Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Лукашэнка стварыць «антырэвалюцыйны» саюз дыктатараў у СНД?


Беларускія ўлады працягваюць разыгрываць карту «Бакіеў». У чым сэнс гэтай гульні? Ці знойдзе Лукашэнка саюзьнікаў у СНД? Як цяперашняя пазыцыя Менску паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні?


Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Портнікаў.

Анддрэй Фёдараў
Віталь Портнікаў
Валер Карбалевіч

У чым сэнс гэтай гульні з Бакіевым?


Валер Карбалевіч: «Напачатку здавалася, што актыўная абарона Лукашэнкам зрынутага прэзыдэнта Бакіева, крытыка пазыцыі Расеі ў кіргіскім пытаньні абумоўленыя страхам, каб кіргіскі сцэнар не паўтарыўся ў Беларусі. Але чым далей, тым больш пачало выяўляцца, што ў гэтай гульні ёсьць і пэўны рацыянальны разьлік. Які гэта разьлік?»

Андрэй Фёдараў: «У беларускіх уладаў было тры варыянты дзеяньняў. Па-першае, увогуле ня ўмешвацца ў кіргіскія падзеі. Па-другое, падтрымаць Расею. Па-трэцяе, той варыянт, які афіцыйны Менск рэалізаваў — то бок крытыка Масквы і падтрымка зрынутага прэзыдэнта Бакіева.

Не выключаю, што падтрымка Бакіева грунтавалася на асабістым сяброўстве Лукашэнкі і зрынутага кіргіскага прэзыдэнта. Але Лукашэнка асьцерагаецца, што кіргіскі сцэнар паўторыцца ў Беларусі. Таму Лукашэнка вырашыў, што найлепшая абарона — гэта напад».

Віталь Портнікаў: «Галоўнае, што напужала Лукашэнку, гэта рэакцыя на падзеі ў Кіргізстане з боку Расеі і ЗША.
Галоўнае, што напужала Лукашэнку, гэта рэакцыя на падзеі ў Кіргізстане з боку Расеі і ЗША.
Ён мог падумаць, што калі падобныя падзеі здарацца ў Беларусі, то Масква і Вашынгтон падтрымаюць новую ўладу. Гэта моцна адрозьніваецца ад рэакцыі Расеі на „каляровыя рэвалюцыі“ на постсавецкай прасторы.

Але хачу нагадаць, што „тульпанавая рэвалюцыя“ ў Кіргізстане пяць гадоў таму была ляяльна ўспрынятая Расеяй. Наданьне палітычнага прытулку Бакіеву — гэта ня столькі падтрымка зрынутай кіргіскай улады, колькі гульня Лукашэнкі з Масквой. Гэта імкненьне заявіць пра самастойную замежнапалітычную пазыцыю. І гэта Менск робіць ня ў першы раз».

Ці знойдзе Лукашэнка саюзьнікаў у СНД?


Карбалевіч: «Лукашэнка, беларускія дзяржаўныя мэдыі апэлююць да інтэграцыйных структураў на постсавецкай прасторы: СНД, АДКБ. Маўляў, чаму яны маўчаць, чаму не выступаюць у абарону законнай улады? Ці можа такая пазыцыя знайсьці падтрымку іншых прэзыдэнтаў краінаў СНД? Ці можа быць створаны антырэвалюцыйны і антырасейскі саюз у СНД на чале з Лукашэнкам?»

Фёдараў: «Не, гэта вельмі малаверагодна. Не выключаю, што кіраўнікі дзяржаў Цэнтральнай Азіі думаюць гэтаксама, як і Лукашэнка, але публічнай салідарнасьці ня будзе. Напрыклад, ужо пасьля кіргіскіх падзеяў прэзыдэнт Узбэкістану Карымаў наведаў Маскву.

Калі Беларусь будзе працягваць сваю цяперашнюю жорсткую лінію ў гэтым пытаньні, то могуць узьнікнуць праблемы ў дзеяньні інтэграцыйных арганізацый, напрыклад, у АДКБ. Але яны ад гэтага не разваляцца».

Портнікаў: «Такі саюз немагчымы. Бо ў Беларусі і краінаў Цэнтральнай Азіі розныя геапалітычныя інтарэсы. Акрамя таго, дачыненьні паміж краінамі гэтага рэгіёну напружаныя. Тым больш што Лукашэнка абвінаваціў у інспіраваньні падзеяў у Кіргізстане ня толькі Расею, але і Казахстан».

Карбалевіч: «Хоць геапалітычныя інтарэсы гэтых краінаў не супадаюць, але існуе страх дыктатараў перад рэвалюцыяй. І гэты страх можа стацца больш важным чыньнікам, чым геапалітычныя разьлікі».

Портнікаў: «Не, бо ў кожнага кіраўніка свой рэжым. Навошта ім аб’ядноўвацца з Лукашэнкам?»

Падзеі ў Кіргізстане і пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў


Карбалевіч: «Ці можна сказаць, што Лукашэнка атрымаў казырную карту ў гульні з Расеяй, новы рычаг ціску на Маскву? Маўляў, альбо адмена нафтавага мыта, нізкія цэны на газ, альбо мы запускаем Бакіева, распальваем грамадзянскую вайну ў Кіргізстане, і тады Расеі давядзецца плаціць больш. Бо калі Кіргізстан ператворыцца ў новы Аўганістан, то гэта вялікі галаўны боль для Масквы».
Калі сапраўды Масква змагла зрабіць рэвалюцыю ў Кіргізстане, то ў Беларусі яна наўрад ці гэта зможа зрабіць.


Фёдараў: «Нават калі ў кіраўніцтва Беларусі ёсьць намер распаліць грамадзянскую вайну ў Кіргізстане, у чым я ня ўпэўнены, то гэта ў яго не атрымаецца. Няма такіх магчымасьцяў, нават калі выкарыстаць Бакіева.

Відавочна, што гэтыя падзеі нэгатыўна паўплываюць на беларуска-расейскія адносіны. Кіраўніцтва Расеі ўжо выказала сваю незадаволенасьць пазыцыяй Беларусі. Калі сапраўды Масква змагла зрабіць рэвалюцыю ў Кіргізстане, то ў Беларусі яна наўрад ці гэта зможа зрабіць».

Портнікаў: «Выкарыстаць Бакіева ў Лукашэнкі няма магчымасьцяў. Бо пытаньне ўсталяваньня парадку ў Кіргізстане — гэта пытаньне часу. Ніякай грамадзянскай вайны там ня будзе. Бакіеў не ўплывае на сытуацыю ў сваёй краіне. Ён ня здолеў нават правесьці мітынг у сваю падтрымку ў Ошы. Адзіны ачаг падтрымкі Бакіева — гэта Джалалабад.

У Кіргізстане два моцныя кляны: паўночны і паўднёвы. Бакіеў не адносіцца да ніводнага зь іх. Дарэчы, лёгкае падзеньне Бакіева зьвязана з тым, што ён і яго сям’я — чужыя для асноўнай масы насельніцтва ў гэтым сэнсе. Яго выбралі прэзыдэнтам як кампрамісную асобу, але не разьлічвалі, што ён пачне ўзурпаваць уладу. Падаецца, што галоўная задача Лукашэнкі цяпер — гэта падтрыманьне сацыяльнай стабільнасьці ў Беларусі ва ўмовах скарачэньня расейскіх субсыдыяў, а ня спробы падкласьці іголку ў крэсла Мядзьведзева ці Пуціна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG