Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўнік Барадач: “З таго месца Ларын фізычна ня мог страляць у Саўчанку”


Уладзімер Барадач
Уладзімер Барадач

На працэсе па справе Мікалая Аўтуховіча, Уладзімера Асіпенкі, Міхаіла Казлова і Аляксандра Ларына, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту ды іншых злачынствах, пачаўся допыт сьведак.


Таксама быў паказаны відэазапіс агляду месца, дзе быў знойдзены гранатамёт, зь якога нібыта Аляксандар Ларын зьбіраўся забіць старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку.

Першым сьведкам, якога апыталі на працэсе, быў вайсковец з Гародні Сяргей Гранкоўскі. У 2005 годзе капітан Гранкоўскі камандаваў сапёрна-піратэхнічнай групай, якую 31 кастрычніка выклікалі ў ліцэй № 1, калі там знайшлі гранатамёт і самаробную бомбу. На судзе Сяргей Гранкоўскі патлумачыў, чаму знойдзены гранатамёт быў зьнішчаны выбухам. Гэта адбылося ўвечары ў той жа дзень. Сяргей Гранкоўскі спаслаўся на інструкцыю ў выпадках небясьпекі. Пры гэтым сьведка сказаў, што на выгляд гранатамёт быў у нармальным стане.

Таксама Сяргей Гранкоўскі патлумачыў суду розьніцу ў вызначэньні адлегласьці паміж месцам знаходжаньня гранатамёта і домам Уладзімера Саўчанкі. Пры аглядзе 31 кастрычніка гэтую адлегласьць міліцыянты пазначылі як 140 мэтраў. Але ў пратаколе агляду ад 2 лістапада пазначана 90 мэтраў.

“Гэтым разам яны карысталіся лазэрным дальнамерам”, — сказаў Сяргей Гранкоўскі, але ўдакладніў, што сам у вымярэньнях ня ўдзельнічаў.

Сёньня на працэсе праглядалі відэазапіс агляду тэрыторыі ліцэя № 1, зроблены ў сярэдзіне дня 2 лістапада 2005 году. У тым ліку быў паказаны фрагмэнт, зьняты міліцыянтам з таго месца, дзе быў знойдзены гранатамёт. Відэаапэратар рабіў панарамную здымку і пералічваў нумары дамоў па вуліцы Парыскай Камуны, якія бачыў. “Дамы 5, 6 Парыскай Камуны, 18, 16...”, — гучаў з экрана голас міліцыянта. Пра дом № 20 не было сказана ані слова. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін спыніў прагляд і зьвярнуўся да Аляксандра Ларына:

Судзьдзя Цяцюхін: “Ларын, вы казалі, што з таго месца, дзе стаялі, быў бачны дом № 20. Паглядзіце, вось у дзённы час бачны дом № 20 ці не?”

Ларын: “Ну, канец… пачатак дома бачны”.

Судзьдзя Цяцюхін: “Зь левага боку гэта ня дом № 20, а дом № 18”.

Ларын: “Так, а за ім № 20”.

Судзьдзя Цяцюхін: “І добра вам яго было бачна?”

Ларын: “Ну, я яго бачыў”.


Нагадаю, раней у судзе Аляксандар Ларын казаў, што аглядаў дом Ларына, стоячы каля пня за кустом бэзу. На відэазапісе было бачна, што кустоў вакол пня няма. Аляксандар Ларын выказаў меркаваньне, што напярэдадні відэазапісу “кусты былі падрэзаныя”.

Палкоўнік спэцназу ў адстаўцы Ўладзімер Барадач, які прысутнічаў на паседжаньні, мяркуе, што паказаньні Ларына супярэчаць відэазапісу:

“Першае: агнявая пазыцыя. Цэлі ня бачна, а ён гатовы страляць. Другое — зусім ня тая зброя, не для гэтых мэтаў. Увогуле ў мяне склалася ўражаньне, што яго туды на прагулку вадзілі год таму, але ён ужо забыўся, як там месца выглядае”.

Паводле Ўладзімера Барадача, шанцы патрапіць з гранатамёта ня проста ў дом № 20, а дакладна ў кватэру Саўчанкі, ды каб яго забіць, малыя настолькі, што ніводзін сапраўдны кілер за такую працу ня браўся б.

Сёньня Ўладзімер Асіпенка на судзе сказаў, што ведаў ад Ларына пра зброю, якую ён пакінуў у тайніку. Назіральнікі гадаюць, пра якую зброю ідзе гаворка: пра гранатамёт на тэрыторыі ліцэю ці пра тайнік у лесе, зроблены Ларыным напярэдадні замаху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG