Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перамога ў бітве за ўраджай


Падазраю, што беларусы даўно не зважаюць на лічбы, набілі аскому з савецкіх часоў. Карацей, лічбы ў начальства сёньня — для ўнутранага ўжытку, яму ж трэба ўвесь час рапартаваць, увесь час пашыраць, павялічваць, перамагаць…

Выпадкова трапляюць на вочы сьвежыя зьвесткі пра будучы ўраджай на Гарадзеншчыне. Жніва, зразумела, яшчэ не было, а вось лічбы ўжо існуюць. Няма гаворкі, плянаваць трэба, любы гаспадар прыкідвае ў галаве — што і колькі атрымае, але ўвагу прыцягваюць “напалеонаўскія пляны” начальства. Напрыклад, зжаць яно зьбіраецца адразу на чвэрць больш збожжавых, чымсьці летась і ўраджайнасьць з гэктару павялічыць сходу лічы на восем цэнтнэраў: было 41, будзе 49! Ура, таварышы!

Новы кіраўнік вобласьці, нагадаю, прызначаны толькі-толькі, і хоць ён —учорашні міністар сельскай гаспадаркі, але ж сяўба прайшла безь яго, таму астатняе залежыць хутчэй ад будучага надвор’я і тэмпаў жніва. Дык навошта тады гэтак завышаць леташнія лічбы, якія падставы? А раптам пасохне збожжа, бо лета абяцаюць вельмі гарачае, што тады? Другое: сеялі гарадзенцы сёлета, ня маючы кіраўніка вобласьці, які быў зьняты. Атрымліваецца, што сельскагаспадарчы мэханізм сам працуе адладжана, калі ўраджай чакаецца наперадзе рэкордны, і ніякі “губэрнатар” сялянам насамрэч непатрэбны.

Далей: калі прадстаўлялі новага старшыню аблвыканкаму Сямёна Шапіру, было сказана, што Гарадзенская вобласьць усё роўна застаецца найлепшай (але тады за якія правіны зьнялі яго папярэдніка — Уладзіміра Саўчанку?), аднак нават у гэтым разе яна павінна павялічыць свае паказчыкі ажно напалову! Дык вось адкуль жаданьне адрапартаваць, што ўраджай адразу падвысіцца на чвэрць! Калі разважаць у гэтым рэчышчы, то ў наступным годзе гарадзенскае начальства павінна будзе заплянаваць яшчэ ці не 25-працэнтны рост! Сапраўды, цяжкі лёс цяперашняга чынавенства…

Лічбы-лічбы! Дзесяць гадоў таму, калі прэзыдэнт прылятаў на Гарадзеншчыну спраўдзіць “віды на ўраджай”, тагачасны кіраўнік вобласьці Дубко сказаў, што па плянах было сабраць мільённы ўраджай, але начальства вырашыла “напружыцца” і даць адзін мільён і сто тысяч тонаў збожжа. Мінула толькі дзесяць гадоў, а чыноўнікі ўжо рыхтуюцца “выдаць нагара” ажно мільён і 860 тысяч тонаў. Проста казка нейкая з малочнымі рэкамі і чарназёмнымі берагамі, дзе ўсё буяе, як той бамбук.

Трэба сказаць, што калі пасьля Дубко яго крэсла заняў Саўчанка, ён мусіў паабяцаць, што праз год зьбярэ мільён і дзьвесьце тысяч тонаў збожжа, а яшчэ праз год — плюс яшчэ сто тысяч. Карацей, сельская гаспадарка павінна была крочыць “стотысячнымі крокамі”. Маўляў, хочаце верце лічбам, а хочаце — не. Аднак ставіцца да іх з асьцярогаю прымушаюць яны самі. Вось жа пры Саўчанку некалі цэлых чатыры гады спатрэбіліся, каб павялічыць ураджайнасьць толькі на дзевяноста кіляграмаў. У выніку ў 2007-м сталі зьбіраць 34,5 цэнтнэра, а сёньня гавораць, што ўсе 49 зьбяруць. Так раптам?

Канечне, няцяжка здагадацца, што лічбы мясцоваму чынавенству вельмі патрэбныя яшчэ дзеля таго, каб важка адрапартаваць на дажынках, што адбудуцца на Гарадзеншчыне, у Лідзе. Але ў мяне ўзьнікае крамольная думка наконт таго: а колькі нам рэальна патрэбна збожжа, колькі мы зьядаем (бо насельніцтва зьмяншаецца), а колькі — скаціна? Ці патрэбна нам насамрэч на чвэрць павялічваць ураджай? Ці ўдаецца нам потым спачатку захаваць, а затым прадаць з выгодаю свае запасы, ці збываем іх за грашы? А можа звышплянавае збожжа потым дзесь увогуле гніе?

Хаця мае асьцярогі могуць быць марнымі і мы насамрэч зьбіраем усё тыя ж 34,5 цэнтнэры (ці нават меней), а казачны рост ураджаяў, ён — для справаздачнасьці, дзеля прыгожых лічбаў, дзеля выступаў з трыбуны, як і было ўвесь час у “добрыя старыя савецкія часы”, якія ў нас затрымаліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG