Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двайная гульня Лукашэнкі каштавала яму таннай нафты


Аб'ём паставак расейскай нафты ў Беларусь цягам студзеня-кастрычніка скараціўся на 43% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась, склаўшы 10 мільёнаў тон.

З увядзеньнем мыта на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, набываць яе ў Расеі стала эканамічна нявыгадна — паводле афіцыйнага прагнозу, з-за мыта сёлета бюджэт недаатрымае 1,5—2 мільярды даляраў. Кампэнсаваць страты Менск спадзяецца за кошт альтэрнатыўных паставак з Вэнэсуэлы, Ірану, Азэрбайджану.

У зьвязку са зьменамі ўмоваў паставак расейскай нафты ўрад Беларусі адкарэктаваў дзейнасьць нафтаперапрацоўчых заводаў. Цягам 2010 году Наваполацкі "Нафтан" і Мазырскі НПЗ агулам павінны перапрацаваць блізу 16 мільёнаў тон беларускай і расейскай нафты. У астатнім працэс будзе прывязаны да танкерных паставак нафты з Вэнэсуэлы праз парты Ўкраіны і краіны Балтыі.

Сёлета Расея пагадзілася пастаўляць у Беларусь бязмытна 6 мільёнаў 300 тысяч тон нафты, а яшчэ 15 мільёнаў тон — з уключэньнем у кошт 100% мыта. Беларусі бок катэгарычна супраць такой формулы, называючы спагнаньне экспартнага мыта ва ўмовах Мытнага саюзу "прававым нонсэнсам". Эканамічны суд СНД, куды Міністэрства юстыцыі Беларусі зьвярнулася з пазовам на расейскі ўрад, фактычна кінуў справу на самацёк, заклікаўшы бакі самастойна вырашаць канфліктную сытуацыю.

Нядаўна намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў, што Масква адмовіцца ад мыта пры ўмове, што Менск будзе ў поўным аб'ёме пералічваць у расейскі бюджэт экспартныя пошліны на нафтапрадукты, якія вывозяцца зь Беларусі. Ён нагадаў, што пошліна вызначаная на ўзроўні 55% стаўкі мыта на сырую нафту, а значыць, беларускія НПЗ працягваюць атрымліваць ускосную датацыю. Шаталаў адзначыў, што Расея субсыдыяваць Беларусь больш не жадае і лічыць, што пры такім раскладзе лепш укладаць сродкі ў мадэрнізацыю расейскіх НПЗ.

Беларусь апошнія ініцыятывы Масквы задаволіць ня могуць. І хоць абмеркаваньне расейскай прапановы вядзецца на экспэртным узроўні, чыноўнікі вераць, што пратакол аб вынятках з адзінай мытнай тэрыторыі будзе выкананы і да 1 студзеня 2011 году пытаньне спагнаньня мыта вырашыцца на карысьць Беларусі.

Між тым спадзевы на вяртаньне ранейшых прэфэрэнцыяў робяцца ўсё больш прывіднымі. Намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Расеі Аляксей Астроўскі перакананы: двайная гульня, якую вядзе беларускае кіраўніцтва, практычна не пакідае шанцаў, што Расея і надалей будзе заставацца для Беларусі "дойнай каровай":

"ЛДПР, як і іншыя палітычныя сілы ў Расеі, вельмі доўга і пасьлядоўна падтрымлівала Лукашэнку, падтрымлівала беларуска-расейскія адносіны, не да канца разумеючы, што гэты чалавек вядзе двайную гульню. У апошні час, калі Расея была вымушаная перагледзець памеры і віды фінансавай дапамогі, якая мільярдамі даляраў аказвалася ўсе апошнія гады Беларусі і такім чынам стварала міт пра беларускі эканамічны цуд, мы ўбачылі, хто ж насамрэч сядзіць у афіцыйным Менску і як гэта ўсё насамрэч называецца. За ЛДПР, як і за іншыя сілы, галасуюць мільёны людзей, і я думаю, што ў якойсьці ступені лідэры тых ці іншых палітычных партый выказваюць і іх пазыцыю".

Экспэрт у энэргетычнай галіне Аляксандар Мех упэўнены, што страты ад увядзеньня мыта на расейскую нафту адчувальныя ня толькі для бюджэту Беларусі, але і для сілаў, якія лабіравалі такога кшталту сыравінныя схемы:

"Гэта тыя рэальныя грошы, якія заставаліся ўнутры Беларусі. Канечне, зусім іншае пытаньне, дзе гэтыя сродкі ўрэшце асядалі — ці ва ўрадзе, ці ішлі яны ў бюджэт, ці імі наўпрост карысталіся нейкія пэрсаналіі. Але адсутнасьць празрыстасьці ў гэтым пытаньні дае падставу казаць, што гэта проста адна са схемаў адмываньня грошай на дзяржаўным узроўні. Хоць тут і нельга казаць пра дзяржаву агульна, бо дзяржавай сродкі ўсё ж выкарыстоўваліся. Мне падаецца, што за ўсім гэтым стаяць пэўныя асобы, у іх ёсьць прозьвішчы, ёсьць імёны. Але такая сытуацыя ўрэшце Маскве надакучыла, бо ад такога аднабаковага "супрацоўніцтва" не атрымліваў прыбыткаў у першую чаргу расейскі бюджэт, не атрымлівалі грошы тыя ж самыя расейскія людзі".

Дзірку ў нафтавых пастаўках Беларусь намагаецца залатаць з дапамогай Вэнэсуэлы. Падчас нядаўняга візыту ў Менск прэзыдэнт гэтай краіны Уга Чавэс запэўніў Аляксандра Лукашэнку, што беларускія НПЗ не зазнаюць недахопу нафты як мінімум 200 гадоў. Плянуецца, што ад 2011-га Беларусь будзе атрымліваць з-за акіяну 10 мільёнаў тон нафты штогод. У якасьці іншых нафтавых донараў таксама называюцца Іран і Азэрбайджан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG