Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістам “Гавары праўду” не вяртаюць рэчы і грошы


Два тыдні таму міліцыя і спэцслужбы правялі ператрусы ў офісе і кватэрах дзясяткаў актывістаў грамадзкай кампаніі «Гавары праўду». Што новага ў сытуацыі вакол «Гавары праўду»?


Цокальны паверх дома № 54 па праспэкце Машэрава. Тут паводле дамовы зь мясцовым ЖЭСАм арандуе офіс дасьледчае прадпрыемства «Движение вперёд», адна з праграмаў якога — грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Але зараз офіс зачынены, дзьверы ўжо два тыдні як апячатаныя. Дырэктара прадпрыемства, вядомага паэта Ўладзімера Някляева знаходжу праз мабільны тэлефон. Пытаюся, чаму не ўдаецца аднавіць працу?

Уладзімер Някляеў
«Спрабуем неяк аднавіць структуру, маёмасьць хоць нейкую вярнуць. Структуру аднаўляем, людзі ня надта напалохаліся, толькі некаторыя сышлі, большасьць гатовыя далей працаваць. Але вось з маёмасьцю ўсё наладзіць даволі складана. Бо нічога нам не аддаюць, проста нічога. Не рэагуюць на ўсе нашы заявы. Робяць выгляд, што нічога ў нас ня бралі і нічога ня вінныя нам».

У самога Ўладзімера Някляева забралі кнігі, дакумэнты, рукапісы, у іншых актывістаў кампаніі — кампутары, тэлефоны, аргтэхніку, безь якіх немагчыма працаваць далей. Шмат у каго забралі грошы, у тым ліку не кішэнныя, а сродкі, якія людзі зьбіралі шмат гадоў на асабістыя мэты:

У Навумавай Сьвятланы забралі грошы, якія яна зьбірала пасьля таго, як захварэла. Ёй патрэбныя донарскія ныркі, яна назьбірала грошы на апэрацыю.
«Вось у Навумавай Сьвятланы забралі грошы, якія яна зьбірала пасьля таго, як захварэла. Ёй патрэбныя донарскія ныркі, яна назьбірала грошы на апэрацыю. Мы стараемся сьледчым гэта давесьці, што сюды ня мае дачыненьня палітыка, гаворка пра гуманнасьць, але — ня чуюць».

У сьледчай управе Ленінскага райаддзелу міліцыі Менску, дзе вядзецца справа кампаніі «Гавары праўду», камэнтаваць сытуацыю з маёмасьцю і грашыма актывістаў адмаўляюцца. Кіраўнік управы Зьміцер Сімкоў спасылаецца на тое, што сьледзтва яшчэ не завершанае.

Тым часам зьявіліся зьвесткі, што справу паводле артыкула «Распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах» супроць «Гавары праўду», якую вядуць сьледчыя Ленінскага РАУС, нібыта завялі пасьля заявы друкарскай фірмы са Смаленску. Маўляў, дадзеныя гэтай фірмы былі незаконна зьмешчаныя на паштоўках «Гавары праўду», а насамрэч паштоўкі былі надрукаваныя нелегальна ў Беларусі. Паводле гэтых жа крыніцаў, смаленскія друкары паскардзіліся на «Гавары праўду» пасьля ціску з боку мясцовага ФСБ, які дзейнічаў па наводцы беларускага КДБ.

Ці насамрэч КДБ мае дачыненьне да гэтай гісторыі? Гэтае пытаньне я задаў супрацоўніку прэсавай службы КДБ Аляксандру Антановічу:

«Гэта своеасаблівая тэма. Не, камэнтаваць ня буду», — сказаў супрацоўнік КДБ.

Сяргей Вазьняк
На паштоўках «Гавары праўду» пазначана, што яны надрукаваныя ў смаленскай фірме «Типография Михайлова_С». Пошук фірмы праз інтэрнэт, аднак, ня даў выніку. Тэлефаную актывісту «Гавары праўду» Сяргею Вазьняку, якога разам з Уладзімерам Някляевым сьледзтва лічыць падазроным у гэтай справе. Ці ведае Сяргей Вазьняк пра фірму, якая пазначаная на паштоўцы?

«Мы не замаўлялі ў Смаленску прадукцыю кампаніі „Гавары праўду“. Вось я ці іншыя актывісты кампаніі нічога не замаўлялі. Друкарня тут чыстая і мы чыстыя. Што да зьвестак пра ўдзел КДБ у гэтай справе, то канфідэнцыйныя крыніцы, якія я не магу раскрыць, мне гэта пацьвярджалі, а больш дакладна я сказаць не магу».

Сяргей Вазьняк ня выключыў, што зьяўленьне дадзеных смаленскай фірмы на паштоўках «Гавары праўду» — пэўная правакацыя.

Паводле праваабаронцы Раісы Міхайлоўскай, якая дапамагае прадпрыемству «Движение вперёд» у юрыдычных пытаньнях, кіраўнікі прадпрыемства падалі скаргу ў пракуратуру Менску на дзеяньні сьледчых, з чыёй віны, як яны лічаць, незаконна спыненая дзейнасьць прадпрыемства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG