Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Міхайлаў: Альтэрнатыўная служба вырашыць шмат сацыяльных пытаньняў


Ян Міхайлаў, вернік габрэйска-мэсіянскай суполкі, адмаўляецца служыць у войску з рэлігійных меркаваньняў. Летась 15 сьнежня Яна Міхайлава затрымалі і пакаралі арыштам на 3 месяцы за ўхіленьне ад вайсковай службы. Хлопец амаль адбыў да канца тэрмін арышту, калі Менскі абласны суд скасаваў ранейшае рашэньне раённага суду і накіраваў справу на паўторны разгляд. 10 сакавіка Ян Міхайлаў выйшаў на волю і з таго часу знаходзіўся пад падпіскай пра нявыезд. 4 траўня суд Менскага раёну цалкам апраўдаў Міхайлава і вызваліў яго з-пад падпіскі аб нявыезьдзе. Пасьля суду Ян Міхайлаў адказаў на пытаньні ў праграме "Начная Свабода".


Соўсь: "Ян, ці было для вас рашэньне суду нечаканым?"

Міхайлаў: "Так, было крыху нечаканым. Па-першае, таму што ў нас у Беларусі рэдка здараецца, каб чалавека апраўдвалі цалкам. Звычайна спрабуюць хоць нешта пакінуць, тым больш, калі чалавек ўжо быў асуджаны. Вядома ж, я такога не чакаў, але вось, адбылося".

Соўсь: "А хто прыйшоў на суд падтрымаць вас?"

Міхайлаў: "Прыйшлі бацькі, знаёмыя з "Маладога фронту", а таксама быў Міхась Пашкевіч з руху "За альтэрнатыўную службу".

Соўсь:
"Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе грамадзянам праходжаньне вайсковай службы у тым ліку і шляхам альтэрнатыўнай. Аднак адпаведны закон так і не быў прыняты беларускім парлямэнтам з моманту прыняцьця Канстытуцыі ў 1994 годзе. Маецца таксама і рашэньне Канстытуцыйнага суду ад 2000 году, у якім было адзначана, што парлямэнт павінен прыняць адпаведны закон, а грамадзяне маюць права на альтэрнатыўную службу. Ва ўрадзе створаная працоўная група на чале зь міністрам працы Мар'янай Шчоткінай, каб стварыць праект закону аб альтэрнатыўнай службе. Усе напрацоўкі і матэрыялы ініцыятывы "За альтэрнатыўную грамадзянскую службу" перададзеныя для вывучэньня гэтай групе. Ці спадзеяцеся вы, што такое рашэньне суду ёсьць прыкметай таго, што ўсё ж неўзабаве зьявіцца закон пра альтэрнатыўную службу?"

Міхайлаў: "Так, я спадзяюся, што тое, што мяне цалкам апраўдалі, можа служыць паказчыкам таго, што справа зрушылася зь мёртвай кропкі. Мяркую, што ў хуткім часе можна чакаць распрацаванага закону аб альтэрнатыўнай службе. Усё ж такі атрымалася прыцягнуць увагу да гэтага пытаньня, дзякуючы ў тым ліку і мне, і іншым хлопцам, якія пачалі адстойваць сваю пазыцыю. Беларускае грамадзтва на гэта адклікнулася, была і міжнародная рэакцыя. Я думаю, што такое рашэньне было вынесена невыпадкова".

Соўсь: "Калі такі закон будзе прыняты, дзе б вы хацелі праходзіць альтэрнатыўную службу?"

Міхайлаў: "Невядома яшчэ, што гэта будзе за закон, але на мой погляд гэта павінны быць нейкія мэдычныя ўстановы ці нешта кшталту дапамогі інвалідам, хворым, магчыма людзям пажылога ўзросту. Такія сфэры, якія ня надта карыстаюцца папулярнасьцю. Такім людзям патрэбная дапамога, а знайсьі кагосьці для такой працы ня так і проста. Альтэрнатыўная служба, на мой погляд, вырашыць шмат такіх сацыяльных пытаньняў".

слухаць гутарку і адказы на пытаньні наведнікаў сайту "Свабоды" цалкам


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG