Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапацкая тэма атрымала ўзнагароду на школьнай канфэрэнцыі


Актывіст «Маладога фронту» Стась Стэсік атрымаў дыплём І ступені за тэму «Курапаты як сымбаль злачынстваў сталінізму» на міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі сярод школьнікаў. Стась абапіраўся на апублікаваныя артыкулы і публікацыі ў інтэрнэце, а таксама скарыстаўся фатаздымкамі пра акты вандалізму ў мэмарыяльным комплексе. Пэдагогі і навукоўцы палічылі гэтую працу цікавай і актуальнай.


Станіслаў Стэсік лічыць, што вышэйшая ўзнагарода гэтай канфэрэнцыі сьведчыць пра тое, што тэма Курапатаў малавядомая ў грамадзтве. Яна яшчэ чакае шырокага дасканалага дасьледаваньня:

«Я выкарыстоўваў кнігі Пазьняка, гісторыка Кузьняцова, розныя артыкулы, інтэрнэт. Пісаў, хто першым адкрыў Курапаты. Пісаў пра Пазьняка, Шмыгалёва. Таксама пісаў пра нашых журналістаў, якія цікавяцца гэтай тэмай. Я падчас прэзэнтацыі дакладу, які доўжыцца 7-8 хвілінаў, паказваў фатаграфіі актаў вандалізму. У маёй сэкцыі працавала 20 чалавек. Асноўныя ж тэмы былі пра герояў вайны, як яны ваявалі і г. д».

У канфэрэнцыі, прысьвечанай тэме Айчынай вайны, бралі ўдзел школьнікі Беларусі, Ізраілю і Літвы. Станіслаў Стэсік са сваёй працай пра сталінскія рэпрэсіі трапіў у сэкцыю даваеннага часу. Ён ведае, што прынамсі яшчэ адзін хлопчык абраў блізкую тэму — пра ГУЛАГ.

Стась сам неаднаразова наведваў мэмарыяльны комплекс разам са сваімі паплечнікамі з «Маладога фронту» і бачыў, што пакідалі пасьля сябе вандалы. Фотаздымкі з інтэрнэт-сайтаў недзяржаўных СМІ былі выкарыстаныя для ілюстрацыі дакладу.

У сучасных падручніках тэма сталінскіх рэпрэсій займае вельмі сьціплае месца. Курапаты ж ня згадваюцца ўвогуле.

Станіслаў задаўся пытаньнем чаму так адбываецца.

Я зрабіў акцэнт на тым, што ўлады не прызнаюць гэтае месца.
«Я зрабіў акцэнт на тым, што ўлады не прызнаюць гэтае месца, а ў школах на ўроках настаўнікі нічога не распавядаюць пра Курапаты. Тэме пра сталінскія рэпрэсіі прысьвечаны маленькі параграф. Улада баіцца гэтай тэмы. Цяперашняя ўлада трымаецца больш савецкага напрамку.

У савецкія часы забаранялася іншая прэса, людзям было забаронена выказваць свае думкі. Тады ўлада прыбірала такіх людзей фізычна, а цяперашняя робіць гэта на іншым узроўні. Курапаты ёсьць сымбалем таго, да чаго гэта прывяло тады».

Стась Стэсік лічыць, што настаўнікам, якія дапамагаюць навучэнцам рыхтаваць свае даклады, лягчэй даць тэму, пра якую ўжо шмат напісана ў савецкай гістарыяграфіі. Ён лічыць, што менавіта з гэтае прычыны мала працаў было прысьвечана злачынствам сталінскага рэжыму.

Дыплёмы першай ступені атрымалі 15 школьнікаў, другой — больш за 30 чалавек, іншыя атрымалі пахвальныя лісты і сэртыфікаты ўдзельніка канфэрэнцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG