Ганна Дайняк з Баранавічаў і Кася Сяльдзеўская зь Берасьця пасьля 10 сутак арышту на Акрэсьціна дзеляцца сваімі ўражаньнямі і меркаваньнямі пра затрыманьні на Плошчы. Яшчэ каля дзесяці чалавек зь Берасьцейшчыны адбываюць пакараньне ў выглядзе 13 і 15 сутак на Акрэсьціна і ў Жодзіна.

Касю Сяльдзеўскую пасьля арышту сустракалі маці і яе сябра. Кася кажа, што міліцыянты падчас затрыманьня зьдзекаваліся зь людзей у аўтазаку, абражалі іх. Нікога не выводзілі ў прыбіральню. Калі нехта казаў, што вельмі холадна, міліцыянт разнасьцежваў дзьверы ў машыне і зьедліва казаў, каб затрыманыя атрымлівалі асалоду. Гэта выклікала абурэньне, кажа Кася:

«Улада такім чынам толькі падклала пад сябе бомбу запаволенага дзеяньня. Затрымалі сотні людзей, да якіх варта дадаць абурэньне родных, знаёмых. Магчыма, улада меркавала, што такім чынам зможа перавыхаваць людзей. Але наадварот — людзі раззлаваліся, і невядома, калі здарыцца выбух».
Улада такім чынам толькі падклала пад сябе бомбу запаволенага дзеяньня.


Тэрмін Кася Сяльдзеўская адбывала ў камэры, якая была перапоўненая. Людзі клаліся спаць на падлозе, было холадна. Супрацоўнікі ІЧУ казалі на скаргі, што нічым ня могуць дапамагчы, бо вельмі шмат людзей і камэры перапоўненыя. На шостыя суткі людзей пачалі дапытваць міліцыянты, на восьмыя суткі — супрацоўнікі КДБ:

«Супрацоўнікі КДБ шантажавалі людзей. Патрабавалі, каб падпісвалі аб нераспаўсюдзе інфармацыі пра допыт. Пры гэтым пагражалі выключэньнямі з унівэрсытэту, пагражалі тым, што будуць звольненыя з працы бацькі. Запытваліся пра тое, як паводзілі сябе лідэры апазыцыі, які быў настрой у мітынгоўцаў».

Кася адзначае, што ніхто ў камэры не шкадаваў пра затрыманьне і праведзеныя ў камэры сьвяты. Многія казалі, што ня спыняцца ў адстойваньні сваёй думкі. Моцным стымулам служыла падтрымка людзей і салідарнасьць звонку:

«Гэта было настолькі моцна і кранальна… Людзі імкнуліся перадаць словы падтрымкі праз запіскі. Шмат пасылак зь цёплымі рэчамі. Для нас гэта былі сапраўдныя падарункі».

Ганна Дайняк кажа, што працэдуры затрыманьня, допыту і асуджэньня былі прыніжальнымі. Ніхто зь міліцыянтаў не зважаў, што парушае правы кожнага з затрыманых:

«Паказаньні запісваліся зь нейкіх аркушаў пад шаблён. Нас амаль ніхто не распытваў. Міліцыянты сябе не асабліва турбавалі, проста пыталіся, ці згодныя з напісаным, ці не. Судзьдзя на нас траціў ня больш за хвіліну. Сьведкамі выступалі міліцыянты. Хаця падчас працэсу нада мною я ня бачыла ніякага сьведкі».

У камэры, якая разьлічана на шэсьць чалавек, часам было 12 затрыманых, кажа Ганна. Амаль усе затрыманыя былі ўдзельнікамі Плошчы. Сярод іх — настаўнікі, адвакаты, людзі з вышэйшай адукацыяй, якія валодаюць некалькімі мовамі, кажа Ганна. У камэры шмат што абмяркоўвалася:

«Было проста незразумела, за што нас затрымалі. Магчыма, што тых, хто застаўся на волі, яны хацелі такім чынам запалохаць. Але асабіста ў нас гэта выклікала толькі жаданьне дабівацца свайго. Гэта вельмі несправядліва».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Турэмшчыкі лічаць, што за 9 сутак галадоўкі памерці нельга»

На волю з ізалятараў часовага ўтрыманьня выйшлі й некаторыя актывісты з Магілёўшчыны.

Тацяна Шамбалава, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага, за ўдзел у акцыі пратэсту атрымала дзесяць сутак. Дзевяць зь іх трымала галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага затрыманьня, прысуду ды ўмоваў, у якіх актывістцы давялося адбываць пакараньне:

«Нас прыблізна з дванаццаці ночы да дванаццаці дня 20 сьнежня ўтрымлівалі проста стоячы на калідоры. Мы ня мелі магчымасьці нават прысесьці. Анамальна нізкая тэмпэратура ў камэры. Анамальна слабое асьвятленьне. Да таго ж мы ўтрымліваліся ў адной камэры — хто паліць і хто ня паліць. У камэры нас было дваццаць чалавек. На нашу думку, камэра была разьлічаная чалавек на шэсьць».
Анамальна нізкая тэмпэратура ў камэры. Анамальна слабое асьвятленьне.


Паводле актывісткі, стаўленьне кіраўніцтва ізалятара да масавых галадовак было абыякавым.

«Я падала заяву начальніку ізалятара пра маю галадоўку — нуль эмоцыяў абсалютна. У лепшым выпадку ён яе прачытаў. Яны так, відаць, падумалі, што за дзесяць сутак не памрэш — ну, рабі сабе, што хочаш. Спадарыня Губская, таксама давераная асоба Рымашэўскага, трымала сухую галадоўку дзён пяць. І яшчэ адна дзяўчына, Анастасія Кніга, трымала галадоўку, бо яе наагул на Акрэсьціна зьбівалі».

20 сьнежня ў Тацяны Шамбалавай быў дзень народзінаў. Першай яе павіншавала судзьдзя:

«Судзьдзя Хвайніцкая з Заводзкага суду так цынічна сказала: „Ах, дзень народзінаў, ну дык ён вам запомніцца надоўга. Я вас віншую, вам дзесяць сутак“. Нехта задаваў мне пытаньне: „А ці не шкадуеш, што пайшла на плошчу?“ Ніводнага імгненьня й ніводнай кроплі».

Тацяна Шамбалава абскарджвае рашэньне Заводзкага суду аб зьняволеньні, бо лічыць яго беспадстаўным і незаконным. На здароўе актывістка не наракае.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Давялося абвясьціць галадоўку, каб нас расьсялілі зь перапоўненай камэры»

Пасьля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту зь менскага ізалятара на волю выйшла гомельская журналістка Тацяна Бублікава, якая апошнім часам працавала ў Менску. Журналістку затрымалі 19 сьнежня а палове 12-й ночы на процілеглым ад Дома ўраду баку плошчы Незалежнасьці, блізу ўваходу ў мэтро.

«Першую ноч я праседзела на лаўцы, ля батарэі, насупраць адчыненага вакна ў дзяжурцы, у РАУСе між дзяжурнымі міліцыянтамі. І, зь іншага боку, былі камэры, дзе быў адзін сухотнік, жанчына, якая таксама ўвесь час кырхала, і нейкі сэксуальны маньяк, які ўвесь час прапаноўваў мне нейкія непрыстойнасьці».

Насуперак волі журналісткі ў РАУСе яшчэ да складаньня пратаколу затрыманьня правялі дагляд яе рэчаў:

«Нейкі Калесьнікаў Н.В., ня ведаю, як яго завуць, вывернуў зьмесьціва маёй сумкі і пераглядаў паперкі. Адна з паперак — гэта было рэдакцыйнае заданьне: што й як я мушу рабіць на плошчы, як працаваць, калі выходзіць на сувязь. І Калесьнікаў зьдзекліва сказаў: „А-а, дык ты ў нас карэспандэнтка“.
Калі мне круцілі рукі ў Кастрычніцкім РАУСе, каб узяць адбіткі пальцаў, і гэта бачылі афіцэры — яны проста сьмяяліся.


У мяне проста гістэрыка пачалася, я расстроілася й не магла кантраляваць сытуацыю. І толькі ў судзе заўважыла, што гэтая паперка зьнікла з маіх рэчаў. У нас ужо закон — не закон. Калі мне круцілі рукі ў Кастрычніцкім РАУСе, каб узяць адбіткі пальцаў, і гэта бачылі афіцэры — яны проста сьмяяліся. Я казала: „Хлопцы, гэта ж незаконна. Вы мусіце спачатку даць пратакол затрыманьня!“ Але ім было начхаць».

Судзілі Тацяну ў Кастрычніцкім судзе Менску:

«У пратаколе адміністрацыйнага правапарушэньня было напісана, што я з 21:45 да 22:30 знаходзілася на плошчы, выкрыквала лёзунгі: „Жыве Беларусь!“ і „Сыходзь!“. Не рэагавала на папярэджаньні міліцыі пра тое, што мітынг не дазволены».

Такое вось парушэньне. На прапанову адвакаткі Тацяна прызнала яго, але не пазьбегла арышту й знаходжаньня ў жудасных умовах.

Бублікава: «Павезьлі ў суд і пасадзілі ў падземным памяшканьні ў камэру, відаць, памерам мэтар на мэтар. Нас было там пяцёра чалавек, а сядзець адразу маглі толькі трое. Не было вакна, не пускалі ў прыбіральню — толькі адзін раз пусьцілі. Не давалі вады. І там мы праседзелі да 11 гадзіны вечара — нават пасьля суду сядзелі».

У ізалятары на вуліцы Скарыны, куды адвезьлі арыштантаў з Кастрычніцкага суду, умовы былі ня лепшымі. На знак пратэсту Тацяна ды іншыя «сядзельцы» галадавалі шэсьць дзён, аж пакуль «перанаселеную» камэру не расьсялілі.

Паводле журналісткі, гэта такая сыстэма, што калі ты ня моцны духам, то можаш страціць людзкае аблічча:

«Гэта рэальны падвал, у які амаль не пранікае дзённае сьвятло. Там ня краты, а нейкі жалезны ліст, пафарбаваны ў жоўты колер. І ў ім, як у друшлягу, такія круглыя дзіркі. За дзіркамі — шкло. Праз шкло нічога ня бачна, бо яно моцна запыленае — праз такое шкло звычайна глядзяць на сонечнае зацьменьне. Ежа — жудасная. Я ня ведаю, як можна так дрэнна гатаваць. У другім канцы калідора брахалі сабакі, яны не давалі спаць. Пад канец крыху прызвычаіліся. Гэта былі нейкія сабакі з аховы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG