Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На інфармацыйнай вайне палонных не бяруць


Малюнак расейскага карыкатурыста Міхаіла Златкоўскага
Расейска-беларуская інфармацыйная вайна набірае абароты. Напярэдадні ў прайм-тайм Беларускага тэлебачаньня зьявіўся асноўны раздражняльнік расейскай палітычнай эліты — прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. У пятніцу НТВ дало працяг скандальнага "Хроснага Бацькі". Да якой рысы ў гэтых баталіях гатовыя дайсьці байцы мэдыйнага фронту?


Барыс Грызлоў
Сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Барыс Грызлоў
выказаў зьдзіўленьне там, што Міхаіл Саакашвілі зьявіўся ў эфіры Беларускага тэлебачаньня: "Для Расеі Саакашвілі — "ізгой". Ніякіх стасункаў зь ім няма і быць ня можа. Любое паляпшэньне адносінаў з Грузіяй можа быць толькі ў тым выпадку, калі прэзыдэнтам гэтай краіны будзе іншы чалавек", — падсумаваў Грызлоў і дадаў: тыя, хто дае магчымасьць Саакашвілі адчуваць сябе прэзыдэнтам, прымаюць рашэньні, якія ня могуць палепшыць адносіны з Расеяй.

Уладзімер Жырыноўскі
Найбольш эпатажны расейскі палітык Уладзімер Жырыноўскі ў інтэрвію каналу "Россия 24" сказаў, што Лукашэнка паказам інтэрвію з прэзыдэнтам Грузіі помсьціць за "Хроснага Бацьку". Паводле Жырыноўскага, у фільме пра Лукашэнку "сказалі праўду". Жырыноўскі назваў беларускага кіраўніка няўдзячным, бо той узначальвае адну з частак сумеснай саюзнай дзяржавы, а Расея яго шмат гадоў падтрымлівала. А таксама заявіў, што ў Лукашэнкі агонія, ён выбары ня выйграе і яму давядзецца сысьці з палітычнай сцэны.

З тым, што Саакашвілі зьявіўся на БТ у піку "Хроснаму Бацьку" ды іншым выпадам расейскіх СМІ, згодны маскоўскі публіцыст Аляксандар Мінкін:

Аляксандар Мінкін
"Пэўна, што гэта так. Я думаю, што хтосьці параіў Лукашэнку, а можа, ён і сам здагадаўся: што б такое зрабіць Маскве гадкае, каб яна надоўга запомніла? Гэта нядорага каштуе, зьезьдзіць да Саакашвілі, мяркую. Але для Крамля, канечне, гэта аплявуха ў адказ, як я разумею. І ўсё ж хачу падкрэсьліць: агідна, калі кіраўнікі краінаў эўрапейскіх, як яны сябе самі называюць, займаюцца вось такімі школьнымі глупствамі".

Сатырык Віктар Шандаровіч кажа, што было б дзіўна, каб Лукашэнка проста праглынуў досыць сур'ёзныя абвінавачаньні з расейскага боку. Таму ў ход была пушчаная "цяжкая артылерыя":

Віктар Шандаровіч
"Гэта безумоўна. Ён чалавек таленавіты, і трэба было чакаць, што ён нешта прыдумае. Тое, што Гарбачоў называў "асымэтрычным адказам". Які атрымаўся эфэкт? Пэўна, што адчувальны. Якія чакаць наступствы з боку Расеі? Ведаеце, прынамсі ізаляцыя Паўночнай Карэі ні да чога асабліва не прывяла. А гэта значыць, што горш будзе жыць ня ён, Лукашэнка, а горш будзе жыць народ, пры якім ён "служыць". Хоць, натуральна, я хацеў бы памыліцца".

Тым часам на НТВ пад трывожную музыку трагічным голасам анансуецца працяг "Хроснага Бацькі". Тэлеканал абяцае новыя выкрыцьці беларускай улады:

Сінхрон Лукашэнкі: "Неадукаваны здаровы чалавек — гэта здаровы дурань". Што яшчэ вы хацелі ведаць пра Лукашэнку, але саромеліся запытаць? Лукашэнка: "Скруцім галовы. Уласнымі рукамі адкручу галаву…" "Хросны Бацька-2". Глядзіце "Надзвычайнае здарэньне. Расьсьледаваньне". Спэцыяльны выпуск. Увечары, адразу пасьля сямігадзінных навінаў на НТВ".

Напярэдадні карэспандэнт Першага каналу Дзяніс Кур'ян пацікавіўся ў Міхаіла Саакашвілі: як ён супрацьстаіць інфармацыйнаму ціску з боку Расеі? У якасьці прыкладу быў названы канал Russia Today, на якім ледзь ня штодня зьяўляюцца новыя страшылкі. Дарэчы, апошнім часам ня толькі пра Грузію:
гэта ім дарма ня пройдзе...

"Russia Today даўно ў сьвеце абазвалі адпаведна. Ня буду слова называць, але да "Раша" дзьве літары наперадзе дадалі і так яе называюць… Хоць я не вялікі аматар, але глядзеў нядаўна выпадкова, праз інтэрнэт (у нас расейскія каналы можна глядзець па кабэлі, але яны ня вельмі папулярныя), што яны зрабілі пра Беларусь. Абвінавачаньні сыплюцца, ледзьве не ў канібалізьме абвінавачваюць дзеячаў Беларусі. І гэта з таго боку, дзе нядаўна забілі чалавека, якога я паважаў і вельмі добра ведаў — Ганну Паліткоўскую. Дзе забілі вельмі дзейную Натальлю Эстаміраву, якая праз два дні зьбіралася ляцець у Тбілісі. На Паўночным Каўказе дзясяткі тысяч проста зьніклі. Выйшлі людзі на вуліцу, у асноўным маладыя людзі, і зьніклі бясьсьледна! І раптам знайшлі, што ў 1990-х гадах людаеды разьвяліся ў Менску. Канечне, гэта сумна. І, натуральна, мае пэўны прысмак. Прысмак прапагандысцкай вайны. Але думаю, што гэта ім дарма ня пройдзе".

Актор і грамадзкі дзеяч Алег Басілашвілі ў даўнім канфлікце Масквы і Тбілісі — на баку Грузіі. Ён лічыць, што спробы Крамля вырашаць праблемы сілай і шантажом абсалютна бясплённыя:

Алег Басілашвілі
"Мяркую, што словы, сказаныя Міхаілам Саакашвілі, справядлівыя на адрас расейскага кіраўніцтва. У асноўным справядлівыя. Я ня чуў усё інтэрвію, на жаль. Я чуў толькі ўрывак, які трансьлявала радыё "Эхо Москвы". Але тое, што ён сказаў, на мой погляд, справядліва. Я ня ведаю, чым гэта ўсё скончыцца, бо ўсе яны неадэкватныя і нешта зразумець цяжка. Але мне здаецца, што патрэбна не займацца асабістымі амбіцыямі, а перш за ўсё спрабаваць зразумець: мы ўсё ж браты па крыві. Гэта раз. Па-другое, мы ўсе разам вырашылі будаваць дэмакратычныя рэжымы ў нашых краінах. І гэта трэба зразумець. Дадаць тут больш няма чаго".

Дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчаньня маскоўскага каналу "ТВ-Центр" Уладзімер Какашвілі не выключае: акцэнтаванасьць расейскіх каналаў на выкрываньні беларускай улады можа ўрэшце каштаваць ім месца ў беларускай тэлевізійнай сетцы. З "ТВ-Центром" гэта здарылася летась, іншыя каналы прымусова абеларусілі мясцовым кантэнтам. На думку Какашвілі, супрацьстаяць дзяржаўнай манаполіі на мэдыйным рынку ня могуць нават магутныя бюджэты расейскіх тэлеканалаў:

"Мы не працавалі зь дзяржаўнымі структурамі, у нас быў партнэр, зь якім мы заключылі дамову. Наш прадстаўнік, атрымаўшы ад нас правы, падпісаў 50 зь лішкам дамоваў з кабэльнымі сеткамі. Але Міністэрства інфармацыі спрабавала забраць гэта і перадаць у чужыя рукі. Натуральна, мы не захацелі працаваць з партнэрам, якога нам навязвалі. Тады нас пакаралі: увогуле ўсюды выключылі. Толькі справа ў тым, што ня нас жа пакаралі, пакаралі гледача. А тое, што гаворыцца — маўляў, прынялі рашэньне кабэльныя апэратары на нейкім сваім паседжаньні — дык, ведаеце, гэта абсурд. Сьцьвярджалася, што унтэр-афіцэрская ўдава таксама сама сябе адсьцябала".

Нагадаем, што першы фільм з сэрыі "Хросны Бацька" выйшаў у эфір НТВ 4 ліпеня. Аўтары наўпрост абвінавацілі Аляксандра Лукашэнку ў арганізацыі зьнікненьня палітычных апанэнтаў, падрабязна было расказана пра асабістае жыцьцё кіраўніка краіны. У Беларусі фільм перакрылі, але блізу 200 тысяч чалавек пабачылі яго на незалежных сайтах. У сёньняшняй тэлепраграме НТВ "Надзвычайнае здарэньне" пазначанае, аднак няма гарантыі, што гісторыя зь фільтрацыяй не паўторыцца.
XS
SM
MD
LG