Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохкутнік Беларусь-Расея-Грузія: хто набыў, хто страціў?


Сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Грузіі, інтэрвію Міхаіла Саакашвілі Беларускаму тэлебачаньню стала новым паваротам у вонкавай палітыцы афіцыйнага Менску. Навошта спатрэбіўся гэты ход Аляксандру Лукашэнку? Як гэта паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні? Як успрыме сяброўства з Грузіяй беларускае грамадзтва? Удзельнікі: шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.


Сьвятлана Калінкіна
Кірыла Пазьняк
Валер Карбалевіч

Навошта Лукашэнку сяброўства з Саакашвілі?


Валер Карбалевіч: «12 ліпеня адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Міхаіла Саакашвілі, а 15 ліпеня Беларускае тэлебачаньне паказала інтэрвію з прэзыдэнтам Грузіі, у якім ён крытыкаваў Расею і абараняў Беларусь ад ціску з боку Масквы. Навошта гэта спатрэбілася беларускім уладам? Эканамічныя дачыненьні Беларусі і Грузіі невялікія. Ніякіх геапалітычных выгодаў ад сяброўства з Тбілісі Менск, здаецца, не атрымае. Вынікае, што гэта сымбалічны ход у супрацьстаяньні з Расеяй і больш нічога?»

Сьвятлана Калінкіна: «Статыстыка дае нечаканыя паказьнікі. Сярод краін СНД Грузія займае трэцяе месца ў гандлі зь Беларусьсю пасьля Расеі і Ўкраіны.

У сустрэчы Лукашэнкі з Саакашвілі і інтэрвію апошняга па БТ няма вялікай палітычнай інтрыгі. Кіраўнік Беларусі вымушаны тлумачыць свайму электарату, чаму ён канфліктуе з Расеяй, якую ён абвяшчаў галоўным сябрам».

Кірыла Пазьняк: «Гэта частка інфармацыйнай вайны з Расеяй. Такім чынам Менск хоча ўкалоць Крэмль. Вось сёньня НТВ паказвае новы фільм „Хросны Бацька-2“. І Менск адказвае адэкватна.

Але адначасова — гэта частка перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі. Ён імкнецца здабыць падтрымку беларускага грамадзтва на аснове іміджу незалежніка».

Як гэта паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні?


Карбалевіч: «Не сакрэт, што дагэтуль Лукашэнка — даволі папулярны палітык сярод, скажам так, шавіністычнай часткі расейскага грамадзтва, сярод расейскіх сілавікоў. І менавіта да гэтых людзей увесь час апэлюе беларускі лідэр падчас канфлікту з кіраўніцтвам Расеі. Але якраз гэтая частка расейскага грамадзтва ўспрымае Саакашвілі як галоўнага ворага Расеі. Лукашэнка гэта мусіць ведаць. Цяперашняе сяброўства з Тбілісі — гэта выклік ня толькі кепскаму кіраўніцтву Расеі, гэта выклік расейскаму грамадзтву. Атрымоўваецца, што ён пераходзіць нейкі Рубікон, разбурае сваё апошняе апірышча ў Расеі. Што гэта можа азначаць?»

Калінкіна: «Лукашэнка хоча паказаць, што ягоныя цяперашнія антырасейскія крокі вымушаныя, гэта крокі ў адказ. Будзе працягвацца такая раздвоенасьць зь лідэрамі грамадзкай думкі і Беларусі, і Расеі.
Цяпер задача № 1 для Лукашэнкі — гэта змаганьне не за расейскі, а за беларускі электарат. Таму падтрымкай расейцаў можна і ахвяраваць.

Хачу нагадаць, што яшчэ ў 2007 годзе адбылася сустрэча Лукашэнкі зь міністрам унутраных спраў Грузіі Мерабішвілі. Тады прэзыдэнт Беларусі сказаў, што падводзіцца рыса пад пэрыядам хаосу ў адносінах паміж дзьвюма краінамі. З таго часу кантакты паміж афіцыйнымі асобамі Грузіі і Беларусі сталі больш шчыльнымі».

Пазьняк: «Цяпер задача № 1 для Лукашэнкі — гэта змаганьне не за расейскі, а за беларускі электарат. Таму падтрымкай расейцаў можна і ахвяраваць.

Акрамя таго, Лукашэнка спрабуе гуляць на супярэчнасьцях у расейскім грамадзтве і сярод элітаў РФ. Бо ў Расеі падымаецца хваля пратэстных настрояў супраць улады. І Лукашэнка спрабуе апынуцца ў вобразе апазыцыянэра Пуціну і Мядзьведзеву, у вобразе палітыка, які не падпарадкоўваецца, не баіцца Крамля. І дзякуючы гэтаму ён можа атрымаць падтрымку і ў Беларусі, і сярод апазыцыйнай часткі расейскага электарату, і на Захадзе».

Як успрыме сяброўства з Грузіяй беларускае грамадзтва?


Карбалевіч: «Абодва мае суразмоўцы адзначылі, што такімі крокамі Лукашэнка найперш апэлюе да беларускага электарату. Але доўгі час беларуская прапаганда падавала Саакашвілі як галоўнага ворага беларускага народу, марыянэтку ЗША. Нібыта ён паводле заданьня Вашынгтону зладзіў „каляровую рэвалюцыю“ ў Грузіі і потым імкнуўся арганізаваць такую ж рэвалюцыю ў Беларусі. Можна ўзгадаць, што, паводле вэрсіі КДБ, менавіта грузінскія баевікі разам зь беларускай апазыцыяй хацелі атруціць менскі водаправод пацукамі. Адмоўны вобраз Саакашвілі яшчэ больш узмацніўся падчас расейска-грузінскай вайны. Грамадзкая думка Беларусі была ў гэтым канфлікце на баку Расеі, прычым зь вялікай перавагай, паводле незалежных сацыёлягаў. Горшым за Саакашвілі беларуская прапаганда прадстаўляла толькі прэзыдэнта ЗША Буша. І вось цяпер гэты вораг Саакашвілі падаецца амаль як сябар Беларусі, цяпер мы разам сябруем супраць Расеі, якая стала галоўным ворагам. Як успрыме такі радыкальны паварот беларуская грамадзкая думка, асабліва электарат Лукашэнкі?»

Калінкіна: «Сапраўды, цяпер на БТ Саакашвілі прадставілі як лідэра грузінскай рэвалюцыі. То бок тое, што раней было дрэнна, цяпер стала добра. Думаю, што ў большасьці беларусаў будзе некаторая разгубленасьць. Некаторыя зробяць выснову пра беспрынцыповасьць беларускага кіраўніцтва.
Шмат беларусаў падтрымлівалі Лукашэнку таму, што ён гарантаваў добрыя адносіны з Расеяй. Цяпер частку гэтага электарату прэзыдэнт Беларусі страціць. Таму ён імкнецца перахапіць электарат апазыцыі.

Дарэчы, праз два гады Саакашвілі сыходзіць з пасады прэзыдэнта Грузіі. І там магчыма паўтарэньне ўкраінскага сцэнару. То бок да ўлады можа прыйсьці палітык, больш ляяльны да Расеі. У выніку такая лінія афіцыйнага Менску можа аказацца тупіковай. Таму цяперашнія крокі Беларусі арыентаваныя на кароткі тэрмін».

Карбалевіч: «Вось наконт беспрынцыповасьці Лукашэнкі. Падчас кіргіскіх падзеяў дзяржаўныя мэдыі Беларусі падкрэсьлівалі, што на фоне беспрынцыповасьці кіраўнікоў Расеі, Казахстану, ЗША адзіны, хто заняў прынцыповую пазыцыю, быў якраз Лукашэнка».

Пазьняк: «Усе мы чыталі раман Оруэла „1984“. Апісаныя там мэтады прапаганды ўсё больш нагадваюць цяперашнія беларускія. Што тычыцца насельніцтва, то яно ўпэўнена: палітыка — гэта такая рэч, якую можна круціць, вярцець. Ня думаю, што народ будзе абураны беспрынцыповасьцю Лукашэнкі.

Тым больш што Лукашэнка эксплюатуе імідж незалежніка. І гэта можа спрацаваць, нават кампэнсаваць пагаршэньне матэрыяльнага дабрабыту. Нават сярод дэмакратычнай публікі паўстае праблема, якую некаторыя фармулююць так: лепш незалежная Беларусь, хоць і з Лукашэнкам».

Калінкіна: «Шмат беларусаў падтрымлівалі Лукашэнку таму, што ён гарантаваў добрыя адносіны з Расеяй. Цяпер частку гэтага электарату прэзыдэнт Беларусі страціць. Таму цяпер ён імкнецца перахапіць электарат апазыцыі, ствараючы вобраз абаронцы сувэрэнітэту. І ў гэтым Лукашэнка чалавек беспрынцыповы».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG