Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трэба павышаць пэнсійны ўзрост жанчын?


Ва Ўкраіне неўзабаве жанчыны будуць выходзіць на пэнсію ў 60 гадоў. Ці існуе сацыяльна-эканамічная мэтазгоднасьць такога рашэньня ў Беларусі? Як адрэагавалі б на гэта беларускія жанчыны? Ці могуць улады павысіць пэнсійны ўзрост?

Удзельнікі: былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў і старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» Людміла Пеціна.

Эканамічная мэтазгоднасьць павышэньня пэнсійнага ўзросту?


Валер Карбалевіч: «Ва Ўкраіне прынялі рашэньне паступова павысіць пэнсійны ўзрост жанчын да 60 гадоў. І цяпер Беларусь застаецца краінай, мусіць, з самым нізкім у сьвеце пэнсійным узростам для жанчын. Ці існуе сацыяльна-эканамічная мэтазгоднасьць для аналягічнага рашэньня ў Беларусі?»

Аляксандр Сасноў: «Гэтае рашэньне перасьпела, яго трэба было прымаць даўно. Бо існуе тэндэнцыя павелічэньня колькасьці пэнсіянэраў і скарачэньня колькасьці грамадзян, якія працуюць. І дзяржаве ўсё цяжэй утрымліваць пэнсіянэраў. Таму да такога рашэньня рана ці позна давядзецца прыйсьці».

Людміла Пеціна: «Тое, што жанчыны сыходзяць на пэнсію раней за мужчын, парушае гендэрную роўнасьць. Ва ўсіх эўрапейскіх краінах мужчыны і жанчыны ідуць на пэнсію ў адным узросьце.

Цяперашняя сытуацыя з выхадам на пэнсію дрэнная для жанчын. Бо яны робяць сваю кар’еру звычайна пазьней, чым мужчыны.
Цяперашняя сытуацыя з выхадам на пэнсію дрэнная для жанчын. Бо яны робяць сваю кар’еру звычайна пазьней, чым мужчыны. Гэта зьвязана зь іх рэпрадукцыйнай функцыяй і гендэрнымі стэрэатыпамі. Жанчыны атрымліваюць добры працоўны статус недзе пасьля 45 гадоў. І атрымліваецца, што ў такім статусе яны працуюць кароткі час.

Значная частка жанчын пасьля дасягненьня 55 гадоў працягвае працаваць. Бо на тую пэнсію, якую плацяць у Беларусі, пражыць немагчыма. Але пры дасягненьні пэнсійнага ўзросту жанчына, як правіла, траціць той працоўны статус, які яна мела. Часта жанчыны з вышэйшай адукацыяй вымушаны ісьці працаваць прыбіральшчыцамі, гардэробшчыцамі і інш.

Таму трэба павышаць пэнсійны ўзрост для жанчын. Але сыстэма павінна быць гнуткай. Трэба рабіць выключэньні для жанчын, якія працуюць на цяжкіх працах, якія маюць больш за трох дзяцей. Для апошняй катэгорыі павінна быць права выбару».

Карбалевіч: «Ці дарэчы тут гаварыць пра раўнапраўе жанчын і мужчын?»

Сасноў: «Хачу зьвярнуць увагу, што ў Беларусі жанчыны жывуць больш, чым мужчыны. І выходзіць, што жанчыны атрымліваюць пэнсію ўтрая даўжэй, чым мужчыны».

Як адрэагавалі б на павышэньне пэнсійнага ўзросту беларускія жанчыны?


Карбалевіч: «Як адрэагавалі б на падобнае рашэньне беларускія жанчыны? Шмат хто зь іх працуе, знаходзячыся ў пэнсійным узросьце. Можа, яны і нармальна ўспрынялі б такое рашэньне?»

Пеціна: «Вядома, першая рэакцыя будзе нэгатыўная. Бо значная частка жанчын адначасова, працуючы, атрымлівае і заробак, і пэнсію. Але грамадзкую думку трэба рыхтаваць да такога рашэньня, паказваць перавагі для жанчын. Праблема ў тым, што ў нас закрытае грамадзтва, пры прыняцьці важных рашэньняў зь людзьмі ніхто ня раіцца.

Выключэньні трэба рабіць яшчэ для тых жанчын, якія маюць слабое здароўе. Паводле нашых дасьледаваньняў, звыш 70% жанчын маюць сталыя захворваньні».
Тыя жанчыны, якія маюць добры працоўны статус, пасады, заробкі, успрымуць такое рашэньне станоўча. А вось тыя жанчыны, якія працуюць на рабочых пасадах, адрэагуюць дрэнна.


Сасноў: «Я ня ведаю сацыялягічных апытаньняў на гэтую тэму. Але думаю, што розныя жанчыны па-рознаму адрэагуюць на гэтае рашэньне. Тыя жанчыны, якія маюць добры працоўны статус, пасады, заробкі, успрымуць такое рашэньне станоўча. А вось тыя жанчыны, якія працуюць на рабочых пасадах, адрэагуюць дрэнна. А такіх у нас у краіне шмат.

Трэба адукоўваць грамадзян у пытаньнях пэнсійнай сыстэмы. Але, думаю, як звычайна, улады ўвядуць гэтую меру гвалтоўна».

Карбалевіч: «Ці пойдуць на такое непапулярнае рашэньне беларускія ўлады? Пытаньне пра яго ўжо ня раз абмяркоўвалася ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Але палітычнае рашэньне не прынятае, бо яно непапулярнае.

Калі тры гады таму была адменена большасьць сацыяльных ільготаў, гэтае рашэньне сустрэлі хоць і нэгатыўна, але спакойна. Нават на рэйтынгу Лукашэнкі яно не адбілася. Магчыма, што і рашэньне пра пэнсійны ўзрост людзі ўспрымуць гэтаксама?»

Пеціна: «Зразумела, да прэзыдэнцкіх выбараў гэтую тэму ніхто кранаць ня будзе. Але, думаю, пасьля выбараў гэта будзе зроблена ў хуткім часе».

Сасноў: «Таксама думаю, што ў цэлым гэтае рашэньне будзе прынятае грамадзтвам спакойна. Але эканамічная сытуацыя вымушае ўлады нешта рабіць з пэнсійнай сыстэмай».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG