Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі “цар несапраўдны”


Неўзабаве пасьля здабыцьця Беларусьсю незалежнасьці ў 1991 годзе Алесь Адамовіч сказаў з горкай іроніяй, што беларускае начальства камуністычныя парадкі хоць сёньня б аднавіла, адзінае, што стрымлівае – далажыць няма каму.

З тых часоў, калі прагучала гэтая думка, прайшло амаль 20 гадоў, беларуская ўлада цяпер сварыцца з Масквой, якой калісьці дакладалі, хіба ня больш упарта і зацята, чым зь іншымі замежнымі “ворагамі”. Аднак заўвага Адамовіча можа раптам аказацца надзвычай актуальнай у цяперашняй беларускай сытуацыі.

Да апошняга часу пры ўсіх сварках паміж Менскам і Масквой Расея ўсё ж разглядала Беларусь і пэрсанальна Лукашэнку, як свайго саюзьніка, і акрамя разнастайнай матэрыяльнай падтрымкі заўсёды прызнавала права беларускага кіраўніка на ўладу. Паколькі гэтае прызнаньне было абсалютна бясспрэчным і безумоўным, то і незразумела было і ёсьць – у якой ступені ўлада беларускага правадыра на гэтым прызнаньні грунтуецца. Але ня выключана, што наступныя прэзыдэнцкія выбары стануць праверкай гэтага.

Масква і пацук генэрала Сухарэнкі


У спрэчках і развагах пра тое, як будзе паводзіць сябе Масква на гэтых выбарах, часам выказваецца меркаваньне, што незразумела, як яна практычна можа на іх паўплываць. Важкай альтэрнатывы, прынамсі адначасна важкай і прымальнай для Масквы, неяк не праглядаецца, уся сыстэма ўлады жорстка кантраляваная дзейным прэзыдэнтам, бунтоўныя настроі і суцэльная галадуха не назіраюцца таксама.

Зразумела, няма браку змоўніцкіх сцэнараў з чамаданамі расейскіх грошай, якія не даюць спакойна спаць “добразычліўцам” “Гавары праўду”, “пятай калёнай” Масквы ў сілавых структурах, нават з рускімі снайпэрамі і спэцаддзеламі ГРУ, якія праточваюцца ў Беларусь і аказваюцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Але такое ўяўленьне пра палітыку, як пра спэцапэрацыю, цешыць адно рыцараў кампутарнай “клавы”, якія начыталіся шпіёнскіх раманаў, ды айчынных чэкістаў. Першым абмеркаваньне падобных змоўніцкіх сцэнароў прыносіць чыстае задавальненьне і ўпэўненасьць у сваёй інтэлектуальнай моцы, другім – яшчэ і зоркі на пагоны, калі ў сваіх аналітыках начальству яны выкладаюць пляны нэўтралізацыі гэтых жахаў. Словам, пацук Сьцяпана Сухарэнкі жыве і перамагае.

Насамрэч усё прасьцей. І складаней. І адпаведная лінія, сцэнар быў агучаны і абмяркоўваецца як у апазыцыйных, гэтак і ва ўладных колах. Ня будзе ні дывэрсантаў, ні “пятай калёны”, ні іншых змоўніцкіх “страшылак”. Са змовай, дарэчы, тыя чэкісты прынамсі ведаюць, як змагацца. Ну сказаць, што ня будзе грошай, не выпадае, але ня ў іх у межах гэтага сцэнару шчасьце. А будзе проста маўчаньне Масквы пасьля выбараў. І на наступны дзень, і яшчэ праз дзень. І праз тыдзень. І што? А можа і ўсё.

Рэпэтыцыя: Зімоўскі супраць Пяткевіч


Справа ў тым, што выбары ў Беларусі – гэта даволі дзіўны інстытут. Для праціўнікаў улады – гэта суцэльны фарс і фальсыфікацыя, але і для яе прыхільнікаў – гэта рытуал зацьвярджэньня права ўлады (якая насамрэч толькі адна) і надалей быць уладай. Павінны быць нейкія абяцаньні і справаздачы, выбарчыя ўчасткі, хаджэньне на іх, кіданьне бюлетэняў у скрыні, выніковая справаздача Лідзіі Ярмошынай. А можа і яшчэ штосьці?

Цікавай рэпэтыцыяй, мадэльлю таго, што можа адбыцца, стала публічная сварка паміж старшынём Белтэлерадыёкампаніі Аляксандрам Зімоўскім і першай намесьніцай кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальляй Пяткевіч. Зімоўскі ў сваім блогу ў “Беларускіх навінах” і ў іншых публікацыях, не называючы імёнаў, канстатаваў, што ідэалягічная праца – у поўным правале і некаторыя прэзыдэнцкія паплечнікі сваімі глупствамі падводзяць боса пад манастыр. Тлумачыць, што гэта сварка азначае і як яе разумець, Лукашэнку давялося нават ў штогадовым пасланьні. Чаму? А таму што гэтая дысфункцыя сыстэмы стала шокам для яе элемэнтаў – чынавенства па ўсё краіне чухала патыліцу і гадала, што тут да чаго, і за кім Лукашэнка і каго наагул трэба слухацца. Шок маленькі, лякальны, але ілюстрацыя, як працуе мэханізм гэтага шоку.

Гучнае маўчаньне Масквы


І вось выбары. Плошча. Не абавязкова, дарэчы, надта вялікая. І маўчаньне Масквы. І куды больш роспачнае, чым падчас сваркі Зімоўскага зь Пяткевіч, чуханьне патыліцаў дзесяткамі тысяч чыноўнікаў (без пагонаў і ў пагонах, дарэчы), што гэта такое і як гэта трэба разумець. Выбары... Ну які дурань успрымае іх менавіта як выбары? Гэта рытуал. А ў гэтай сытуацыі ён акажацца парушаным. І сумнеў, страх, што “цар несапраўдны”, паселіцца ў галовах не апазыцыі, зь ёй справіцца няма праблемы, а зусім у іншых галовах. Можна выкрыць і нэўтралізаваць любую патаемную змову, а як змагацца з публічнай змовай, са змовай, у якой удзельнічаюць усе? І голас нават нешматлюднай плошчы, што цар-такі несапараўдны, могуць раптам пачуць занадта многія. Пачуць, таму што пачуць па-свойму і пра сваё.

І моц плошчы вырасьце ў дзесяткі, сотні разоў, жывячыся гэтымі страхамі і сумневамі. І ніякіх снайпэраў, пацукоў у вядры і таму падобнай дураты.

Ужо даводзілася аднойчы пісаць пра канцэпцыю камбінаторнай зброі, якая зьнішчае не наўпроставым узьдзеяньнем, а запускаючы самаразбуральныя працэсы ў самім аб’екце атакі. Праўда, у гэтай сытуацыі плошча аказваецца часткай гэтага мэханізму, які запусьціць Масква. Ну так. Тут вось некаторыя чытачы абураліся пастаноўкай пытаньня ў маёй нядаўняй перадачы “За Лукашэнку ці за Маскву”, маўляў, трэба быць за Беларусь. Ну так, хто б спрачаўся. Таксама значна лепш быць здаровым і багатым, чым бедным і хворым.

А можа і ня будзе нічога такога. Загадзя насамрэч гэта немагчыма высьветліць. Сутнасьць – у характарыстыцы беларускай уладнай эліты, дадзенай шмат гадоў таму Адамовічам. Такая яна ці іншая? Калі такая, то адпаведны сцэнар – прынамсі ня мроя і не страшылка. Прынамсі тое, што няма каму далажыць, стрымліваць ня будзе. Ужо знойдзецца каму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG