Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы ўкраінскі пасол у Беларусі пойдзе ў апазыцыю


Агляд сёньняшніх выпускаў незалежных беларускіх газэт.

Выбарчая барацьба ператварылася ў барацьбу з улёткамі канкурэнтаў, калі ўлёткі ды іншую друкаваную прадукцыю зрываюць са стэндаў, зьнішчаюць тым, што наклейваюць на яе свае ўлёткі. Як у такіх умовах дапамагчы кандыдаты ў дэпутаты ў мясцовыя саветы данесьці інфармацыю пра сябе выбарцам? У праблеме спрабавала разабрацца карэспандэнт "Комсомольской правды" в Белоруссии" Ірына Козьлік. У сёньняшнім нумары газэты журналістка распавяла пра некаторыя навацыі кампаніі.

"Каб данесьці інфармацыю выбарцам Цэнтральная выбарчая камісія будзе друкаваць агульныя ўлёткі, і разьмяшчаць іх у месцах, дзе шматлюдна: у паліклініках, крамах. Гэта зьявіцца блізкім часам і яны запэўніваюць, што за той час, які застаўся да выбараў, за два тыдні, мы будзем пра ўсіх кандыдатаў ведаць. Спадар Лазавік запэўнівае, што ўсіх унясуць у гэтыя інфармацыйныя ўлёткі".

Былы амбасадар Украіны Ігар Ліхавы напярэдадні ад'езду зь Беларусі даў інтэрвію газэце "Народнай воля". Дыплямат паведаміў, што хутчэй за ўсё па вяртаньні на радзіму пойдзе ў апазыцыю. Цікавым будзе таксама выказваньне Ігара Ліхавога і адносна пэрспэктыў нафтаправоду Адэса –Броды празь які магчыма будуць перапампоўваць бліжэй на беларускай мяжы вэнэсуэльскую нафту. Яшчэ журналістка Марыя Эйсмант, якая размаўляла з амбасадарам, адзначае ролю Ігара Ліхавога ў прапагандзе беларускай культуры ва Ўкраіне.

"Ён расказваў пра сваё зьдзіўленьне, калі ён даведаўся, што ў Беларусі 7 помнікаў Тарасу Шаўчэнку, сёмы зьявіўся, калі ён быў амбасадарам, а ўва Ўкраіне – фактычна ніводнага помніка беларускім пісьменьнікам. Ён зьвярнуў на гэта ўвагу, падняў праблему перад Юшчанкам, і вось пытаньне амаль вырашана: сёлета ў Кіеве, у цэнтры гораду, будзе адкрыты помнік Уладзімеру Караткевічу".

Нагадаем, Уладзімер Караткевіч скончыў Кіеўскі ўнівэрсытэт і некаторы час працаваў настаўнікам у Кіеўскай вобласьці.

У Вярхоўным судзе Беларусі працягваецца працэс над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам, якіх вінавацяць у падрыхтоўцы тэракту. На працэсе амаль кожны дзень прысутнічае дысыдэнт савецкіх часоў Сяргей Хаджанкоў. Інтэрнэт-выданьне "Салідарнасьць" зьмясьціла інтэрвію з гэтым мужным чалавекам, які застаецца адданым ідэалам маладосьці. Распавядае рэдактар Аляксандар Старыкевіч:

"У нас на сайце зьявіўся артыкул пра былога палітзьняволенага Сяргея Хаджанкова. Ён распавёў пра рэжым утрыманьня ў мардоўскіх вязьніцах, як адміністрацыя спрабавала сварыць дысыдэнтаў з здраднікамі радзімы, і чаму два беларусы сталі самымі вядомымі на ўвесь лягер. Цікава, што Сяргея Хаджанкова судзілі ў той самай залі Вярхоўнага суду, дзе цяпер судзяць Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенку."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG