Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лодцы — да аўталаўкі і аўтобуса


Шэраг рэгіёнаў Беларусі ахоплены паводкай. Паводле Белгідрамэту, да небясьпечных адзнакаў вада паднялася ў Заходняй Дзьвіне, Прыпяці, Сажы і на іншых рэках. У Міністэрстве надзвычайных сытуацый заяўляюць пра падтапленьні многіх населеных пунктаў. Жыхары паўночных рэгіёнаў краіны чакаюць паводкі ў сярэдзіне красавіка.

Вялікай паводкі сёлета перадусім чакалі на Палесьсі — рэгіёне, для якога характэрнае веснавое разводзьдзе. Некалькі вёсак сапраўды апынуліся сярод вялікай вады, але гэта хутчэй традыцыйная зьява, чым надзвычайнае становішча, кажа краязнавец зь Пінску Аляксей Дуброўскі:

«У Пінскім раёне тры вёскі, якія ў натуральным асяродку застаюцца — на выспах такіх стаяць. Я ўчора быў у адной зь іх — Кудрычах — вады шмат, гароды затопленыя, вуліцы таксама — вада проста прэцца праз вуліцы. Але туды ходзіць аўтобус, аўталаўка, бо гравейка зь Пінску — праз дарогу вада не пераліваецца. І тады ўжо людзі з гэтых выспаў да аўталавак на лодках падплываюць і набываюць, што трэба. Таксама ў горад каму патрэбна — на лодках падплылі, пераселі ў аўтобус і паехалі. Людзі да гэтага прывыклі, і там ніякай катастрофы няма».

Сярод паводканебясьпечных рэгіёнаў поўначы Беларусі — рэкі Заходняя Дзьвіна і Дзісна з блізкімі да іх гарадамі Верхнядзьвінск і Дзісна. Аднак тут паводкі чакаюць не раней за сярэдзіну красавіка. Гаворыць жыхар Дзісны Фадзей Шумкевіч:

«У мяне дачка жыве на беразе Дзісны. А яны там такі рамонт дарагі зрабілі, і мы вельмі перажывалі, баяліся, але нічога. Аднак нашая раённая і абласная газэты пісалі, што паводка магчымая ў сярэдзіне красавіка, калі да нас пойдзе вада з Валдаю — гэта Падмаскоўе.
паводка магчымая ў сярэдзіне красавіка, калі да нас пойдзе вада з Валдаю — гэта Падмаскоўе.
Так было ў 1957 годзе — усю Дзісну тады купала, але гэта было 3 траўня».

Сёлета, у адрозьненьне ад звыклых паводак, падтапіла некаторыя населеныя пункты Менскай вобласьці: у Стаўпецкім, Слуцкім, Пухавіцкім і іншых раёнах. Паводкавую сытуацыю ў краіне тлумачыць супрацоўнік Міністэрства надзвычайных сытуацый Аляксандар Раманенка:

«Падтапленьні ёсьць, але яны кропкавыя і не катастрафічныя. Гэта ёсьць і ў Менскай, і ў Віцебскай, і ў Гомельскай абласьцях. Да прыкладу, нейкая малая рака выйшла зь берагоў і падтапіла 3-4 падворкі ці нейкую іншую тэрыторыю. Гэта, як правіла, адбываецца ў нізінных месцах. Маштабнага нічога не адбываецца, сытуацыя стабільная».

Аднак небясьпека паводкі ў Беларусі не мінула: як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацый, дадатковыя разьлівы рэк і падтапленьні паселішчаў зараз могуць здарыцца ў выніку моцных дажджоў.

Паводка ў Глыбокім

Фота Ўладзімера Скрабатуна.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG