Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Сіўчык: «Міліцыя выконвала антыпатрыятычныя загады»


5 жніўня ў Савецкім раённым судзе прайшлі працэсы над дэмакратычнымі актывістамі, якія адзначалі 20-годзьдзе Дэклярацыі аб незалежнасьці. Міколу Дземідзенку і Кацярыне Давыдзік прысудзілі штраф у 3 базавыя велічыні (па 105 тысяч рублёў). Вячаславу Сіўчыку і Андрэю Кіму — 10 базавых велічынь (па 350 тысяч).

Да вечара 5 жніўня побач з Савецкім раённым судом дзяжурыў аўтобус з амапаўцамі — надзвычайныя захады рабіліся ў сувязі з адразу чатырма працэсамі над дэмакратычнымі актывістамі. Судзілі старшыню руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, а таксама Міколу Дземідзенку, Андрэя Кіма і Кацярыну Давыдзік. Дэмакратычных актывістаў абвінавачваюць у адміністрацыйным парушэньні, якое нібыта выявілася ў нецэнзурнай лаянцы ў бок міліцыянтаў.

27 ліпеня, у дзень 20-годзьдзя прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці Беларусі некалькі дзясяткаў актывістаў сабраліся на плошчы Якуба Коласа, каб адзначыць гэтае сьвята. Дзяўчына, аднагодка незалежнасьці, прачытала эсэ Ўладзімера Арлова «Незалежнасьць — гэта…» , потым актывісты ўсклалі кветкі да помніка Якубу Коласу. У тым ліку і Вячаслаў Сіўчык. Далей усе рушылі праспэктам Незалежнасьці да помніка Янку Купалу, але тут на людзей напалі амапаўцы, пачаліся затрыманьні. У рапартах міліцыянты напісалі, што затрыманыя нібыта «нецэнзурна лаяліся».

Сёньня ў судзе капітан міліцыі з Савецкага РАУС Зьміцер Валынцаў казаў, што асабіста затрымліваў Вячаслава Сіўчыка, які нібыта лаяўся на ягоны адрас. Сьведкі, міліцыянты Генадзь Жакун і Андрэй Чарапавец, таксама пацьвердзілі напісанае раней у рапарце. Аднак падчас допыту сьведак выявіліся істотныя супярэчнасьці. Гэтак, розьніліся месцы, дзе нібыта гучала лаянка ад Сіўчыка. Сьведкі з боку актывіста казалі, што Сіўчык увогуле падчас акцыі маўчаў. Дзяніс Садоўскі назваў дзеяньні міліцыянтаў «брутальнымі» і зусім «нематываванымі», а Антон Койпіш, які апынуўся побач, заявіў, што чуў нецэнзурную лаянку ад міліцыянтаў. Наста Лойка паказала суду некалькі дзясяткаў здымкаў, якія зрабіла падчас затрыманьняў. На яе думку, яны сьведчаць пра незаконныя дзеяньні ў той дзень міліцыянтаў адносна Сіўчыка ды іншых актывістаў.

Адвакат Сіўчыка Сьвятлана Гарбаток мяркуе, што невінаватасьць яе падабароннага цалкам даказаная сьведкамі, і папрасіла судзьдзю Аксану Рэляву спыніць справу. Пасьля трох гадзін слуханьняў судзьдзя абвясьціла перапынак, пасьля якога абяцала зачытаць прысуд. А праз 10 хвілін пачала слуханьні яшчэ адной справы — супроць актывіста Андрэя Кіма.

У другой палове дня ў Савецкім судзе пачаўся яшчэ адзін працэс — над актывістам Міколам Дземідзенкам. Прычым Мікола Дземідзенка напісаў заяву, што згодны, каб справа слухалася ў яго адсутнасьць, і зьехаў з суду. Пасьля справы Міколы Дземідзенкі слухалася справа Кацярыны Давыдзік.

Міколу Дземідзенку і Кацярыне Давыдзік прысудзілі штраф у 3 базавыя велічыні (па 105 тысячаў). Вячаславу Сіўчыку і Андрэю Кіму — 10 базавых велічынь (па 350 тысяч).

А вось як камэнтаваў справу напярэдадні суду Вячаслаў Сіўчык:

«Вельмі прыкра ўзгадваць тыя падзеі. Улады павінны былі адзначаць гэты дзень урачыстасьцямі, а замест гэтага накіравалі менскую міліцыю супроць беларускіх патрыётаў. А зараз амапаўцы будуць даваць ілжывыя паказаньні, быццам мы лаяліся матам».

Перад судом


Андрэй Кім
Кацярына Давыдзік.
Мікола Дземідзенка
Вячаслаў Сіўчык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG