Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах маліліся за ахвяраў сталінізму і загіблых каля Катыні


На Радаўніцу ў Курапатах сябры дэмакратычных палітычных партый і рухаў, а таксама вернікі хрысьціянскіх цэркваў і многія неабыякавыя людзі ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій. Адбылася таксама памінальная малітва за палеглых у Курапатах і загіблых кіраўнікоў Польшчы ў авіякатастрофе каля Катыні.


Літургію ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій 30-х гадоў і сучаснай трагедыі каля Катыні адправіў сьвятар грэка-каталіцкай царквы а. Пахом. Разам зь ім маліліся вернікі-ўніяты, а таксама сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Адзін з актывістаў Уладзімер Юхо паведаміў Свабодзе:

«Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правялі першую ў гэтым годзе талаку ў Курапатах. Мы аднавілі ўсе зламаныя крыжы, пасадзілі кветкі. Якраз у гэты дзень прыйшло паведамленьне пра трагедыю ў Катыні. Гэта вельмі вялікая трагедыя для польскага народу і для беларускага таксама. Мы маліліся за загіблых і гэткім чынам нашая сёлетняя талака сталася жалобнай акцыяй».

Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ усклалі кветкі і запалілі сьвечкі каля крыжа «Пакутнікам Беларусі». Але на Радаўніцу ў Курапаты ішлі многія іншыя людзі, далёкія ад палітычных колаў, але чые сем’і не мінулі сталінскія рэпрэсіі. Сярод іншых спадар Аляксандр:

«Я заўсёды пасьля наведваньня магілаў сваіх бацькоў прыходжу ў Курапаты. Бо я ведаю тую жахлівую несправядлівасьць, якая адбывалася ў мінулым стагодзьдзі. Уся наша сям’я была расьцярушаная: хто ў Расеі апынуўся, хто Канадзе, хто ў іншых месцах. І толькі нядаўна я даведаўся пра тыя прычыны, з-за якіх усё гэта здарылася.Безумоўна, што гэта быў генацыд, злачынства сталінізму пра якое нельга забываць».

Шмат кветак і зьнічоў на гэтую Радаўніцу ў Курапатах было каля крыжа «Стража польскіх магіл». Гэтак людзі ўшаноўвалі памяць ахвяраў трагедыі каля Катыні:

«Гэта народны мэмарыял, і мы абавязкова прыходзім сюды на Радаўніцу і Дзяды. Прыходзяць таксама людзі, у каго ў сем’ях ёсьць рэпрэсаваныя, Але вось прадстаўнікоў улады тут ніколі ня бачым. Зараз вялікая трагедыя ў Катыні. Палякі памятаюць і будуць памятаць Катынь, а нашыя Курапаты тут побач, амаль у Менску і ніколі няма прадстаўнікоў улады. Гэта вельмі балюча».

Цягам дня наведнікаў Курапацкіх магіл сустракалі і праводзілі некалькі міліцэйскіх патрулёў.

Ля крыжа «Пакутнікам Беларусі».
Напярэдадні ў суботу на талацэ аднавілі ўсе зламаныя і паваленыя крыжы.
Лава «Ад народу ЗША».
Крыж «Стража польскіх магіл».
Міліцэйскі патруль на ўскрайку Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG