Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’ю — выселіць, а яе кватэру — сваячцы чыноўніка


Паводле афіцыйных зьвестак, сёлета ў Беларусі жыльлёва-камунальныя арганізацыі накіравалі ў суды больш за 660 пазоваў аб прымусовым высяленьні жыхароў за даўгі па кватэрнай аплаце. 42 чалавекі былі выселеныя без забесьпячэньня іх жыльлём.

Як склаўся лёс людзей, што засталіся бяз даху над галавой? Ці толькі самі яны вінаватыя ў тым, што ня здолелі плаціць за камунальныя паслугі? Адказы на пытаньні шукалі рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ВІЦЕБШЧЫНА


«Спачатку быў шок, цяпер — прызвычаіліся»

У Віцебскім рэгіёне адказныя чыноўнікі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі заяўляюць, што выхаваўчыя размовы з тымі, хто ня плаціць за свае кватэры, ужо не дапамагаюць. Наступны этап — радыкальныя захады.

Супрацоўніца разьліковага цэнтру Кастрычніцкага раёну паведаміла, што яшчэ практыкуюцца тэлефанаваньні дахаты па некалькі разоў на дзень, калі ў слухаўцы гучыць напамін пра тое, што да 25-га чысла кожнага месяца трэба заплаціць за кватэру. Таксама камунальная гаспадарка расклейвае на пад’ездах сьпісы жыхароў кватэраў, якія маюць запазычанасьці з аплатай.

Сьпісы тых, хто завінаваціўся, вывешваем на кожны пад’езд. Спачатку быў, натуральна, шок! А потым прызвычаіліся.
«Сьпісы тых, хто завінаваціўся, вывешваем на кожны пад’езд. Спачатку быў, натуральна, шок! А потым прызвычаіліся. Да ўсяго людзі звыкаюць! Так што, патрэбныя ўжо больш радыкальныя захады!»

Больш радыкальныя захады — гэта высяленьне, тлумачыць супрацоўніца разьліковага цэнтру Кастрычніцкага раёну Віцебска:

«Ну, ужо з пачатку году было тры высяленьні па нашым ЖЭУ № 12. Высяляюць на вуліцу Гагарына, там дамы з частковымі зручнасьцямі. У кватэры меншай плошчы».

У абласным цэнтры — 28 жыльлёва-эксплёатацыйных участкаў. І калі на тэрыторыі кожнага прымусова перасялілі прыкладна па тры чалавекі, то агульная лічба па горадзе складзе некалькі дзясяткаў.

«Камунальнікі» тлумачаць, што кватэры выселеных перадаюцца дзяржаве. Гэта непрыватызаваныя кватэры, і былыя ўладальнікі больш ня маюць на іх аніякіх правоў. Новае жытло разьмяркоўваецца наноў.

Але кожны выпадак — гэта асабісты лёс кагосьці, які часта ламаюць праз тое, што зьявілася такая пастанова, высяляць неплацельшчыкаў, тады як нармальнага мэханізму спагнаньня платы за кватэру не распрацавана, лічыць коханаўскі актывіст кампаніі «Наш Дом» Мікалай Петрушэнка:

«Сытуацыю з так званымі неплацельшчыкамі грамадзянская кампанія „Наш дом“ адсочвае ўжо некалькі гадоў. Вядома, у асноўным гэта людзі, якія злоўжываюць алькаголем, ці беспрацоўныя. Такіх сем’яў на мяжы высяленьня ў Коханаве — пад 60. Самы паказальны выпадак зьвязаны з сям’ёй Васілеўскіх, дзе ў адной кватэры жылі маці і пітушчыя сыны».

Мікалай Петрушэнка распавядае, што дарослыя сыны грошы за кватэру не плацілі сьвядома — спадзяваліся на маці ды сястру, якая была прапісана разам зь імі. Сыны працавалі, але няма дакладнага мэханізму, каб спагнаць грошы за паслугі ЖКХ непасрэдна з заробку, удакладняе актывіст:

«Я размаўляў са старшынём СВК, які сказаў мне так: «Каб было патрабаваньне да бугальтэрыі, дык мы не давалі б ім заробак, а „гасілі“ б запазычанасьць. А так… Сястра іхная была цяжарная трэцім дзіцём, ляжала ў радзільні, калі прыйшла позва ў суд, што ўсіх высяляюць. У яе здарыліся заўчасныя роды з гэтай прычыны. І гэтага дзіцёначка, дзяўчынку, што яшчэ нават імя ня мела, суд выселіў разам з усімі ў Марцюхова».

У пасёлку Марцюхова Талачынскага раёну вымушаным перасяленцам даюць хаты. У такую хату і трапіла сям’я Васілеўскіх, выселеная з чатырохпакаёвай кватэры. Аспрэчыць рашэньне суду не ўдалося, і ў кватэру Васілеўскіх засялілася сваячка аднаго з раённых чыноўнікаў, кажа Мікалай Петрушэнка:

«Стабільна кожны шосты-сёмы жыхар Коханава ці Талачына нерэгулярна плаціць за кватэру. Агульная запазычанасьць — каля 250 мільёнаў рублёў. Але пра гэта ўсе гавораць, але маўчаць пра тое, колькі той самай ЖКГ завінаваціліся, да прыкладу, нашы сельгаспрадпрыемствы! У некалькі разоў больш! Але ўся сіла дзяржаўнай улады скіравана толькі на тое, каб павысяляць неплацельшчыкаў!»

Мікалай Петрушэнка распавёў і пра скандальны выпадак на Талачыншчыне, калі няздольнасьцю людзей плаціць за кватэру скарысталася ў сваіх інтарэсах работніца ЖКГ: касірка скрала 7 мільёнаў рублёў, запісаўшы іх як запазычанасьць на некалькіх кватэранаймальнікаў. Цяпер яна чакае суду.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На «дошцы ганьбы» — маламаёмасныя, часова беспрацоўныя, састарэлыя

У Магілёве паведамленьні пра высяленьне людзей з кватэраў з-за неаплаты камунальных паслугаў зьніклі з афіцыйных крыніцаў. А вось сьпісы злосных неплацельшчыкаў на інфармацыйных стэндах жыльлёва-камунальных упраўленьняў засталіся. Іх зьмяшчаюць на «дошках ганьбы».

На інфармацыйным стэндзе аднаго са спальных раёнаў магілёўскага Задняпроўя ў сьпісе злосных неплацельшчыкаў — 35 чалавек. Доўг за камунальныя паслугі кожны зь іх назапашваў месяцамі. Найменшы — за 6 месяцаў. Найбольшы — за 87. У значнай часткі з тых, хто ў сьпісе, адключаны асьвятленьне, каналізацыя, водаправод. Некаторыя зь іх спрабуюць запазычанасьць пагасіць:

Гаспадыня двухпакаёвай кватэры лічыць, што яна трапіла ў ганебны сьпіс справядліва. За камунальныя паслугі не плацілі 14 месяцаў:

«Атрымліваецца, што я адна тут жыву. Усе, хто прапісаны, ня тут жывуць, і ніхто не плаціў. Ну, а цяпер прымусілі ўсіх плаціць. Падзялілі на ўсіх. Судовы пазоў».

Высяленьне спадарыні не пагражае. Яе кватэра прыватызаваная. Вада і газ у хаце пакуль падключаныя.

У шматпавярхоўцы побач жыве яшчэ адна спадарыня. Ёй восемдзесят гадоў. Пра тое, што яна злосная неплацельшчыца, старая ня ведае. Кажа, што восем месяцаў была ў шпіталі. За кватэру ня плачана 33 месяцы. Распавесьці пра свае жыцьцё адмовілася, запыталася толькі, што цяпер ёй рабіць.

Пра жыцьцё старой расказвае суседка:

Ваду халодную далі ёй, бо смуродзіць стала.
«У яе сын і дачка працаздольныя. Яны жывуць разам зь ёй. Яны й дзеці такія самыя. У яе адключана ўсё. Гэта ваду халодную далі ёй, бо смуродзіць стала. А жанчына была прыстойная. Яна займала пасаду вышэй дырэктара. Вы ж бачылі, якой яна стала. Сьпілася. З пэнсіі ў яе вылічваюць дваццаць працэнтаў».

У разьлікова-касавым цэнтры, які абслугоўвае наведаны раён, аспрэчылі думку адносна таго, што даўжнікі — гэта скрозь непрабудныя выпівохі:

«Ёсьць людзі, якія з прычыны нейкіх жыцьцёвых сытуацыяў трапілі ў складанае матэрыяльнае становішча. Гэта працуючыя людзі, маламаёмасныя. Шмат у іх дзяцей. Маленькія заробкі. Ёсьць людзі, якія стараюцца нейкімі кавалкамі аплаціць па меры магчымасьці».

Людзі гэтага раёну ганебныя сьпісы ня лічаць дзейным спосабам барацьбы зь неплацельшчыкамі за камунальныя паслугі. Яны катэгарычна супраць й гвалтоўнага высяленьня. Урэшце, ад жабрацтва ніхто не застрахаваны, асабліва старыя зь мізэрнымі пэнсіямі.

ГОМЕЛЬ


На дзьвярах кватэраў неплацельшчыкаў пішуць крэйдай суму грашовага доўгу

Неплацельшчыкаў у Гомелі камунальнікі найперш папярэджваюць, што пасьля 25 чысла кожнага месяца ля ўваходаў у пад’езд будуць вывешаны сьпісы жыхароў, у каго ёсьць запазычанасьць. Далей — болей.

Апавядае прадстаўніца гарадзкой камунальнай службы спадарыня Алена:

«Зь першага месяца мы толькі папярэджваем, просім людзей падчас разносу квітанцыяў. Пасьля трох месяцаў спрабуем ужо штосьці рабіць — падаём пазовы ў суд, выклікаем на адміністрацыйныя камісіі. Спрабуем неяк размаўляць. І паўторна размаўляем зь неплацельшчыкамі, і салідарную адказнасьць прымяняем: калі там, напрыклад, мама не плаціць, а сын дарослы прапісаны, то на яго падаем».

Калі там, напрыклад, мама не плаціць, а сын дарослы прапісаны, то на яго падаем.
Адзін час у абласным цэнтры працаўнікі «Водаканалу» пісалі на дзьвярах даўжнікоў крэйдай сумы доўгу.

Самых злосных неплацельшчыкаў камунальнікі спрабуюць высяляць праз суд з большых кватэраў у меншыя. Такія выпадкі мелі месца ў Цэнтральным, Савецкім, Чыгуначным раёнах.

Аднак выселіць неплацельшчыка ня надта проста.

Спадарыня Алена: «Каб выселіць чалавека ў меншае жытло, тое жытло павінна быць ня горшых спажывецкіх якасьцяў. Па-другое, патрэбна, каб не было непаўналетніх дзяцей. Калі ёсьць малалетнія дзеці, ніхто іх ня выселіць».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Даўжнікамі становяцца і па віне ЖКГ

У Брэсцкім раёне чыноўнікі ЖКГ паставілі ўльтыматум неплацельшчыкам за камунальныя паслугі — да канца сьнежня пагасіць запазычанасьць за камунальныя паслугі. Сярод неплацельшчыкаў ня толькі нядобранадзейныя грамадзяне, але і сем’і, якія трапілі ў непрыемную сытуацыю, зьвязаную са стратай працы.

Паводле словаў сакратара Лышчыцкага сельскага савету справа аб высяленьні, або перасяленьні даўжнікоў рыхтуецца аддзеламі ЖКГ і мясцовага СПК, бо менавіта яны валодаюць жыльлёвым фондам. Тым ня менш, пакуль такіх справаў няма, як адзначае супрацоўніца мясцовай ЖКГ, даўжнікоў за апошнія месяцы становіцца менш. Але ў непрыемную сытуацыю трапляюць многія:

«Была сям’я, доўг якой перад ЖКГ складаў больш за мільён рублёў. У сям’і двое дзетак, яны ўзялі крэдыт. Потым сталася так, што згубілі працу. Даўгі пачалі расьці. Але ўжо на сёньняшні дзень запазычанасьць складае каля 500 тысяч рублёў, у дадатак яны абяцалі на днях аплаціць яшчэ частку з доўгу».

Наступны неплацельшчык, як адзначае чыноўніца, будзе ўладкаваны на працу дзякуючы намаганьням ЖКГ. Прычым чалавек летась працаваў, але так і не атрымаў заробак! Высьветлілася, што ў яго няма пашпарту. Цяпер чыноўнікі абяцаюць яму аплаціць тое, што павінны зь мінулага году, а ён з гэтых грошай пагасіць свае даўгі:

«Чалавек вінны за паслугі ЖКГ каля двух мільёнаў рублёў. Праўда, працаваў ён у нас мінулай зімой. Але мы яму не заплацілі, бо не было дакумэнтаў. Цяпер ён зрабіў пашпарт, і мы яго бяром на працу. Пры гэтым аплацім тое, што павінны з мінулага году, і гэтай сумы будзе дастаткова, каб пагасіць запазычанасьць. Нядаўна даўжнікі павінны былі аплаціць да першага кастрычніка, у адваротным выпадку неплацельшчыкам пагражала высяленьне, але цяпер аплата павінна быць да 31 сьнежня. З кожнага ўзялі заяву, што будзе зроблена аплата».

У Знаменскім сельскім савеце Брэсцкага раёну запазычанасьць перад ЖКГ не вымяралася вялікімі сумамі. Тым ня менш, суды разглядалі справы даўжнікоў, якія не аплачвалі камунальныя паслугі некалькі месяцаў. Паводле словаў супрацоўніцы мясцовай ЖКГ, цяпер даўжнікоў практычна не засталося, бо людзі маюць працу і маюць магчымасьць аплаціць:

«У кожнага ёсьць пэўная прычына неаплаты. Але на дадзены момант у нас даўжнікі пагашаюць запазычанасьць. Аказалася, што неаплата была зьвязана са стратай працы. Але цяпер людзі ўладкаваліся на Мяднянскую птушкафабрыку. Раней былі толькі выпадковыя заробкі, недзе езьдзілі ў горад. Таму на сёньня няма людзей, якім пагражае высяленьне».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG