Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія назіральнікі скардзяцца ў ЦВК на парушэньні


Назіральнікі зь Берасьця накіравалі шэраг скаргаў у выбарчыя камісіі рознага ўзроўню, пракуратуру, міліцыю.

Віталь Шмель быў назіральнікам на ўчастку галасаваньня № 1 у Берасьці, які разьмяшчаўся ў музычнай школе. Ён расказаў, што камісія ставілася да яго даволі прыязна — да моманту падліку галасоў. Як толькі ўчастак быў зачынены для выбаршчыкаў, кантроль за падлікам галасоў быў для назіральніка абмежаваны. Віталь накіраваў скаргу ў ЦВК, у якой апісаў, што вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя. Сябры камісіі не агучвалі свой падлік, а на паперы пісалі лічбы і перадавалі іх старшыні камісіі:

«Аднак некаторыя сябры камісіі агучвалі вынікі падліку галасоў услых. Мне такім чынам удалося даведацца, што на ўчастку за кандыдата Рымашэўскага прагаласавала 56 выбаршчыкаў, за Ўладзімера Някляева — 162, супраць усіх — 202».

Назіральнік перапісаў гэтыя лічбы і пазьней параўнаў іх з тымі, што былі ў выніковым пратаколе. Лічбы аказаліся зусім іншымі:

«Я быў шакаваны: у выніковым пратаколе за Рымашэўскага стаяла лічба 48, за Някляева — 132, а супраць усіх — 84».
Старшыня камісіі неаднаразова пакідала памяшканьне ўчастку і выходзіла на размову па мабільным тэлефоне. Паводле выбарчага заканадаўства, гэта — парушэньне.

Паводле слоў назіральніка, Ганна Сьцяпанаўна Сьцепанюк, старшыня камісіі на гэтым участку, падчас падліку галасоў неаднаразова выходзіла з участку і размаўляла па мабільным тэлефоне. Увесь гэты час астатнія сябры камісіі бязьдзейнічалі, а яго не падпускалі блізка да стала зь бюлетэнямі. Усё гэта таксама знайшло сваё адлюстраваньне ў скарзе:

«Падчас перапынку старшыня камісіі неаднаразова пакідала памяшканьне ўчастку і выходзіла на размову па мабільным тэлефоне. Паводле выбарчага заканадаўства, гэта — парушэньне».

Кацярына Шэлест, назіральніца на ўчастку № 97 Берасьця таксама кажа, што да падліку галасоў назіральнікі практычна не былі дапушчаны. Назіральніца падала скаргу ў пракуратуру Маскоўскага раёну Берасьця на тое, што ў апошні дзень датэрміновага галасаваньня ўначы ў памяшканьні, дзе знаходзілася скрыня, былі пабочныя асобы:

«Я несла начное дзяжурства. Калі пад’ехала на аўтамабілі да паркоўкі каля школы, раптам убачыла, што дзьверы памяшканьня, дзе знаходзіцца скрыня, адчыненыя. Людзі, якія былі ў памяшканьні, калі пабачылі, што пад’ехаў аўтамабіль, зачынілі дзьверы. Але кіроўца паставіў машыну такім чынам, што фары сьвяцілі проста ў акно. І было добра бачна водбліскі ад флікераў, якія ёсьць на міліцэйскай форме. У памяшканьні былі два чалавекі, а не адзін, як прадугледжвае заканадаўства».

Скаргу ў ЦВК сёньня напісаў і назіральнік на ўчастку № 98 Дзяніс Турчыняк:

«Пасьля таго, як камісія пачала падлік галасоў, я агледзеў скрыню для датэрміновага галасаваньня. Гэта мэтровай, а то і больш, вышыні скрыня. Унутры на скрыні вельмі шмат пылу. Маю ўвагу прыцягнула тое, што на дне гэтай скрыні былі бачныя сьляды чалавечых далоняў. Такім чынам, ніжнюю частку скрыні адкручвалі».

Назіральнік выклікаў на месца супрацоўнікаў пракуратуры, а сёньня накіраваў скаргу і ў ЦВК.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG