Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховічу вярнулі мадэль яхты, якую сьледчыя лічылі бомбай


Мікалая Аўтуховіча трымаюць у сьледчым ізалятары і адмаўляюць яму ў патрэбным лячэньні. Чаму тыдзень няма лістоў ад Уладзімера Асіпенкі? Андрэй Бандарэнка трапіў у той самы атрад, дзе ўжо знаходзіўся ў канцы мінулага году.


Мінуў месяц як закончыўся суд над Мікалаем Аўтуховічам і Уладзімерам Асіпенкам, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту. Абодвух трымаюць па-ранейшаму ў Менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Адваката Аўтуховіча Паўла Сапелку найбольш непакоіць тое, што ягоны падабаронны так і ня вырашыў праблемы са здароўем, якія абвастрыліся пасьля суду.

Павал Сапелка
«Хворыя зубы яму не пратэзуюць, Ён просіць пераводу ў мэдычную частку — бо горш сябе стаў адчуваць — не пераводзяць. Рука дагэтуль не аднавіла рухомасьць. Таму мяркуем, што нам, відаць, трэба будзе зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі, каб яны дапамаглі Аўтуховічу аднавіць свае правы, паколькі нашы органы выкананьня пакараньня ня ў стане выканаць сваю працу».

Тым часам Аўтуховічу вярнулі некаторыя рэчы, адабраныя пасьля арышту 8 лютага 2009 году: ноўтбук, відэакамэру, а таксама мадэль яхты, пра якую сьледчыя лічылі, што Аўтуховіч нібыта меркаваў выкарыстаць яе як бомбу для тэракту. Нагадаю, Мікалай Аўтуховіч на працэсе неаднаразова называў «глупствам» вэрсію сьледзтва пра мадэль яхты ў якасьці бомбы. Вярхоўны суд гэтую вэрсію адхіліў, але асудзіў Мікалая Аўтуховіча на 5 гадоў і 2 месяцы зьняволеньня за незаконныя дзеяньні з боепрыпасамі.

У Менскім сьледчым ізалятары таксама трымаюць і Ўладзімера Асіпенку, асуджанага на 3 гады зьняволеньня за незаконныя дзеяньні са зброяй. Дачка вязьня Людміла непакоіцца, што тыдзень ад таты няма лістоў:

Людміла Асіпенка
«Я ужо турбуюся, можа, яго куды перавялі, што ня піша. Ня ведаю, чаму? Ва ўсякім разе я яму пісала і, калі б яго перавялі, то мне б вярнулі лісты. Апошні ліст ад яго быў у мінулую суботу, пісаў, што ўсё было ў парадку».

Паводле адваката, Уладзімер Асіпенка разьлічвае выйсьці на волю паводле амністыі. 4 чэрвеня ў Палаце прадстаўнікоў быў прыняты ў другім чытаньні закон аб амністыі ў 2010-м годзе. Каб амністыя адбылася, закон мусіць прыняць яшчэ Савет Рэспублікі, а потым падпісаць кіраўнік дзяржавы.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка ўжо знаходзіцца ў 11-м атрадзе Бабруйскай калёніі, дзе яму давядзецца адбываць 6 гадоў зьняволеньня. Гэтак пастанавіў Першамайскі суд Менску, які двойчы разглядаў справу актывіста АГП, былога кандыдата ў дэпутаты парлямэнту. 11-ы атрад Бабруйскай калёніі — гэта той самы атрад, дзе Андрэй Бандарэнка ўжо сядзеў амаль 2 месяцы паміж першым і другім судамі. Адтуль, з 11-га атраду, Бандарэнку накіравалі ў карцэр, калі вязень адмовіўся падпісваць пэўныя турэмныя дакумэнты, бо да разгляду скаргі не лічыў сябе асуджаным, і абвясьціў галадоўку пратэсту. Бацька вязьня Валер Бандарэнка бачыўся з сынам у калёніі.

Валер Бандарэнка
«Так, гэта той самы атрад, дзе ён быў раней, дзе ў яго ўжо ёсьць знаёмыя. Такім чынам прынялі яго нармальна. Памятаюць. Сказалі, што інтэрнэт яны паглядзелі, ведаюць, што і як».

Паводле Валера Бандарэнкі, ягоны сын ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня і працягвае заяўляць, што ён невінаваты, і спадзяецца, што суд вышэйшай інстанцыі яго апраўдае. Адвакат Андрэя Бандарэнкі Зьміцер Лаеўскі падаў папярэднюю скаргу на рашэньне Менскага гарадзкога суду.

Валер Бандарэнка: «Канчатковую скаргу падаць пакуль не ўдалося, бо нам дагэтуль не далі копію пастановы, якой быў пацьверджаны прысуд раённага суду».

Вязьні, чэрвень 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне з зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, які нібыта дапамагаў Аўтуховічу і Асіпенку, пакараны 2 гадамі калёніі за невыкананьне службовых абавязкаў.

Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Першы прысуд Бандарэнку, які летась вынес Першамайскі суд Менску, быў адменены, справу накіравалі на новы разгляд, але з другой спробы прадпрымальніка прызналі вінаватым у крадзяжы праз махлярства і асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG