Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: Да свайго прэзыдэнта я таксама зьвяртаўся па дапамогу. Сьцяна


23 сакавіка ў Вярхоўным судзе на працэсе над Мікалаем Аўтуховічам, Уладзімерам Асіпенкам, Міхаілам Казловым і Аляксандрам Ларыным скончылі допыт Мікалая Аўтуховіча і агледзелі рэчавыя доказы падрыхтоўкі да тэрарыстычнага акту.

Сёньня судзьдзя Аляксей Цяцюхін, які вядзе працэс, дазволіў Мікалаю Аўтуховічу падчас допыту выкласьці свае меркаваньні наконт абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту і падпале будынкаў у Ваўкавыску. Мікалай Аўтуховіч сказаў, што справа сфальшаваная, і яшчэ раз паўтарыў, што невінаваты:

«Заяўляў, што ня маю ніякага дачыненьня да падпалу і да замаху на людзей. Пэўныя чыноўнікі хацелі спыніць маё супраціўленьне парушэньню правоў людзей і ня даць магчымасьці даказаць злачынствы цэлай групы асобаў».

Паводле Мікалая Аўтуховіча, справа супроць яго, а таксама Ўладзімера Асіпенкі і Міхаіла Казлова заснаваная на ілжэпаказаньнях двух «завербаваных чалавек». Гэта Аляксандар Ларын, а таксама нейкі Паўтарак, які першым заявіў у міліцыю пра вялікія запасы зброі ў Аўтуховіча. Ніякіх іншых доказаў Мікалай Аўтуховіч у справе ня ўбачыў.

Мікалай Аўтуховіч прызнаў, што нейкі час сачыў за намесьнікам міністра падаткаў і збораў Васілём Каменкам і старшынёй Ваўкавыскага гарвыканкаму Савельевым. Нібыта гэта рабілася таму, што Аўтуховіч падазраваў іх у карупцыі. Рабілася гэта не са злачыннай мэтай, а каб сабраць доказы, запэўніваў Аўтуховіч:

«Мы толькі першы дзень сачылі за Каменкам доўга, вельмі доўга. Я ўжо казаў, што нават на чырвонае сьвятло паехаў, каб яго не ўпусьціць. Шмат часу раней згубілі, а гэтак хацелася мець пэўную інфармацыю».

Мікалай Аўтуховіч патлумачыў, чаму сам мусіў займацца зборам доказаў карупцыйнай дзейнасьці. Бо ягоныя звароты ў праваахоўныя органы ня мелі выніку. Прадпрымальнік прывёў такі прыклад. У 2004 годзе ў Ваўкавыску ён арганізаваў прыём грамадзянаў са скаргамі на мясцовых чыноўнікаў, але весьці прыём мясцовыя ўлады забаранілі. Аўтуховіч зьвяртаўся зь лістом да Аляксандра Лукашэнкі па дапамогу. «Сьцяна», — падсумаваў прадпрымальнік.

Сёньня на судзе былі агледжаныя некаторыя рэчавыя доказы, аднак сярод іх не аказалася асноўнага — гранатамёта, зь якога Ларын нібыта плянаваў забіць старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Паводле пратаколу, які зачытаў пракурор Эльдар Сафараў, гранатамёт РПГ-26 з нумарам 0691 ВК быў зьнішчаны на палігоне. Аказваецца, адмыслоўцы не змаглі дастаць з гранатамёта гранату, і яго вырашылі ўзарваць. Ларын па фотаздымку ў справе сказаў, што гэта тая самая зброя.

Удзельнікі слуханьняў агледзелі і вопратку, якую Ларын зьняў і пакінуў на зямлі, калі 28 кастрычніка 2005 году сыходзіў зь месца плянаванага замаху. Нагадаю, гэта была тэрыторыя ліцэя № 1 у Гародні, за 140 мэтраў ад дома Ўладзімера Саўчанкі. Судзьдзя Аляксей Цяцюхін задаваў Ларыну пытаньні адносна гумовых пальчатак, якімі той карыстаўся, гранатамёта і выбуховага прыстасаваньня, якое Ларын нібыта зрабіў сам. У тым, што Аляксандар Ларын сапраўды мог сам сабраць бомбу, шмат хто з назіральнікаў працэсу сумняваецца.

Сярод тых, хто штодня прысутнічае на слуханьнях, — праваабаронца Раіса Міхайлоўская. Вось як яна пракамэнтавала прызнаньне Мікалая Аўтуховіча ў тым, што ён сапраўды сачыў за чыноўнікамі:

«Сапраўды, мы пачулі, што ён сачыў. Нават не за адным чалавекам сачыў. Што зьбіраў кампрамат і зьбіраўся яго выкарыстоўваць. Але, мяркую, гэта не забароненая дзейнасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG