Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлы замак — Мір


Добрая фатаграфія – штотыднёвае эсэ пра выбраныя творы беларускага і сусьветнага фотамастацтва.

Існуюць сотні (а мо й тысячы) фатаграфіяў Мірскага замку. Асноўная тэндэнцыя – зьняць прыгожа. Ёсьць вельмі прыгожыя віды. Але, ізноў жа, у асноўным – гэта жанр паштоўкі. Толькі невялікая частка – гэта мастацкія выявы, фатаграфіі вобразу і настрою, эстэтычныя адкрыцьці.


Да гэтай невялікай часткі адносіцца прыгожы па выяве і вельмі тонкі па настрою здымак замку, зроблены Глебам Лабадзенкам. Я лічу гэты здымак увогуле найлепшым па тых крытэрыях, якія б сам прад’явіў для сябе. Лабадзенка зьняў тое, што я хацеў бы зрабіць як фотамастак, калі б паставіў задачу і сфармуляваў тэму: “Беларускі замак Мір”. (Толькі адзін кадр і толькі адно фота).

Фатограф злавіў вельмі асаблівы (і адначасна тыповы для Беларусі) стан прыроды, які ў маім адчуваньні асацыюецца як беларускі. Я называю для сябе такія прыродныя абставіны станам “трансцэндэнтнага вобразу”. Гэта значыць калі ў прыродзе ёсьць адчуваньне гістарызму ці вечнага існаваньня.

Тут дадам, што ёсьць розныя станы прыроды, напрыклад, стан “сьвяточнай урачыстасьці”, стан “Боскай прысутнасьці”, стан “трывожнага чаканьня”, стан “прыцягальнай далечыні”, стан “шчымлівай настальгіі”, “стан сьвятла” і “стан мроку” і г. д. Добрыя мастакі-жывапісцы ня толькі адчувалі паліфанію і характар прыроды, але і ўмелі яго перадаць сродкамі жывапісу.

Тое ж самае ў фатаграфіі. Здымка краявіду – гэта вельмі ня простая творчасьць. Хто гэтага не разумее – той здымае прыгожыя “відзікі”.

Фота Лабадзенкі – гэта архітэктура ў краявідзе, дзе архітэктура выступае як кампазыцыйны і сэнсавы акцэнт фатаграфіі. Фатограф тонка заўважыў і выявіў стан прыроды, нерухомую гладзь вады і адлюстраваньне, паўночны характар неба ў лёгкіх аблоках і асаблівае верхняе рассеянае сьвятло, калі воблакі няшчыльныя і высока, і калі яны пераламляюць промні не як сіні фільтар (што звычайна), а як белы малочны суфіт. Хто здымае на колер, той адзначае ў такім стане высокую і цёплую каляровую тэмпэратуру, хто на чорна-бела – той заварожаны мяккім дзівосным сьвятлом, якое рассеяна ліецца зьверху і рэльефна выяўляе ўсё навакольле.

Дзіўна, але ў такім стане прыроды неяк размываецца канкрэтызацыя часу. Эмацыйныя адчуваньні заўсёды выклікаюць падобныя думкі, што так (як цяпер) было і сто, і дзьвесьце, і чатырыста гадоў таму, узьнікае адчуваньне гістарызму прыроды, якое вельмі прыемна сузіраць. Прытым гэты эмацыйны стан захоўваецца і ў каляровым варыянце фатаграфіі, што не заўсёды супадае, асабліва калі не балянсуюцца колеры выявы.

(Тут заўважу, што ўся беларуская гістарычная архітэктура і па колеры, і па форме, і па кампазыцыі, і па маштабе вельмі збалянсаваная з асяродзьдзем. Беларускія архітэктары і будаўнікі пра неабходнасьць гармоніі выдатна ведалі і ўмелі будаваць. Гэта пазьней, ужо пры расейскай акупацыі, зьявіліся чужыя павевы і рэжучыя вока дысанансы: блішчастая бляха, сінія дахі (самы дысануючы колер у прыродзе архітэктурнага краявіду), зялёныя кумпалы, “раздрызганыя” формы без кампазыцыйнага цэнтру і г. д.) Каляровая здымка ў такім разбалянсаваным асяродзьдзі непажаданая (і часам немагчымая). Трэба мець на ўвазе, што колерная здымка цягне да рэпрадукцыі прыроды, а чорна-белая – да абагульненьня. Чорна-белая фатаграфія будуецца сьвятлом, каляровая – колерам і г. д. У дадатак яшчэ тое, што шмат хто з тых, хто здымае на колер (бо стала цяпер ўсё лёгкадаступна), ёсьць у творчым сэнсе ня больш ня менш, як колернымі дальтонікамі, і здымаючы, пра колеры не задумваюцца.

У “Мірскім замку” Лабадзенкі збалянсаваныя абодва варыянты. Але для паказу і выявы таго настрою, які ў сюжэце закладзены, мне падабаецца чорна-белая фатаграфія.

Павінен сказаць, што Мірскі замак шматзначны. Яго варта здымаць пастаянна і ўсё жыцьцё, старонка за старонкай; сабраныя разам, яны далі б нам зразумець, што гэта ёсьць за месца ў Беларусі, наблізілі б да ўсьведамленьня вялікасьці.

(Фатаграфія “Мірскі замак” Г. Лабадзенкі адлюстравана ў вольным Сеціве).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG