Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя СМІ пра “дыктатарскую салідарнасьць” і дваістую гульню Лукашэнкі


Вядучыя заходнія выданьні працягваюць камэнтаваць знаходжаньне ў Беларусі зрынутага кіргіскага прэзыдэнта Бакіева.


Як піша амэрыканскае выданьне Christian Science Monitor, прапанаваўшы прытулак Бакіеву, Лукашэнка праявіў «дыктатарскую салідарнасьць».

Паводле Christian Science Monitor, Бакіеў прыляцеў разам зь сям’ёй у Менск у якасьці асабістага госьця прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі — «чалавека, чый дзіўнаваты аўтарытарны рэжым побач з геаграфічным цэнтрам Эўропы бянтэжыць нават яго адзінага хаўрусьніка, Крэмль».

Кіраўніца часовага ўраду Кіргізстану Роза Атунбаева асудзіла рашэньне Лукашэнкі даць прытулак «гэтаму садысту» і «злачынцу», які павінен быць выдадзены яе краіне. Што да Лукашэнкі, то, паводле ягоных слоў, прылёт Бакіева — вынік праведзенай зь ягонай ініцыятывы «дзёрзкай апэрацыі» беларускіх спэцслужбаў.

Паводле нямецкіх аглядальнікаў, Лукашэнка скарыстаў магчымасьць нашкодзіць Расеі, якая кінула эксцэнтрычнага Бакіева на волю лёсу. У Беларусі набліжаюцца выбары, і Лукашэнка спрабуе набраць ачкі, дэманструючы нацыянальную самасьвядомасьць і ўпэўненасьць у сабе. Лукашэнка па-ранейшаму робіць ціск на незалежнасьць ад Расеі. Адначасна ён імкнецца ня надта збліжацца і з ЭЗ, які таксама ня надта вітае рашэньне Лукашэнкі прытуліць у сябе былога кіргіскага аўтакрата. Хаця наўрад ці Лукашэнка зможа доўга весьці дваістую гульню, піша Süddeutsche Zeitung.

Тым часам брытанская газэта The Guardian адзначае: пасьля таго як быў зрынуты Бакіеў, можна пачуць шмат спэкуляцыяў наконт «новай вялікай гульні» паміж Расеяй і ЗША. Паводле аглядальнікаў, калі прыняць падобную інтэрпрэтацыю, то былыя невялікія савецкія рэспублікі робяцца «пешкамі ў руках мацнейшых гульцоў». Разам з ЗША і Эўразьвязам Крэмль пачынае рэалізаваць свой уплыў на постсавецкай прасторы.

Адначасна трэба ўлічваць, што постсавецкія дзяржавы не канечне здатныя кантраляваць наступствы ўласных дзеяньняў. Захаду трэба зьвяртаць больш увагі на курс гэтых краінаў, раяць брытанскія аглядальнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG