Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Барадач: Сьведку забойства Захаранкі забілі


Былы камандзір брыгады спэцназу МУС Беларусі, вядомы апазыцыйны дзяяч Ўладзімер Барадач папрасіў палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Сёньня ён даў інтэрвію Радыё Свабода.

— Якая сытуацыя з вашай просьбай аб палітычным прытулку?

— Працэдура даволі складаная. Ідзе праверка дакумэнтаў па ўсіх лініях ды структурах. Як правіла, гэта доўжыцца 3 месяцы. Але тут сытуацыя такая, што ты заўсёды можаш зрабіць стоп, прыпыніць гэтую справу — у выпадку зьмяненьня сытуацыі — і ехаць дадому. Гэта не самамэта — узяць і ўратаваць сваю скуру. Мэта — гэта знайсьці спосабы — эфэктыўныя, нармальныя, добрыя — саюзьнікаў, спадзьвіжнікаў — і скончыць гэтую справу.

— Вы папрасілі прытулку ў Нямеччыне, бо лічыце, што пасьля вяртаньня ў Беларусь вас бы арыштавалі?

— Арыштавалі ці яшчэ нешта — у любым выпадку я ня меў бы магчымасьці аказваць супраціў, актыўна змагацца з рэжымам. У мяне была ўскрытая кватэра, было ажыцьцёўлена несанкцыянаванае ўварваньне і пакінутыя пэўныя рэчы там. Хлопцы гэта знайшлі. У прынцыпе, мы здагадваліся, што можа здарыцца нейкая правакацыя.

— Што менавіта вам падкінулі?

— Калі я вам зараз скажу, што мне падкінулі, то будуць шукаць у маіх людзей, разумееце? Скажуць: «А дзе яно падзелася, дарагія таварышы?» Вы што? Яны ж самі і забралі пасьля гэтага.

— У адным з інтэрвію вы сказалі, што хутка зьбіраецеся рассакрэціць прозьвішча забітага сьведкі гвалтоўнай сьмерці Юрыя Захаранкі. Што гэта за чалавек і калі вы зробіце гэтую заяву?

— Ён трапіў папросту ў такую сытуацыю, калі задаў лішнія пытаньні наконт трупу. І, фактычна, яго забілі. А чаму не называюцца прозьвішчы — таму што ёсьць яшчэ людзі, якія могуць пацярпець, побач з гэтым чалавекам. Калі я буду ўпэўнены, што больш не падвяду людзей, то, натуральна, гэта будзе агучана — і прозьвішча гэтага чалавека, і сувязь з тымі падзеямі, якія адбыліся падчас расьследаваньня справы Юрыя Мікалаевіча Захаранкі.

— Некаторыя патэнцыйная кандыдаты заяўляюць, што сёлетнія прэзыдэнцкія выбары ня будуць дэмакратычнымі, а адзіны шлях зьмены ўлады — вывад людзей на Плошчу. Ці згодны вы з гэтым?

— Абурэньне людзей расьце, але заяўленыя хлопцы гэтай абуранай масай не кіруюць, не кіруюць працэсам. Якім чынам яны выведуць людзей на Плошчу — 19, 20 ці 21-га? Яны рыхтуюць гэтую Плошчу ці не? Яны што, у інтэрнэце яе рыхтуюць ці сярод людзей — на заводах, на фабрыках? Не, гэтага няма! І людзей ня будзе.

Вывесьці людзей на Плошчу — гэта трэба забясьпечыць іх гарбатай, булкамі. Каб яны стаялі гадзіну-дзьве-тры, нейкія цёплыя рэчы патрэбныя. Барацьба за ўладу — гэта так сама, як арганізацыя бою: не прывёз патроны, даў людзям палкі — ну і што з гэтых людзей будзе супраць кулямётаў? Ну дык вось з палкамі супраць кулямётаў гэтыя хлопцы хочуць на Плошчы перамагчы.

— Чаго чакаць, калі ж людзі ўсё ж выйдуць на Плошчу?


— Адна-дзьве правакацыі элемэнтарна робяцца! Кідаецца граната ў бок міліцыянтаў, якія стаяць у ачапленьні, і ў натоўп. Усё! Лідэр, які ўзяў адказнасьць на сябе, — садзяць яго ў турму, і ўсё. А вось калі б яны зрабілі рух… сталі па чарзе — першы, другі, трэці — і пайшлі, і рэклямавалі гэты рух, напрыклад — «За права выбару». Нас пазбавілі права выбару, а яны, выкарыстоўваючы гэтае права, хочуць перамагчы — гэта сьмешна! Каб кіраваць краінай, трэба ўзяць уладу. Але ня шляхам блефу! Таму нічога ня будзе. Так, 2-3 тысячы — абураныя, актыўныя — выйдуць, падтрымаюць. І ўсё.

— Ці варта сур’ёзна ставіцца да вашых слоў пра тое, што вы згодны дапамагчы Нямеччыне, выправіўшыся ў Афганістан?

— Замяніць аднаго салдата зь нямецкай сям’і там на 1-2 гады — у знак падзякі нямецкаму народу — так, безумоўна. Але гэта ў той сытуацыі, калі я ня буду патрэбны ў сябе на радзіме. Сёньня я сяджу «на чамадане», гатовы ў любую хвіліну выехаць на радзіму для барацьбы з рэжымам, сур’ёзнай барацьбы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG