Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча ў Мытны саюз


Афіцыйны Менск не адмаўляецца ад удзелу ў фармаваньні Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. І спрабуе знайсьці ўзаемапрыймальныя варыянты вырашэньня рознагалосьсяў.

Пра гэта заявіў сёньня журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

"Цяпер мы працуем над рознагалосьсем ў пытаньнях Мытнага саюза-"тройкі" – Расеі, Беларусі і Казахстана, - заявіў Андрэй Савіных. – Мы лічым, што выманьні з Мытнага саюза выпустошваюць сутнасьць гэтага пагадненьня. Мы зьяўляемся актыўнымі прыхільнікамі інтэграцыі і лічым, што тыя дамоўленасьці, якія былі дасягнутыя ў Санкт-Пецярбургу паміж Казахстанам і Расеяй ніякім чынам не супярэчаць трохбаковаму працэсу".

На пытаньне, ці падпіша беларускі бок трохбаковае пагадненьне ў тым выпадку, калі выманьні зь яго не будуць абраныя, Андрэй Савіных адказаў, што прэсавы сакратар міністэрства ніколі не гаворыць у загадным ладзе. "Ідзе перамоўны працэс, беларускі бок зацікаўлены з высокім узроўнем матывацыі вырашыць усе супярэчнасьці. Спадзяемся, што так і будзе", - адзначыў ён.

Сёньня ж прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў фэдэральны закон "Аб ратыфікацыі дамовы аб Мытным кодэксе Мытнага саюза".

4 чэрвеня пакет міжнародных дакумэнтаў Мытнага саюзу плянуе ратыфікаваць Палата прадстаўнікоў Нацсходу Беларусі.

Нагадаем, 28 траўня ў Пецярбургу адбыліся перамовы прэм'ер-міністраў Расеі і Казахстану. Беларусі прэм'ер Сяргей Сідорскі адмовіўся ад удзелу ў гэтай сустрэчы. Уладзімер Пуцін і Карым Масімаў заявілі, што іх краіны на двухбаковай аснове ўводзяць 1 ліпеня ў дзеяньне Мытны кодэкс, а Беларусь можа да яго далучыцца. А.Лукашэнка падчас сустрэчы 1 чэрвеня з першым віцэ-прэм'ерам Расеі Ігарам Шувалавым у Менску заявіў, што Беларусь можа пайсьці на кампрамісы пры ўмове раўнапраўнага і паважлівага стаўленьня з боку іншых партнэраў.

Сустрэча кіраўнікоў краін Мытнага саюзу заплянаваная на 5 ліпеня ў Астане.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG