Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм "Хросны бацька-2"


Расейскае тэлебачаньне паказала другую частку “Хроснага бацькі”. Большая частка фільму – гэта паўтор першага "Хроснага бацькі". Аднак зьявіліся некаторыя дадатковыя сюжэты, а некаторыя зь сюжэтаў першага фільму атрымалі працяг.

"Абодва непрадказальныя, абодва хочуць у Эўропу і абодва ня ведаюць, як туды патрапіць".
У прыватнасьці, у другім фільме робіцца акцэнт на "нешматлікіх сябрах" Аляксандра Лукашэнкі – сярод іх паказаны прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, якога цяперашняя расейская ўлада называе адным з галоўных ворагаў Расеі. У фільме Лукашэнку і Саакашвілі называюць вельмі падобнымі: "Абодва непрадказальныя, абодва хочуць у Эўропу і абодва ня ведаюць, як туды патрапіць".

Дырэктар расейскага Інстытуту краін СНД, дэпутат Канстанцін Затулін папярэджвае, што калі Лукашэнка згубіць падтрымку Расеі, то доўга не пратрымаецца ва ўладзе.

У фільме шмат гаворыцца пра падабенства ў мэтадах кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі і зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які цяпер жыве ў Беларусі. Асаблівая ўвага зьвяртаецца на абвінавачваньні сям'і Бакіева ў карупцыі.

У адносінах да сям'і Лукашэнкі ў фільме сьцьвярджаецца, што яе прыбыткі, найперш ад гандлю зброяй і рээкспарту нафты, склалі каля 12 мільярдаў даляраў.

Чалавек, якога здымалі са сьпіны, са зьмененым голасам і якога назвалі "дзейным супрацоўнікам КГБ Беларусі", у фільме кажа, што Лукашэнка, які і Бакіеў, спрабуе сканцэнтраваць у сваіх руках усе фінансавыя патокі ў краіне. У КГБ разумеюць – калі Лукашэнка згубіць уладу, то апынецца за кратамі, кажа гэты чалавек.

У фільме "Хросны бацька-2", параўнальна зь першай часткай, таксама дадаўся сюжэт пра арышт у Беларусі амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра. Задаецца пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка не загадаў затрымаць і перадаць Расеі беглага расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, які, паводле Зэльцэра, прысутнічаў на судзе над ім у Менску.

У сюжэце пра асабістае жыцьцё Лукашэнкі дадалося цьверджаньне, што апошнім часам беларускага кіраўніка "неаднаразова бачылі на замежных курортах у атачэньні кампаніі паўголых спартовак з жаночай валейбольнай каманды".

Пачынаецца фільм сюжэтам пра затрыманьне здымачнай групы НТВ у Беларусі год таму. Пры гэтым скарыстаныя здымкі, якія выглядаюць, як зробленыя спэцслужбамі.

Завяршаецца фільм "Хросны бацька-2" дапушчэньнем, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Лукашэнка можа "прызначыць" вінаватых у зьнікненьні сваіх апанэнтаў.

***

“Хросны бацька-2”







Першы фільм “Хросны бацька” выйшаў у эфір НТВ 4 ліпеня. У фільме імя Аляксандра Лукашэнкі зьвязана са зьнікненьнямі ягоных палітычных спаборнікаў у Беларусі, а таксама выказана шмат іншай крытыкі адносна кіраўніка Беларусі.

“Хросны бацька-1”








(крыніца: http://www.youtube.com/user/gash1k)

Спампаваць увесь фільм (652 МБ) можна ТУТ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG